Я – сын Ваш. Летопись белорусской шляхты.

По вопросам приобретения книги обращайтесь в магазин «Академическая книга»

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў

Вяртанне да вытокаў

Працяг.Пачатак у № 7.

«Полымя», 9/2010


Мая бабуля — Марыя Аляксандраўна Карафа-Корбут

Калі толькі на хвіліну ўяўляю, што выпала на долю маёй шматпакутнай бабулі, слёзы набягаюць на вочы, перахоплівае дыханне. Хочацца кінуцца праз гады, абараніць і сагрэць яе.

«Раскулачвалі на Усердным тыдні, у серxаду 12 лютага 1930 г. Была мяцеліца. У чацвер забралі бацьку, у пятніцу — брата Івана. Высылалі на першым тыдні Вялікага посту, у суботу 8 сакавіка. З заходам сонца пагрузілі ў таварныя вагоны і прыцемкамі павезлі. 16 сакавіка прывезлі на станцыю Мендзялеева, што ў Комі-Пярмяцкай акрузе. Тыдзень дабіраліся да сяла Вялікі Пальнік. Гэта 110 кіламетраў. Было ўсяго некалькі падвод. Таму і жанчыны з груднымі дзецьмі, і старыя ішлі пешшу. Яшчэ ляжаў снег. Было вельмі холадна» (з успамінаў Зоі Міхайлаўны Статкевіч — маёй цёткі).

...Цягнік імчаў на ўсход. У халодных вагонах — людзі, якіх савецкая ўлада назвала кулакамі, крывапіўцамі, эксплуататарамі працоўнага народа. У кутку, накрываючы сваіх малалетніх дзяцей, сядзела яшчэ маладая жанчына. Здагадвалася яна, што Міхаіла Іванавіча ўжо няма, і з трывогай думала, што чакае іх наперадзе. Не за сябе турбавалася, а за дзяцей, асабліва за Колечку, якому было ўсяго некалькі месяцаў.

Яна магла б пакінуць дзяцей дома, у сваёй вёсцы, як зрабілі некаторыя. Навошта везці ў невядомасць, магчыма, на верную смерць? Але хто будзе глядзець маленькіх? У вёсцы амаль не засталося сваякоў. Мужчын арыштавалі, і нічога пра іх не чуваць, а жанчын пагрузілі на падводы разам з дзецьмі і адправілі на бліжэйшую станцыю. Колькі плачу і крыкаў было, колькі праклёнаў! Але толькі сакавіцкае неба і чула іх. Вясковая бедната, не дачакаўшыся нават, калі кранецца абоз, кідалася ў дамы сасланых, са смехам забіраючы і выносячы ўсё, што там засталося.

Тое відовішча і цяпер стаяла перад вачыма жанчыны. Часам яно здавалася страшным сном, як і ўсё, што адбылося ў тым трагічным 1930 годзе. Яна расплюшчвала вочы, і перад ёю стаяў перапоўнены змучанымі людзьмі вагон, перапалоханыя дзеці — Шура, Віктар, Колечка.

Жанчына хрысцілася і думала: за што ёй такая навала, чым прагневала нябёсы? Нават у дзяцінстве лёс быў нялітасцівы да яе. Рана памерлі бацькі. Гаварылі, што іх забіла маланкаю, бацьку і маці адразу. Дзяўчынка засталася сіратою. Жыла ў сям’і брата, дзе да яе ставіліся добра, шкадавалі, стараліся замяніць бацькоў. Прыйшоў час — адправілі ў царкоўнапрыходскую школу, дзе яна вучылася з ахвотаю. Навука давалася ёй лёгка, але калі Саветы пачалі вайну супраць «эксплуататарскіх класаў», стала гаварыць, што яна непісьменная. Думала, гэта нейкім чынам уратуе яе, бяда абыдзе. Не дапамагло. Яе прылічылі да ізгояў, хаця зямлі ў сям’і было ўсяго некалькіх дзесяцін, бо амаль усю абрэзалі пасля рэвалюцыі. Працавалі і горбіліся на ёй, як і ўсе сяляне, але бальшавікі не забылі пра мінулае. І цягнік ужо якія суткі вязе «ворагаў народа» на ўсход. Але вось, рэзка затармазіўшы, спыніўся на станцыі Мендзялеева. І зноў крыкі, плач, падводы. Там, на Любаншчыне, калі ад’язджалі, ужо пахла вясной, а тут лютавала зіма. Комі-Пярмяцкая акруга, куды іх прывезлі, заўсёды славілася жорсткім кліматам. Асабліва яго сцюдзёнае дыханне адчувалася ў тайзе, дзе беларускім «кулакам» загадалі выгружацца. Ні жылля, ні часовых пабудоў. Суцэльны лес ды глыбокі снег. І толькі ўдалечыні віднеліся хаты вёскі Вялікі Пальнік. Нехта з жаласлівых ахоўнікаў параіў жанчыне:

— Схадзіце туды, можа, дадуць прытулак на некаторы час, у вас жа на руках немаўля.

Яна пайшла наўздагад. Заўважыла дом і пайшла да яго. Нешта падказвала: там абагрэюць. Так і здарылася. У доме жыла бяздзетная сям’я. Будыніна аказалася прасторнай, знайшлося месца і для прыезджых. А галоўнае, гаспадары не «касілі» на іх вачэй. Савецкая прапаганда не да канца адурманіла сібіракоў, ды і па характары яны былі добрыя людзі. Жонка гаспадара доўга ўгаворвала беларуску:

— Пакінь, Марыя, мне свайго блакітнавокага Колечку. Не выжыве ён у лесе.

Але Марыя глядзела на свайго спакойнага, усмешлівага сыночка і ўпарта сцвярджала:

— Выжывем, гаспадынечка, выжывем. А за прытулак дзякуй. Ваша цяпло і ваш дом век не забуду.

Марыя Аляксандраўна і яе малалетнія дзеці перажылі тую цяжкую зіму, выдзюжылі. А пасля прыйшла радасная навіна: адшукаў іх сваяк з-пад Слуцка Мікалай Лазоўскі, які дапамог грашыма на дарогу. Бабуля вырашыла выпрабаваць лёс. Аховы на пасяленні ніякай не мелася. Можа, і не заўважаць знікнення? Ды і не ў роднае Засмужжа паедуць, а ў далёкую Млынку пад Слуцк, дзе пражываюць сёстры. Хто яе там знойдзе?

І вось яны зноў у Беларусі, сярод родных. Першае пытанне: ці няма якіх-небудзь звестак пра мужа, якога забралі ў Бабруйскі выпраўдом? Родзічы толькі адводзілі вочы: казалі, што яго няма ўжо там, можа, у ссылку адправілі...

Распытванні, слёзы, трывога на душы пра дзяцей і заўтрашні дзень. Была яна недарэмнай: усё бачыла вока тых, хто шукаў «ворагаў народа», вёў знішчальную барацьбу з кулакамі і паўпамешчыкамі. Праз некалькі дзён нехта паведаміў у органы пра падазроную жанчыну з дзецьмі, якія з’явіліся ў вёсцы: «По нашим сведениям это недобитый кулацкий выводок, который бежал из спецпоселения».

І Марыю Аляксандраўну зноў адправілі этапам у Комі-Пярмяцкую акругу, але яна ненадоўга затрымалася там. Зноў вырашыла ўцячы. На гэты раз паехала не да далёкіх родзічаў, а смела — у сваё роднае Засмужжа. На дзіва, яе і дзяцей ніхто не зачапіў, не данёс туды, куды неабходна. Можа, даносы і былі, але сам НКУС перажываў не лепшыя часы.

Калі зноў пачалося паляванне на «ворагаў народа», дабраліся і да Марыі Аляксандраўны. У 1937 годзе яе арыштавалі. Віна жанчыны была ў тым, што ў яе не аказалася пашпарта, і што яна жонка «ворага народа». А пашпарта няма — пяць гадоў канцлагераў. Вось тады яна плакала і білася ў адчаі:

— Хто паглядзіць вас, мае сірацінкі? Што за ўлада такая, якая не шкадуе дзяцей?

Спецвагон зноў узяў курс на ўсход. Аднак ужо не на Урал, а бліжэй, у Ніжні Ноўгарад. Прабыла там Марыя Аляксандраўна да пачатку 1941 года. Можа, за прыкладныя паводзіны і сумленную працу ёй зменшылі тэрмін? Выдалі нават новы пашпарт, які сёння як рэліквію захоўваем у сям’і...

Я лічу, што мая бабуля здзейсніла сапраўдны подзвіг. Подзвіг мацярынства і чалавечай годнасці. Столькі пакут выпала на яе долю, а яна не скарылася, не ачарсцвела, не замкнулася ў сваім горы, а стала яшчэ высакароднай. Памятаю яе жыццярадаснай. Яна ніколі ні на што не скардзілася, заўсёды была прыветлівая. Незабыўная карціна: бабуля сядзіць на лаўцы каля свайго дома, а ўсе, хто праходзіць, спыняюцца, сядаюць побач з ёй, каб пагаварыць. Яна была абаяльным чалавекам, спагадлівым. Усім старалася дапамагчы, параіць, падказаць. А нас, асабліва ўнукаў, прымушала вучыцца:

— Толя, ведаеш, навука не торба, за плячыма насіць не трэба. Калі-небудзь нават і жартавала:

— Толя, пагуляй — яшчэ наробішся.

Дарэчы, задоўга да школы яна навучыла мяне чытаць і пісаць. Заўсёды вельмі ганарылася поспехамі сваіх ўнукаў.

Хаця Марыя Аляксандраўна і скончыла толькі царкоўнапрыходскую школу, але яна была ўдумлівым чалавекам, ведала пра ўсе падзеі, разумела, што адбываецца, добразычліва ставілася да ўсіх. Яна любіла са мною размаўляць, але да пэўнай мяжы. Час быў няпросты, яшчэ не знікла пачуццё страху пасля ўсіх выпрабаванняў, таму яна мала расказвала пра мінулае. Не хацела, баялася, што мы, дзеці, пачнём гаварыць нешта на вуліцы, абмяркоўваць. Карацей, асцярожнічала і правільна рабіла.

Студэнтам я летам працаваў у будаўнічым атрадзе. Атрымаўшы першы ў сваім жыцці заробак, захацеў зрабіць бабулі прыемнае і купіў ёй прыгожую хустку. Такія хусткі ў той час чамусьці называліся тараноўкамі. Бабуля, помню, моцна расчулілася, заплакала, сказала, што маю тараноўку будзе ўсё жыццё берагчы і каб яе ў той хустцы пахавалі. Пачуцці бабулі перадаліся і мне. Я з сумам падумаў, што, магчыма, яна атрымала першы ў сваім жыцці падарунак. У адно імгненне пранеслася перада мною ўся яе нялёгкая доля. І калі мне бывае адчайна цяжка, я ўспамінаю бабулю: яна вытрывала. Вытрываю і я!..

Мая мама — Аляксандра Міхайлаўна Статкевіч

Успамінаючы маму, заўсёды думаю, колькі выпрабаванняў выпала на яе долю. У шэсць гадоў апынулася ў ссылцы ў невядомым глухім краі, дзе ў люты мароз сярод бясконцых снягоў трэба было выжываць. Холад, голад, безнадзейнасць. Моцнаму, здароваму чалавеку не вытрымаць, але ўсё стрывала, вынесла кволая дзяўчынка.

А потым зноў паласа няўдач. Не паспелі вярнуцца ў Засмужжа з далёкай Комі-Пярмяцкай акругі, як бабулю паўторна арыштавалі. Па надуманай прычыне без віны вінаватай адмералі пяць гадоў канцлагера. Бабулю адправілі этапам на Волгу, а мая мама і двое яе брацікаў засталіся адны. У іх і даху над галавою не было. Бацькоўскі дом за час ссылкі засялілі, там гаспадарылі іншыя людзі. Давялося зноў гараваць, кожны дзень трываць прыніжэнні. Спалі ў кузні, бо там было цёпла і каваль аказаўся добрым чалавекам. А вось каб пракарміцца, прыйшлося жабраваць, самага малодшага Колечку пасылаць у другую вёску хадзіць з працягнутай рукой. Ён увесь час капрызіў, не хацеў туды ісці. Яно і зразумела: вясковыя хлапчукі абражалі, кідалі ў яго камянямі, дражнілі крывапіўцам. Але хлопчыку вешалі торбу на шыю і зноў адпраўлялі ў Абчын. Добра, што старшыня мясцовага калгаса Аляксандр Іванавіч Свінко пашкадаваў сірот: замацаваў за імі жанчыну, якая гатавала для дзяцей абеды. Учынак кіраўніка быў вельмі смелы для таго часу. Да гэтай пары мы ўдзячны старшыні за яго дабрыню.

У 1939 годзе маме было ўжо 15 гадоў, але яе не прымалі ў камсамол. На танцы таксама не пускалі, бо там танцавалі толькі камсамольцы. Дзяўчыну ўсяляк прыніжалі. Не вытрымаўшы здзекаў, мама паехала з Засмужжа да сваёй цёткі ў Млынку. Там яна прыняла рашэнне паступіць у Слуцкае педвучылішча. Паспяхова скончыла яго ў 1941 годзе. З’явілася перспектыва, адкрылася дарога ў самастойнае жыццё. Але пачалася вайна, якая стала для мамы новым цяжкім выпрабаваннем.

Хачу адзначыць, што яе браты, мае дзядзькі, зведаўшы шмат пакут, не затаілі злосці на Савецкую ўладу. Наадварот, падлеткамі пайшлі ў партызаны і мужна змагаліся з агульным ворагам. Фашысты не даравалі тым сем’ям, прадстаўнікі якіх былі ў лесе. Іх пераследавалі паліцаі. У канцы 1943 г. пасля прачэсвання тутэйшых лясоў немцы пачалі наладжваць аблавы і хапаць моладзь для работ у Германіі. У першую чаргу па даносах паліцэйскіх адпраўлялі тых, хто быў неблаганадзейны, меў сувязь з партызанамі. У лапы фашыстаў трапіла і мая мама. Успамінаючы, яна горка жартавала:

— Да гэтага пераследавалі за тое, што мы быццам супраць бальшавікоў, а пасля — за тое, што з бальшавікамі...

Маму завезлі на станцыю Урэчча, дзе беларускую моладзь рыхтавалі да адпраўкі ў Германію. У тыя дні лютаваў тыф. Захварэла на яго і мая мама, а фашысты вельмі баяліся гэтай хваробы. Дзяўчыну з высокай тэмпературай тэрмінова завезлі ў Любанскую бальніцу. Немец-урач, аглядзеўшы яе, махнуў рукой: капут, не жылец на гэтым свеце. Мама сапраўды была пры смерці.

Так здарылася, што ў бальніцу прыехала жанчына з суседняй вёскі забраць паміраючага мужа. Нямецкі ўрач, даведаўшыся пра гэта, праявіў незвычайную міласэрнасць. Ён пашкадаваў дзяўчыну, не выкінуў у барак для тыфозных, дзе ніхто не даглядаў хворых, а папрасіў гэтую жанчыну забраць маю маму з сабою і завезці дадому: можа, родныя сцены вылечаць, свежае паветра паставіць на ногі.

У дарозе таксама здарылася нешта незвычайнае, быццам анёл-ахоўнік аберагаў няшчасную. Падвода рухалася павольна, усё-такі на возе ляжала двое хворых, і яе абагнала павозка, на якой ехалі жыхары Засмужжа. Толькі яна схавалася за паваротам, як прагрымеў выбух. Аказалася, дарога была замініравана. Міна, пэўна, прызначалася фашыстам, але на яе натрапілі свае, мірныя грамадзяне. Усе яны загінулі, а вось кабыла ўцалела, ёй толькі выбіла вока. Пасля вайны яна яшчэ працавала ў мясцовым калгасе, у яе была мянушка Сляпая.

Мама часта ўспамінала той выпадак і лічыла, што Бог выратаваў яе ад немінучай смерці. Ён і тыф дапамог пераадолець. Дома яе адпаілі малаком, сагрэлі клопатам і ўвагай. Дзяўчына ачуняла, расквітнела, стала вельмі прывабная. Невыпадкова яе ў 1944 г. заўважыў былы партызанскі камандзір Васіль Чабаганаў. Ён ваяваў у пухавіцкіх лясах, а калі прыйшла Савецкая Армія, яго адправілі ў Маскву на вучобу: краіне патрэбны былі падрыхтаваныя кадры для наладжвання мірнага жыцця. Скончыўшы вучобу ў сталіцы, Васіль Аляксандравіч прыехаў у любанскі край упаўнаважаным па нарыхтоўках. А мама там жа, у Любані, працавала бухгалтарам. Адным з галоўных лозунгаў Савецкай улады ў той час быў наступны: «Сацыялізм — гэта ўлік». Маме давялося перакваліфікавацца з настаўніка ў бухгалтара. Скончыла курсы, атрымала дыплом.

На працы яе паважалі, прыводзілі ў прыклад. Яна была ў самым прамым сэнсе слова працаголікам. За ўсё сваё працоўнае жыццё так і не пабывала ў адпачынку. Працавала на базе ў райспажыўсаюзе. І ўсюды адны падзякі. Даслужылася да галоўнага бухгалтара. Не памятаю, каб яна сядзела склаўшы рукі.

Маці-гераіня, нарадзіла і выхавала пяцёра дзяцей. Мама марыла, каб кожнае дзіця атрымала вышэйшую адукацыю, і яна дамаглася свайго. Усе мы скончылі прэстыжныя вышэйшыя навучальныя ўстановы, нехта нават з адзнакай. Мама вельмі ганарылася намі, часта гаварыла суседзям: «Якія ў мяне добрыя дзеці». Вось такая яна была, такі ў яе быў характар: усё аддаць дзецям, жыць дзеля іх.

Аднавяскоўцы паважалі маму і за яе жыццёвую мудрасць. Прыходзілі радзіцца па самых розных пытаннях. Нават калі мама была на заслужаным адпачынку, да яе часта звярталіся з просьбаю пераправерыць разлік пенсій. І яна дапамагала. Добра ведала заканадаўства, заўсёды чытала газеты. У райфінаддзеле гаварылі: калі Аляксандра Міхайлаўна пералічыла каму-небудзь пенсію, то можна і не спрачацца, бессэнсоўна. Яна і мне казала: «А ты, Толя, чытаў, бачыў новыя дапаўненні да закона?» Пастаянна хвалявалася за мяне і мае справы. Клапацілася, каб я не дапусціў памылкі, заўсёды папярэджвала:

— Толя, помні, вялікая лыжка рот дзярэ.

Памерла яна на 80-м годзе жыцця. Пахавана на Паўночных могілках у Мінску. Яна сама так вырашыла, бо не хацелася ёй ляжаць у Засмужжы, дзе перажыла столькі гора і пакут.

Там, дзе мая мама знайшла апошні спачын, усталяваны помнік і адначасова мемарыял усім маім рэпрэсіраваным у 1930-я гады: родзічам: мама ў тужлівай паставе абапіраецца на старажытную амфару з дваранскімі гербамі яе бацькоў — Статкевічаў і Карафа-Корбутаў. Каля ног мамы — крыж, на якім увекавечаны прозвішчы яе блізкіх, чые магілы невядомы:
бацькі Міхаіла Іванавіча Сацкевіча-Статкевіча (расстраляны 06.03.1930 г.);
брата Івана Міхайлавіча Сацкевіча-Статкевіча (загінуў у ссылцы ў 1930 г.);
дзядзькі Васіля Пятровіча Карафа-Корбута (расстраляны 06.03.1930 г.);
дзядзькі Георгія Аляксандравіча Карафа-Корбута (26.11.1885 — 1930 г.).

Жыццё Георгія Аляксандравіча таксама склалася трагічна. Па дарозе ў ссылку на станцыі «Урэчча» Любанскага раёна, чакаючы цягнік, яму давялося спаць на сырой зямлі. Дзядзька моцна захварэў. Хворага, яго разлучылі з сям’ёй, арыштавалі і да гэтага часу лёс дзядзькі невядомы. Сям’я ж Георгія Аляксандравіча так і засталася назаўсёды ў Комі-Пярмяцкім краі. Яго старэйшыя сыны Сцяпан, Мікалай і Іван сасланы ў Сібір...

Мой дзядзька — Іван Сацкевіч-Статкевіч

Лёс майго дзядзькі Івана Сацкевіча-Статкевіча займае асаблівае месца ў памяці нашай сям’і.

Гэты быў адораны і вельмі працавіты чалавек. Пасля Слуцкай гімназіі, якую скончыў на «выдатна», у інстытут яго не прынялі, бо паходзіў з дваранскага роду. Нават дакументы адмовіліся браць, таму давялося вярнуцца ў вёску Засмужжа, дзе ён доўга не затрымаўся. Паступіў у Слуцк на фізіка-матэматычныя курсы, паспяхова скончыў іх. Здавалася, працуй, прымяняй на практыцы свае веды. Але ўжо ішоў трагічны 1930-ы год, і лёс дзядзі Вані, якому споўнілася 22, быў прадвызначаны.

Разам з Мікалаем, сынам нашага блізкага родзіча Васіля Пятровіча Карафы-Корбута, якога расстралялі з маім дзедам у Бабруйску, іх выслалі ва Уральскую вобласць на лесапавал...

Думка пра пабег, відаць, прыйшла да іх адразу. Мабыць, седзячы ў час кароткіх адпачынкаў каля імклівай і гаварлівай горнай ракі, яны не раз абмяркоўвалі дэталі рызыкоўнай справы. Радавала, што аховы амаль няма. Уцячы не будзе праблем, пакуль схопяцца, то яны апынуцца далёка.

Галоўнае — сесці незаўважанымі на цягнік і дабрацца да Любаншчыны, а там — сваякі. «Перабудзем дзень-два і — за кардон», — суцяшаў Іван. Мікалай слухаў, пагаджаўся, але і сумняваўся:

— Каб перайсці на польскі бок, патрэбна добра ведаць, дзе мяжа, пасты, калі абходы.

— Ёсць у нас на Любаншчыне маладыя родзічы, не ўсіх забралі. Думаю, ім усё вядома. Можа, яшчэ і разам з намі пойдуць.

Але Мікалай не супакойваўся, патрабаваў удакладненняў:

— Добра, нам пашанцавала, мы на тым баку. Але хто паверыць, што мы не лазутчыкі, не бальшавіцкія шпіёны?

— І тут я ўсё прадумаў, брат. Там жыве наш сваяк Іван Тычына — польскі афіцэр. Ды ты яго, напэўна, ведаеш. Я думаю, ён за нас паручыцца.

У канцы жніўня змоўшчыкі рушылі ў дарогу. Ім шанцавала: без усякіх перашкод дабраліся да родных мясцін. Спачатку спыніліся ў брата Мікалая — Віктара, які працаваў рахункаводам у калгасе «Чырвоны штурмавік», на Старобіншчыне. Віктар дапамог дакументамі, якія пацвярджалі, што хлопцы — работнікі мясцовага калгаса. Затым уцекачы накіраваліся ў Засмужжа і аблюбавалі для часовага пражывання хлеў у цёткі Зоі, а вельмі ўважлівая родзічка нават і не прыкмеціла іх прысутнасці. На старым драўляным ложку ўцекачы выразалі нажом: «Тут былі Іван Статкевіч і Мікалай Корбут». Цётка Зоя толькі пазней агледзела той надпіс.

Правадніка яны адшукалі адразу. Ім пагадзіўся быць 14-гадовы брат Мікалая Васіль, які збіраўся таксама застацца на польскім баку. Дамовіліся, што пераходзіць мяжу будуць раніцай, калі ўсе спяць, а ўвага вартаўнікоў прытупляецца.

У пачатку верасня, на зыходзе дажджлівай ночы, выправіліся ў дарогу. І зноў ім пашанцавала, усё было ціха і спакойна. Уцекачы ўжо думалі, што яны на польскім баку і, радасныя, вырашылі раскласці вогнішча, каб хоць крыху сагрэцца.

Трое маладых людзей схіліліся над агеньчыкам, калі раптам, быццам гром сярод гулкага рання, прагучала:

— Стаяць! Рукі ўверх!

Уцекачы азірнуліся: чырвонаармейцы! Хлопцы кінуліся ў розныя бакі. Загрымелі стрэлы. Мікалая паранілі ў жывот, Івана схапілі пагранічнікі. А чатырнаццацігадовы Вася знік, засталася толькі шапка. Затрыманыя пазней даведаліся, што да польскай мяжы заставалася ўсяго 100 метраў...

Як жа склаўся лёс уцекачоў? Пра малодшага Васю хадзілі чуткі, што да 1941 года ён працаваў у Гомелі на лесапільным заводзе. У час вайны прапаў без вестак. Мікалай Васільевіч Корбут не вярнуўся пасля ссылкі на радзіму. Толькі праз 25 гадоў, у канцы 1950-х, наведаў Засмужжа. Вось тады і расказаў пра той пабег і трагічны лёс Івана Міхайлавіча.

Братоў паўторна судзілі. На пытанне следчага пра мэту ўцёкаў, як стала вядома з дакументаў, дзядзька Іван шчыра адказаў: «Не мелі ў СССР чалавечых правоў». Ім далі пяць гадоў строгага рэжыму і адправілі ў горны Казахстан. Зноў глухія мясціны, лесасплаў. Іван быў пісьменным чалавекам. Яго прызначылі рахункаводам, і гэта давала надзею, што ён зможа выжыць. Але аднойчы здарыўся аўрал: не выконваўся план. Усё рабілася ў спешцы, а дзе спешка, там бяда. Адзін плыт дрэнна прымацавалі, і калі Іван з Мікалаем узышлі на яго, ён адразу перакуліўся. Абодва апынуліся ў ледзяной вадзе пакуль выбіраліся, моцна застудзіліся. Каб не акарчанець, кінуліся бегчы да самых баракаў. У абодвух пачаўся жар, доктара і лекаў не было. Мікалай выжыў, а Івана пахавалі...

У 1933 годзе Мікалай па падробленых дакументах на прозвішча ссыльнага Шабанава зноў спрабаваў уцячы ў Польшчу. На гэты раз з боку Старобіна, дзе жылі ў яго родзічы. Не ўдалося. Затрымалі ўжо не пагранічнікі, а пільныя калгаснікі, якія заўважылі незнаёмага чалавека. Зноў ссылка. На гэты раз Карэлія, дзе вялося адно з галоўных будаўніцтваў сталінскага сацыялізму — Беламорска-Балтыйскі канал.

Там, у Сягожы, ён пазнаёміўся і пасябраваў са зняволеным, які меў знакамітае прозвішча Пушкін. Калі ў 1936 годзе Мікалая вызвалілі і накіравалі на месца жыхарства ў Андзіжан, яго сябар Іван Пушкін напісаў на памяць развітальны верш, які нават змог надрукаваць на лагернай машынцы. Гэты верш Мікалаю ўдалося захаваць:

Пасля ссылкі Мікалай Васільевіч застаўся жыць у Сярэдняй Азіі. Пахаваны ў Алма-Аце. У няскоранага ўцекача ёсць сын Анатоль, які асталяваўся ў Калінінградзе, і гадзінамі можа расказваць пра свайго бацьку...

Віктар, які дапамагаў сваім братам-уцекачам, у 1944 годзе пайшоў на фронт і, як значыцца ў пахавальным лісце, «загінуў смерцю храбрых за нашу Савецкую Радзіму».

Вось так склаліся пакутныя лёсы маіх дзядзькаў, на прыкладзе якіх можна прасачыць лёс краіны ў тыя далёкія і няпростыя гады.

З сямейных гісторый

Наша Ганна выходзіць замуж

Сястра майго дзеда Міхаіла Іванавіча Сацкевіча-Статкевіча Ганна збіралася замуж, але жаніхі ёй усё не падабаліся. Сорак два разы сваталі яе, а яна ўсім адмаўляла. І нарэшце ўсё-такі спадабаўся дзяўчыне пан Забродскі, які прывабіў яе тым, што прыехаў на шыкоўнай павозцы з фурманам, у белых пальчатках. Ды і з твару ён быў прыгожы. Карацей, пагадзілася Ганна згоду на вяселле.

Гулянне было пышнае: з’ехалася каля сотні гасцей, сабралася амаль сто чалавек, сталы ад пачастункаў прагіналіся. І тут нечакана высветлілася, што маладая ажно на шэсць гадоў старэйшая за жаніха. Узняўся шум, асабліва абураліся сваякі пана Забродскага:

— Маладая ва ўзросце! Нам схлусілі! Мы супраць такога шлюбу!

Збіраліся пакінуць вяселле. Выратаваў сітуацыю адзін вельмі мудры чалавек ад нашага роду — Іван Віктаравіч Карафа-Корбут, які на вяселлі быў сватам. Ён даў каманду: усіх коней, на якіх прыехалі Забродскія, зачыніць у хляве пад ключ. Гасцям сказаў:

— Дарагія госцейкі! Паглядзіце на сталы, чаго на іх толькі няма, столькі страў і пачастункаў! Усё гэта каштуе нямала. Грошы на стол — і разыходзімся.

Госці пачасалі патыліцы:

— Добра, давайце вып’ем па адной і падумаем...

Выпілі па адной чарцы, затым па другой, развесяліліся, загаманілі і забылі пра ўзрост маладой. Адгулялі вяселле як трэба.

І самае цікавае — маладыя жылі дружна. Вытрымалі нават ссылку, але сям’я не распалася. Ганна перажыла свайго пана Забродскага на некалькі гадоў.

У Гомелі жыла яе дачка Зоя, працавала настаўніцай. Зоя Якаўлеўна, як і многія ў нашым родзе, была вельмі набожным чалавекам. Яе часта бачылі за малітваю ў адной з цэркваў Гомеля...

Марыя Вечар

А вось яшчэ адна гісторыя. Другая сястра майго дзеда Марыя сабралася выйсці замуж за беднага шляхціча па прозвішчы Вечар. Давялося аддаць, бо яна была ўжо цяжарная. Мой дзед стаў клапаціцца пра новую сям’ю. Калі жаніх бедны, няма ў яго зямлі, то трэба даць яму хутар, няхай у маладых усё ладзіцца і дабро нажываюць. Сказаў Міхаіл Іванавіч швагру: «Вось табе зямля, бяры, гаспадарнічай!» Аднак новы родзіч заўпарціўся. Маўляў, не пайду я туды, душа не ляжыць.

— Добра, — кажа дзед. — Тады я даю табе іншы хутар.

Швагер зноў заматаў галавою. Доўга яны так спрачаліся. Міхаіл Іванавіч угаворваў, а муж Марыі толькі губы надзімаў. На другі дзень — тая ж песня: зноў паспрачаюцца, затым памірацца. Урэшце мой дзед не вытрымаў і рэзка сказаў:

— Апошні раз прапаноўваю: бяры хутар!

— Не вазьму, — зноў упарціцца бедны родзіч.

— Усё! Будзеш на каленах прасіць — не дам, — адрэзаў Міхаіл Іванавіч.

Прайшоў час. Наш швагер адумаўся. Пасля некалькі разоў прасіў зямелькі, але дзед не даў. Чалавек ён быў строгі і заўсёды трымаў слова, якое ў яго ніколі не разыходзілася са справаю.

Мой сябра вяз

Адны з самых яскравых успамінаў дзіцячай пары: на тэрыторыі нашай зямлі, якая адышла ўжо да калгаса, рос велічэзны, у некалькі абхватаў вяз, пасаджаны маімі продкамі ў ХIХ ст. Дрэва стала маім любімым, пад ім я і правёў юнацкія гады. Там я марыў пра будучыню, планаваў нешта, але часцей за ўсё пад гэтым вязам мы гулялі з вясковымі хлапчукамі. На нашым вязе гняздзіліся буслы, і мы любілі назіраць, як птушаняткі мацуюць крылы, а над кронай велікана плывуць-праплываюць караваны белых аблокаў.

У 1960-я гады вяз хацелі выкарчаваць: вельмі ганарліва стаяў ён пасярод калгаснага поля і перашкаджаў сеяць кукурузу квадратна-гнездавым спосабам. Зачапілі яго двума магутнымі трактарамі, што называліся «сталінцамі», пацягнулі, але тросы лопнулі — вяз выстаяў.

І вось не так даўно прыязджаю я ў вёску, а вяза няма. Упаў ад старасці. Стала вельмі балюча на душы, бо для мяне гэта было знакавае дрэва, якое звязвала з мінулым, з любімымі мясцінамі. Я прыходзіў, ішоў да яго, слухаў перашэпт лістоты, як далёкую песню, дакранаўся да кары, згадваў мінулае. І вось вяз упаў, а з ім рухнула нешта важнае, што так вабіла мяне ў Засмужжа. З таго дня я пачаў рэдка ездзіць у родную вёску, але зялёны сябра стаяў заўсёды перад вачыма.

Прайшоў час. І я захацеў пасадзіць вяз каля свайго дома. Якраз на Любаншчыну ехаў мой сябар, і я папрасіў яго знайсці добрае дрэўца. Ён выканаў маю просьбу. Палюбаваўшыся на палескага прыгажуна, мы адразу пачалі пасадку. Я ўзяў рыдлёўку, пачаў капаць, і раптам здарылася загадкавае. У мяне ніколі раней не ішла кроў з носа, а тут проста хлынула. Думаю, гэта здарылася ад моцнага перажывання, навеянага ўспамінамі. Прыяцель спалохаўся, прыбегла ўсхваляваная жонка...

На жаль, вяз не прыняўся. Адбылася рэдкая з’ява: зайцы зімою аб’елі кару. Звычайна яны ласуюцца карой садовых дрэў, а тут чамусьці на вяз напалі. Пасля гэтага сябры ў мой юбілей на гэтым месцы пасадзілі дуб, які выкапалі ў лесе. І дуб прыжыўся!

Але пра вяз я не забыў. Мне падказалі, што ў адным зеленгасе ёсць рэдкае дрэва — вяз плакучы. Хоць і з цяжкасцю, але ўдалося яно набыць.

Цяпер ён расце недалёка ад пасаджанага раней дуба. Расце і плача. Галінкі ляжаць на зямлі і сцелюцца па ёй, як памяць пра майго расстралянага дзеда, памяць пра ўсіх родзічаў, якім шмат давялося перажыць у далёкія трыццатыя гады, як памяць пра страчанае і «знесенае ветрам» пакаленне беларускай шляхты...

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Пераклад з рускай мовы.
Працяг будзе.

Все статьи »