Я – сын Ваш. Летопись белорусской шляхты.

По вопросам приобретения книги обращайтесь в магазин «Академическая книга»

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў

Вяртанне да вытокаў

Працяг.Пачатак у № 7.

«Роднае слова», 11/2010



РУДЗІНСКІЯ ГЕРБА «ПРУС ІІІ»

Герб «Прус III» роду Рудзінскіх.

У час працы ў архівах мне не так часта сустракаліся звесткі пра вянчанне маіх родзічаў. Але вось адна з хвалюючых знаходак — метрычны запіс ад 18 сакавіка 1879 г.: мая прабабуля Марыя Неафітава Рудзінская выходзіць замуж за майго прадзеда Аляксандра Платонава Карафа-Корбута. Урачысты момант аб’яднання двух вядомых родаў адбыўся ў пагосцкай Іаана-Прадцечанскай царкве. У іх нарадзілася пяць дачок, у тым ліку і мая бабуля Марыя (у шлюбе Статкевіч), і сын Рыгор.

Жылі маладыя ў Кутневе, на Случчыне. Цікава, што Марыя Рудзінская была зацверджана ў дваранстве ўказам ад 29 ліпеня 1880 г. Такія факты ў архіўных дакументах сустракаюцца вельмі рэдка: спадчынныя дваране падавалі ў Сенат дакументы ў асноўным толькі на сыноў. Відаць, зацвярджаць дзяўчат у дваранскім саслоўі не было неабходнасці: яны звычайна, калі выходзілі замуж, змянялі прозвішча і ўваходзілі ў род мужа.

Карані Рудзінскіх — у далёкім мінулым. Згадванне пра гэты дваранскі род можна знайсці ў дакументах XVI — XVII стст., найчасцей звязаных з горадам Мазыром. Некалькі слоў пра тое, які быў горад у тыя часы.

Краязнаўца А. Крукоўскі яскрава апісаў Мазыр 1769 г. У беспарадку раскіданыя пабудовы сярод узвышшаў і раўнін. Вялікая колькасць храмаў і манастыроў, прыхаджанамі якіх былі не толькі гарадскія жыхары, але і людзі з навакольных вёсак. Гэта было кампактнае паселішча, дзе жылі 1,5 тысячы чалавек. Іх асноўным заняткам з’яўлялася рыбная лоўля, квітнеў гандаль, у тым ліку буйной рагатай жывёлай і коньмі, а таксама дзейнічалі майстэрні па абпальванні цэглы.

Трэба ўлічыць, што заканчвалася цяжкае для Мазыра стагоддзе: частыя войны, бунты, пастой войскаў і ўціск з боку феадалаў прывялі да заняпаду гаспадаркі горада. З гэтай прычыны польскі сейм вызваліў яго жыхароў ад выплаты падатку ў каралеўскую казну. Пэўныя выгоды давала гораду і магдэбургскае права.

Вось такі час і выпаў на долю рэгента гродскага і земскага, старосты маліхоўскага Казіміра-Антонія Рудзінскага, майго продка. Выпадковых людзей на такія пасады не прызначалі, а толькі вядомых, паважаных у грамадстве і з добрай рэпутацыяй.

Пра яго дзейнасць у архіўных матэрыялах ёсць пэўныя звесткі. Казімір-Антоній — староста маліхоўскі, рэгент гродскі і земскі Мазырскага павета, што пацвярджаецца крэдэнсамі (даверчымі лістамі): 30 чэрвеня 1743 г. пісара гродскага мазырскага Яна Араноўскага; 11 студзеня 1757 г. пісара земскага мазырскага Восіпа Валбека; 1 верасня 1768 г. пісара гродскага мазырскага Станіслава Яленскага.

Пячатка-кустодзія з гербам «Пагоня» Галоўнага Трыбунала ВКЛ на завяшчанні Аляксандра Рудзінскага ад 8 лістапада 1737 г.

У ліку «вяльможных паноў ураднікаў земскіх і гродскіх, рыцарства шляхты і абывацеляў Мазырскага павета», будучы рэгентам земскім і гродскім Мазырскага павета, Казімір-Антоній Рудзінскі падпісаў крэдэнс 6 лютага 1769 г. на дэпутацыю судзейства на Трыбунал ВКЛ у Вільні ў 1769 г. і на Трыбунал у Мінску ў 1770 г.; разам з сынам Віктарам 22 сакавіка 1773 г. — крэдэнс на пасольства на экстраардынарны сейм 19 красавіка 1773 г.

Свята-Міхайлаўскі сабор, былы Бернардзінскі касцёл, дзе пахаваны Казімір-Антоній Рудзінскі. Мазыр.

Казімір-Антоній валодаў маёнткамі Несцераўка Мазырскага павета і Кардзюкі Мінскага ваяводства, а сваю долю спадчыны грашовай сумы атрымаў яшчэ пры жыцці бацькі. Аб продажы маёнтка Кардзюкі Льву Змяеўскаму існуюць звесткі ў актавай кнізе Мазырскага гродскага суда: «Я, Казімір Рудзінскі, маючы ў вячыстым сваім валоданні маёнтак Кардзюкі, які знаходзіцца ў Мінскім ваяводстве, надумаўся добраахвотна прадаць гаспадзіну Льву Змяеўскаму за суму дваццаць пяць тысяч злотых, і такая сума мною сяго чысла атрымана». Дваццаць пяць тысяч злотых па тых часах — гэта было вялікае багацце.

Такім чынам, «маёнтак Кардзюкі з усёй дваровай пабудовай, лясамі, гаямі... ворнымі і пустапарожнымі палямі, азімым пасевам і водамі, рэкамі і сялянамі абодвух палоў з іх абавязкамі на вечныя і незваротныя часы» перайшлі ў валоданне Льву Змяеўскаму, які ў далейшым мог «прапісаным маёнткам па сваёй волі кіраваць, распараджацца, каму хочучы оны аддаць, падараваць, запісаць або ў залог аддаць».

Казімір-Антоній быў жанаты з Брыгідай з Яхімовічаў і меў сыноў Станіслава і Віктара. У Станіслава таксама было двое сыноў — Ігнацій і Антоній. Адносна іх Мінскі дваранскі дэпутацкі сход прыняў такое рашэнне: «Ігнація з родным братам Антоніем за радавітую і старажытную польскую шляхту прызнаць і оных у дваранскую кнігу Мінскай губерні часткі першай уключыць». Ад Антонія і прадоўжыўся наш род.

Заслугоўваюць увагі цікавыя звесткі пра жонку Казіміра-Антонія Брыгіду і яе першага мужа — мечніка падольскага Антонія Немянтоўскага. Ён яшчэ пры жыцці паклапаціўся пра будучае іх малалетняй дачкі Элеаноры. 9 верасня 1739 г. запісаў ксяндзу Ордэна Святога Васілія Тадэвушу Янкевічу выплаціць Брыгідзе як апякунцы добраахвотную асекурацыю ў 3 тысячы злотых польскіх з арандаванага ордэнам маёнтка Бокава Вялікага, што было выканана Мазырскім гродскім судом 9 жніўня 1752 г. пасля смерці Антонія Немянтоўскага.

Казімір-Антоній Рудзінскі быў набожным чалавекам, заўсёды матэрыяльна падтрымліваў храмы і манастыры. Каталік па веравызнанні, ён паважліва ставіўся і да праваслаўных, пра што сведчыць выпіс з актавай кнігі Мазырскага земскага суда ад 26 кастрычніка 1773 г. У ёй гаворыцца, што Казімір-Антоній Рудзінскі загадаў пахаваць яго ў новым склепе Бернардзінскага касцёла, на што завяшчаў 100 польскіх злотых, а паніхіду прасіў заказаць у Мазырскім фарным касцёле, у касцёлах Кімбароўскім цэстарыянскім, Яснагурскім базыліянскім, а таксама ў зіновіцкай, мялешкавіцкай, слабодскай і захажанскай цэрквах.

З тастамента вынікае, што фальварак Несцераўка з усёй рухомай і нерухомай маёмасцю Казімір-Антоній пакінуў жонцы ў пажыццёвае валоданне, а ў вотчыннае — сынам Віктару і Станіславу, «і грунт, і сенажаць Яхаўшчызну і Маліхаўшчызну ў Мазырскім павеце». Завяшчаў «старэйшай дачцэ Кацярыне, народжанай Ру-дзінскай, Пісанскай, 1 тысячу злотых польскіх і 2 тысячы злотых польскіх малодшым дочкам — Тарэзе і Людовіцы».

Бернардзінскі касцёл, дзе знайшоў апошні спачын Казімір-Антоній, на жаль, пасля паўстання ў 1831 г. быў зачынены. Сорак гадоў туды не заходзілі прыхаджане. За гэты час касцёл гарэў, праваліўся дах, будынак пачаў разбурацца. Пасля вялікіх рэстаўрацыйных работ у ім стаў дзейнічаць праваслаўны Свята-Міхайлаўскі сабор. Помнік духоўнай культуры, дарагі кожнаму прыхаджаніну і нам, нашчадкам роду Рудзінскіх, зноў паўстаў ва ўсёй велічы.

Як і іншыя шляхецкія роды, Рудзінскія мелі свой герб.

Легенда гаворыць: у далёкім 1222 г. два браты з Прусіі прынялі веру хрысціянскую, і манарх польскі ў знак удзячнасці прызначыў ім герб «Прус». Станіслаў і Веліслаў былі людзьмі набожнымі, пабудавалі касцёл Святой Магдаліны, а адзін з братоў стаў біскупам кракаўскім.

Праз некаторы час гэты герб атрымалі і нашы продкі, толькі меў ён у назве рымскую лічбу «тры». Вось як выглядае герб «Прус III». У правай частцы — каса з адтулінай, белая ў чырвоным полі, а ў левай — палова падковы. Наверсе залаты крыж, а на шлеме — нага воіна ў латах і са шпораю, у памяць пра малодшага нашчадка вядомага роду, які страціў нагу ў адным з жорсткіх баёў.

Даверчы ліст ад 30 чэрвеня 1743 г. гродскага пісара Мазырскага павета Яна Араноўскага Казіміру-Антонію Рудзінскаму на пасаду гродскага мазырскага рэгента. Пасведчанне ад 22 студзеня 1880 г., выдадзенае старастам таварыства купцоў 2-й гільдыі горада Слуцка Неафіту Сцяпанавічу Рудзінскаму. Пасведчанне ад 22 студзеня 1880 г., выдадзенае старастам таварыства купцоў 2-й гільдыі горада Слуцка Неафіту Сцяпанавічу Рудзінскаму.

Вось што сказана ў пастанове Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу пра род Рудзінскіх: «Са старажытных часоў годнасць шляхецтва, будучы абароненай усялякімі правамі таму становішчу належнымі, карысталіся прывілеямі і перавагамі, валодалі спадчыннымі маёнткамі і якая шляхецкая годнасць цяпер існуючых нашчадкаў, якія паўсталі ў абароне радавітасці, да гэтай пары доўжыцца». Запіс зроблены 29 снежня 1802 г.

Пра знатнасць Рудзінскіх сведчаць многія архіўныя дакументы. Захавалася актавая кніга Галоўнага Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага з завяшчаннем Аляксандра Рудзінскага, бацькі Казіміра-Антонія, ад 29 сакавіка 1738 г. Там сказана: «На пахаванне маё завяшчаю 300 злотых польскіх. Што датычыць маёмасці маёй, якая як ад папярэднікаў маіх мне дасталася, так і мной самім набытая, а менавіта: маёнтак мой спадчынны Юцішкі ў Браслаўскім павеце з падданымі, якія да яго належаць, і ўсім іншым разам з гэтым застаўлены Лохвы названы ў Мазырскім павеце, жытам засеяны, запісваю сыну майму міламу Міхаілу-Марціну Рудзінскаму, які павінен рэшту пасагу сваім сёстрам Сафіі Шаняўскай і Караліне Высоцкай па 2 тысячы злотых польскіх. А што датычыць майго старэйшага сына Казіміра, то хоць ён грошы свае забраў наяўнымі, аднак, каб не было ніякіх нараканняў і нязгоды паміж дзецьмі маімі, прызначаю яшчэ для яго 2 тысячы злотых польскіх».

Сын Казіміра-Антонія Станіслаў Рудзінскі завяшчаў маёнтак Юцішкі ў Браслаўскім павеце, які дастаўся ад маці, сынам Антону, прадзеду Марыі Неафітаўны, маёй прабабулі, і Якаву Рудзінскім. Фальварак Несцераўка, якім валодаў разам з братам Віктарам, Станіслаў пакінуў жонцы Анастасіі. Пра гэта мы даведаліся з запісу ад 4 сакавіка 1780 г. у актавай кнізе Браслаўскага гродскага суда.

Нам не вядома, чаму дзед Марыі Неафітаўны Сцяпан пакінуў вотчынную Несцераўку ў Мазырскім павеце. Абвянчаўшыся з дваранкай Ірынай Данілаўнай Некрашэвіч, мой няўрымслівы продак змяніў некалькі месцаў жыхарства. У 1795 г. ён жыве ў Нясвіжскім павеце, праз год — ужо ў Бабылях, з 1811 да 1816 г. разам з родзічамі — Карафа-Корбутамі, Некрашэвічамі — арандуе зямлю ў памешчыка Прушаноўскага ў засценку Віктарын Бабруйскага павета. У маі 1816 г. Сцяпан Рудзінскі зноў апынуўся ў Слуцкім павеце. Арандаваў зямлю князя Багуслава Радзівіла ажно ў трох засценках: Сорагі, Панічы, Вярхуціна. Нарэшце пераехаў у засценак Кутнева. Тут у яго нарадзіўся сын Неафіт, які ў адрозненне ад бацькі ўсё жыццё пражыў на адным месцы, побач з бойкім гандлёвым мястэчкам Пагост, што знаходзіцца за 20 кіламетраў ад Слуцка на шляху Любань — Глуск — Бабруйск. Там былі пабудаваны дзве царквы — Срэценская і Іаана-Прадцечанская, а на базарнай плошчы ў нядзелю праходзілі папулярныя ў мясцовага насельніцтва кірмашы. У Пагосце ў той час жыла вялікая яўрэйская абшчына. Пэўна, гандаль быў справай прыбытковай, таму невыпадкова і Неафіт Сцяпанавіч Рудзінскі ўваходзіў у таварыства купцоў 2-й гільдыі горада Слуцка, што пацвярджаецца пасведчаннем 1880 г. Тут, у Кутневе, ён ажаніўся з дваранкай Кацярынай Іванаўнай Ждановіч-Гурыновіч. У іх нарадзіліся сын Усцін і пяць дачок. Сярод іх і Марыя, якая з’явілася на свет божы ў 1857 г. Але, як любіў паўтараць мой бацька, жыццё пражыць — не поле абсеяць. Не ўсё было гладка і ў жыцці Неафіта Рудзінскага. Ноччу з 29 на 30 сакавіка 1869 г. у Кутневе адбыўся вялікі пажар, падчас якога ў гаспадара згарэў дом. Тады ж пажар знішчыў дамы, пабудовы і скот у дваран Вікенція і Андрэя Некрашэвічаў і аднадворца Івана Муравіцкага. Як відаць з акта паліцэйскага прыстава Слуцкага павета, прычын пажару ўстанавіць не ўдалося...

Звесткі пра Рудзінскіх у час пошукаў у архівах мне сустракаліся часта. Магчыма, апошні запіс мінулага стагоддзя — гэта пастанова ў 1909 г. Мінскага дэпутацкага сходу аб далучэнні да дваранскага роду дваюраднага брата маёй бабулі Адама Усцінава Рудзінскага. Да падзей Кастрычніцкай рэвалюцыі заставалася ўсяго восем гадоў.

І вось надышоў новы час. Адгрымела рэвалюцыя, закончылася грамадзянская вайна. Але вайна са сваім народам, з прадстаўнікамі перадавога сялянства абвастрылася і дасягнула трагічнай кульмінацыі ў 1930-я гг. Перада мною пратакол за нумарам 65, які з’явіўся пасля пасяджэння фракцыі прэзідыума Любанскага райвыканкама ад 29 лютага 1930 г. На гэтым пасяджэнні было прынята рашэнне аб канфіскацыі маёмасці ў кулакоў і высяленні іх за межы БССР як варожых элементаў, якія «ўвесь час супраціўляюцца мерапрыемствам партыі і ўрада, разбазарваючы маёмасць». І адным з першых пад каток бальшавіцкіх рэпрэсій трапіў «паўпамешчык, які да апошняга часу эксплуатуе беднату», Адам Рудзінскі з Засмужжа.

У гэтым жа пратаколе мы бачым прозвішчы Статкевічаў, Карафа-Корбутаў, Міхневічаў і іншых нашых родзічаў — «паўпамешчыкаў і кулакоў»...

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Пераклад з рускай мовы.
Аўтар ахвяруе ганарар на развіццё часопіса
Працяг будзе.

Все статьи »