Анатоль Статкевіч-Чабаганаў
Вяртанне да вытокаў
Працяг.Пачатак у № 7.
«Роднае слова», 01/2011
СЕЎРУКІ ГЕРБА «КУРЧ»
У нашым родзе ва ўсе часы знаходзіліся людзі, якія з вялікай любоўю і асаблівым хваляваннем вывучалі свае вытокі, сваё мінулае. Так, мы памятаем братоў Ілью і Паўла Карафа-Корбутаў, якія ў няпростыя часы першай паловы ХХ ст. не пабаяліся апісаць і захаваць генеалагічнае дрэва сваіх продкаў і родзічаў па некалькіх дваранскіх родах, якія жылі ў Бабруйскім павеце.
Такімі ж нераўнадушнымі да свайго мінулага былі кандыдат філасофіі са Слуцка Іосіф Ян Курчэвіч з Сотвы Сеўрук і тытулярны саветнік Васіль Міхайлаў Курчэвіч-Сеўрук, якія жылі ў ХІХ ст.
Васіль Міхайлавіч з гімназічнай пары захапіўся гісторыяй свайго роду і паходжання прозвішча. Сабранага ім матэрыялу хапіла на кнігу «Выводъ о происхождении прозвищъ: Севрукъ и Курчевичъ-Севрукъ», якая выйшла ў Мінску ў 1894 г., а ў 1897 г. — яе дапоўнены і выпраўлены варыянт. Не так даўно гэтае выданне, якое стала бібліяграфічнай рэдкасцю, мне ўдалося адшукаць у Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу.
Іосіф Ян Курчэвіч закончыў у 1813 г. Віленскі ўніверсітэт, атрымаўшы званне кандыдата філасофіі. Выкладаў у Слуцкім дваранскім вучылішчы і зрабіў асноўны ўнёсак у збор дакументаў пра дваранскае паходжанне Сеўрукаў: падрыхтаваў у 1824 г. звесткі для Мінскага дэпутацкага дваранскага сходу пра 125 прадстаўнікоў роду.
Лёсам яму было адмерана толькі 43 гады жыцця. Пахаваны ў Слуцку. На магіле ляжыць вялікі камень з надпісам на польскай мове: «Святой памяці Іосіфа Сеўрука, прафесара Слуцкай гімназіі, мужа Праўды і Дабрадзейнасці 1836 года». З горыччу піша пра гэта Васіль Міхайлавіч Курчэвіч-Сеўрук: «Помнік усталявалі вучні і таварышы з павагі да яго асобы, а Сеўрукі не здагадаліся паставіць, як ён таго заслужыў...»

Варта ўзгадаць і пра іншых прадстаўнікоў роду, якія дапамагалі Іосіфу Сеўруку ў яго высакароднай справе, і найперш пра яго вучня Мацвея Пятровіча Сеўрука, які шмат зрабіў для пошуку сямейных дакументаў.
Так здарылася, што ў час збору дадатковых сведчанняў Мацвей Сеўрук у студзені 1838 г. памёр па дарозе з Мінска ў Слуцк. На апошнім этапе ў падрыхтоўцы дакументаў роду для падачы ў Мінскі дэпутацкі дваранскі сход браў удзел Павел Іванавіч Сеўрук, па словах Васіля Курчэвіча-Сеўрука, «арандатар маёнтка Галіцы, характару цярплівага, выпрацаванага і разважлівага».
Вось што піша на генеалагічнай схеме роду Курчэвічаў з Сотвы герба «Курч», якая захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, Васіль Міхайлавіч Курчэвіч-Сеўрук, абапіраючыся на даследаванне Стрыйкоўскага: «Курч ёсць герб Курчоў князёў рускіх, узяты ад Карыята, князя Наваградскага, аднаго з сыноў Гедыміна Віценіевіча, князя Літоўскага Карыята». Карыят Гедымінавіч, у хрышчэнні названы Міхаілам, нарадзіўся ў 1301 г. Меў сына па імені Юрый-Аляксандр-Фёдар-Глеб.

Аднаго з Курчоў, які жыў на Валыні ў маёнтку Сотва і зваўся ў прастамоўі Корташам, празвалі Сеўрукам, Сеўрукам-Северуком, што звязана з Северскім княствам, магчыма, з яго сталіцай Ноўгарад-Северскім. Як адзначае Васіль Міхайлавіч Курчэвіч-Сеўрук у згаданай намі вышэй кнізе-даследаванні, прозвішчы ў Паўночна-Заходнім краі бяруць пачатак ад мясцовасці, назваў маёнткаў і гарадоў. Прозвішча Сеўрук хутчэй за ўсё таксама пайшло ад назвы мясцовасці, як Пінчук — ад Пінска, Мінчук — ад Мінска, так і «Севрукъ — отъ Северщизны».
Гэты ж аўтар прапаноўвае нашчадкам з роду Сеўрукаў прадоўжыць справу даследавання сваіх каранёў і дае параду звяртацца ў пошуках да Валынскіх і Літоўскіх хронік. Дзякуючы яго намаганням звесткі пра род Сеўрукаў значна пашырыліся. Як адзначае даследчык, «у гэтым радаводзе [Сеўрукаў] 230 душ, думаю, што палавіна з іх жывыя: старыя і маладыя, колькасць значная; але, на мой вялікі жаль, вельмі мала тых, хто шанаваў сваё дваранскае званне, служылі на дзяржаўнай рускай службе, ваеннай, грамадзянскай, усяго толькі чатырнаццаць асоб, а іншыя на іх сорам... непісьменныя, цёмныя, дзікія, не вучацца, не служаць дзяржаве ні ў якіх установах, але хаваюцца ў цёмных хлявах ад святла навукі, як краты пад зямлёю. Сакавіка 2 дня 1889 г. Тытулярны саветнік Васіль Міхайлаў Сеўрук». Вось так! З аднаго боку, гонар за свой старажытны род, з другога — жаданне прысароміць і спадзвігнуць суродзічаў-сучаснікаў да вучобы і дзяржаўнай службы.
Хацелася б пазнаёміць чытача з найбольш значнымі, на мой погляд, старонкамі ўжо згаданай кнігі Васіля Курчэвіча-Сеўрука.
Васіль Міхайлавіч лічыў, што паходзіць род «Сеўрукаў ад двух родных братоў Мікалая Сеўрука, гараднічага Луцкага павета, і Караля Сеўрука, якія карысталіся гербам „Курч“, ад якога і пайшло прозвішча Курчэвічы... Род Сеўрукаў з прыдомкам з Сотвы, які меў ва ўжытку герб „Курч“, са старажытнасці вылучаўся ў польскім краі шляхецкай годнасцю і свабодаю». Прадстаўнікі роду служылі манархам і Радзіме на ваеннай і грамадзянскай службах, валодалі маёнткамі з падданымі. Гэта вядома з рукапісу Івана Сеўрука, які быў напісаны яшчэ за сто трыццаць гадоў да кнігі Васіля Курчэвіча-Сеўрука і ўнесены ў акты Наваградскага ваяводства 9 студзеня 1785 г.
З названага рукапісу відаць, што луцкі гараднічы Мікалай Сеўрук і яго жонка Крысціна з Альшэўскіх валодалі ў Луцкім павеце маёнткам Сотва, які змяшчаў сорак дзве валокі зямлі з сялянамі. Мікалай памёр у 1449 г., а маёнтак перайшоў да яго сына Івана, які, саступіўшы гэтую нерухомасць брату Луку, паступіў на ваенную службу пад сцягі падканцлера Сапегі. Пры дзядзьку сваім Рамане Сеўруку служыў канюшым спачатку вялікага князя літоўскага, а затым караля польскага Ягайлы, валодаў маёнткамі Касынічы і Шастакі, якія завяшчаў Івану Мікалаевічу Сеўруку.
Як лічыць Васіль Курчэвіч-Сеўрук, Мікалай і Караль Курчэвічы-Сеўрукі маглі тытулавацца князямі і па спадчынным тытуле ад князёў Курчэвічаў, але для гэтага патрэбна было яшчэ мець і пэўнае багацце, а іх сорак дзве валокі не адпавядалі гэтаму патрабаванню. Таму браты лічыліся не дужа заможнымі, а «княжацкі тытул бедным ёсць насмешка: голы князь, таму яны маглі перастаць тытулавацца князямі, як Сеўрукі... перасталі пісацца Курчэвічамі».
Такім чынам, мае продкі з роду Курчэвічаў з Сотвы лічаць сябе нашчадкамі Курча, які жыў на Валыні ў маёнтку Сотва, а прыдомак Сеўрук звязаны з назвай Северскага княства.
Меркаванне маіх родзічаў, якія жылі ў ХІХ ст. і лічылі, што Курчэвічы з Сотвы Сеўрукі — гэта нашчадкі княжацкага роду Курцэвічаў, не пацверджана дакументамі і патрабуе дадатковага абгрунтавання.
А вось што гаворыцца ў пастанове ад 7 лютага 1824 г. Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу пра паходжанне роду Курчэвічаў з Сотвы Сеўрукаў герба «Курч». Матэрыялы да сходу былі падрыхтаваны Іосіфам Янам Курчэвічам-Сеўрукам, кандыдатам філасофіі.

«...Прадстаўлены вывад прозвішча народжаных Сеўрукаў прыдомка з Сотвы Курчэвічаў... намі, дэпутатамі, у васьмі пакаленнях, а імёнах 125 за выключэннем пяці падпісаны, пры разглядзе якога высветлілася, што прозвішча Курчэвічаў з Сотвы Сеўрукаў карысталася гербам „Курч“: у чырвоным полі быццам літара „Т“ вялікая ўверх нагамі звернутая, канец яе зверху раздвойваецца, пад раздваеннем белы крыж, з левага боку таксама пад крыжам паўмесяц канцамі да літары павернуты, з правага боку насупраць паўмесяца шасцівугольная зорка, у шлеме тры страусавыя пёры, з даўніх часоў перавагаю шляхецкага паходжання ў Каралеўстве Польскім былі абаронены...»
Пачынаецца генеалогія прозвішча Сеўрукаў, як ужо адзначалася, ад двух родных братоў — Мікалая, гараднічага Луцкага павета, і Караля, якія жылі ў ХV ст. і валодалі спадчыннымі маёнткамі Касынічы і Шастакі. Продкі Сеўрукаў часта пераязджалі з аднаго месца ў іншае, таму нашчадкам складана было знайсці звесткі пра першыя пакаленні. Тым не менш пэўная інфармацыя ёсць: «...рукапісны дакумент да гэтага часу захаваў прыдомак Сотва і ўласны герб, гэта прыводзіць да высновы, што прозвішча народжаных Курчэвічаў з Сотвы Сеўрукаў, якія цяпер доказ свайго знатнага паходжання прадставілі, ад аднаго з двух вышэйзгаданых братоў прамой лініяй ідзе... узяўшы за родапачынальніка роду Лявона-Густафія Змітровіча Курчэвіча з Сотвы Сеўрука ў першым пакаленні...»
Як сведчыць запіс ад 3 студзеня 1811 г. у актавай кнізе Слуцкага земскага суда, у час барацьбы з татарамі згаданы Лявон-Густафій Змітровіч быў разораны, а таму атрымаў 20 кастрычніка 1587 г. ад князя Юрыя Юр’евіча Алелькі прывілей на зямлю ў маёнтку Кутнева з будынкамі і трыма падданымі:
«Юры Алелька, князь кіеўскі, беларускі, слуцкі, капыльскі, чарнігаўскі, граф... азнамяноўваем гэтым лістом нашым цяпер і на пасля будучым людзям, каму пра тое ведаць патрэбна, што зямянін гаспадарчы Луцкага павета Лявон Сеўрук Змітровіч, які немалы час у войску польскім служыў і ад гэтага ж войска меў... добрыя доказы сваім адважным учынкам, цяпер для службы пад харугву ў нашае Слуцкае княства прыбыў, якому па прашэнні і просьбе як пацярпеламу ў баі і разаронаму агнём і мячом іншаземнага непрыяцеля ўсю яго маёмасць і маёмасць яго бацькоў, даю і дарую яму і маёнтку яго трох падданах цяглых і валок 6 зямлі з пабудовамі, названымі Кутнеў у Наваградскім ваяводстве Слуцкім княстве... ва ўсім зацвярджаю, што названы Лявон Сеўрук спакойна той зямлёй можа валодаць сам, а нашчадкі яго аж да апошняга калена мужчынскага полу...»
Такім чынам наша галіна Курчэвічаў-Сеўрукаў уладкавалася пад Слуцкам у ХVІ ст., атрымаўшы ад князя Юрыя Алелькі маёнткі Кутнева і Чыжэвічы. Як бачым з пастановы Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу, родапачынальнікам стаў Лявон-Густафій Змітровіч Курчэвіч Сеўрук з Сотвы, што жыў у Луцкім павеце, таварыш і харунжы войска Каралеўства Польскага. Яго сын Якуб, уладальнік маёнтка Касынічы, стаў родапачынальнікам роду Сеўрукаў герба «Слепаворан».
Сын Лявона-Густафія Іван з’яўляецца прадаўжальнікам роду Курчэвічаў-Сеўрукаў герба «Курч». Дачка яго прапраўнука Аляксандра Іванавіча Сеўрука, які ў 1760 г. у споведнай ведамасці пагосцкай царквы лічыўся прыха-джанінам, Марыя Сеўрук выйшла замуж за двараніна Данііла Пількевіча з засценка Сыцянец, даўшы пачатак яшчэ адной галіне ў магутным дрэве роду Сеўрукаў.

Пляменнік Лявона-Густафія Аляксандр, паручнік яго каралеўскай міласці, вылучыўся ў Турэцкай, Маскоўскай і Шведскай ваенных кампаніях. Атрымаў 8 сакавіка 1617 г. у Вільні ад вялікага гетмана войскаў Рэчы Паспалітай галоўнакамандуючага Яна Караля Хадкевіча патэнт на чын ротмістра і ў якасці ўзнагароды за асаблівую мужнасць — месца вышэйшай ступені ў палку караля Уладзіслава. Пасля адной з бітваў у маёнтку Праходы Аляксандра Курчэвіча-Сеўрука здарылася няшчасце. Яго жонка, Яўжэба Іванаўна Пласкавіцкая, даведалася ад вайскоўцаў, якія прыбылі ў абозе з-пад Смаленска, што Аляксандр быў узяты ў маскоўскі палон і там нібыта забіты, пасля чаго «з гора захварэла і памерла», пакінуўшы двух сыноў. Аднак на самай справе Аляксандр застаўся жывы і вярнуўся дадому пазней з іншым абозам. Праз некаторы час ён ажаніўся другі раз з Ганнай Керсноўскай. У іх нарадзіліся сыны Іван і Марцін.
Страціўшы здароўе ў бітвах, Аляксандр Курчэвіч-Сеўрук не змог працягваць ваенную службу, ён вярнуўся з-пад Нарвы, пакінуўшы ў лагеры караля Уладзіслава сваіх сыноў.
Захаваўся дакумент, у якім гаворыцца, што Аляксандр жыў у спадчынным маёнтку Сеўрукоўшчына, што каля Капыля, на мяжы з Цімкавічамі. Пасля ваенных паходаў ён вырашыў заняцца мірнай працай: насыпаў грэблю і пабудаваў млын, але так атрымалася, што гэта прывяло да частых затапленняў суседскіх цімкавіцкіх сенажацей. Гаспадар Цімкавіцкага княства пан Беркаш разам з натоўпам людзей тройчы нападалі на млын, патрабуючы разбурыць грэблю, але Аляксандр Сеўрук не выканаў іх патрабаванняў. Цікава, што млын выстаяў і пасля чацвёртага нападу. Неяк на «зялёныя святкі» (Тройцу) пан Беркаш і Аляксандр Сеўрук сутыкнуліся ў капыльскім касцёле на святочным набажэнстве. Пасля службы, выйшаўшы з храма, Беркаш, абураны незгаворлівасцю Сеўрука, выклікаў яго на дуэль, якой мой продак не хацеў, але быў вымушаны прыняць выклік.
У час паядынку ён знёс Беркашу галаву, затым, ускочыўшы на каня, паскакаў у свой фальварак. Закончылася трагічная гісторыя тым, што Аляксандр Сеўрук павінен быў выплаціць вялікую суму грошай сям’і загінулага ў гэтай недарэчнай дуэлі.
Пазней жонка памерлага Беркаша атрымала дакумент на пана Сеўрука, па якім той згадзіўся плаціць пагалоўшчыну. Аднак выплаціць адразу ўсю суму грошай не змог, таму заклаў свой фальварак Сеўрукоўшчыну ў 100 копах, а сынам прадаставіў права на 3 валокі зямлі ад таго фальварка.
16 снежня 1625 г. пакінуў тастамент, дзе ўсю набытую рухомую і нерухомую маёмасць раздзяліў паміж сынамі як ад першай, так і ад другой жонкі. Памёр Аляксандр у 1626 г. у маёнтку Праходы.
Сын Аляксандра Іван валодаў па завяшчанні бацькі гэтым маёнткам. За заслугі на вайсковай службе 10 верасня 1626 г. ад вялікага гетмана Сапегі ён атрымаў патэнт на чын ротмістра. Быў жанаты з Элізабэтай Узлоўскай. Адзін з сыноў Івана — Адам — стаў родапачынальнікам дзвюх галін Сеўрукаў герба «Гейштар». Другі сын — Рафал — прадоўжыў род Курчэвічаў-Сеўрукаў. У сваю чаргу сын Рафала Іван прадаў у 1682 г. вотчынны маёнтак Праходы свайму дваюраднаму брату, каралеўскаму харунжаму Пятру Адамавічу Сеўруку.
На працягу многіх стагоддзяў прадстаўнікі гэтага роду вывучалі і захоўвалі свае карані, бо, як піша беларуская паэтэса Таіса Янучок, «сэнс жыцця, як крок за крокам, — у вяртанні да вытокаў».
Я часта ўзгадваю пра Васіля Міхайлавіча Курчэвіча-Сеўрука, які, зрабіўшы значную працу па даследаванні свайго радаводу, не быў упэўнены, што нехта з нашчадкаў прадоўжыць яго справу па ўшанаванні сваіх каранёў: «Я сколько могъ, то и открылъ потемки для потомковъ, хотя быть можетъ ни одинъ не помянетъ и добрымъ словомъ за трудъ». За больш чым 20 гадоў даследчай працы мне ўдалося адшукаць звесткі пра 657 прадстаўнікоў роду Сеўрукаў (14 кален), якія жылі з ХV ст. на Валыні і з ХVI ст. — на землях вакол Случчыны і Нясвіжчыны ажно да ХХ ст. Такім чынам, мара майго родзіча пра вывучэнне нашчадкамі свайго радаводу збылася. Хочацца верыць, што і ў наступных пакаленнях знойдуцца прадстаўнікі роду, шчырыя энтузіясты, якія прадоўжаць гэтую важную справу.
Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
Пераклад з рускай мовы.
Аўтар ахвяруе ганарар на развіццё часопіса
Працяг будзе.