Анатоль Статкевіч-Чабаганаў
Вяртанне да вытокаў
Працяг.Пачатак у № 7.
«Роднае слова», 02/2011
ЖДАНОВІЧЫ-ГУРЫНОВІЧЫ ГЕРБА «ЛЮБІЧ»

Ёсць у нашым родзе яшчэ адна цікавая галіна — Ждановічы-Гурыновічы герба «Любіч». Па жаночай лініі яна бярэ пачатак ад роду Корсакаў, які быў вядомы ў Вялікім Княстве Літоўскім і ўжо ў той час лічыўся найстаражытнейшым. Недарэмна пра Корсакаў можна знайсці звесткі і ў старых летапісах, і ў сучасных энцыклапедыях. Да гэтага роду адносяцца таксама галіны Рымскіх-Корсакавых і Дандуковых-Корсакавых.
У Корсакаў было два гербы — «Котвіч» і «Корсак».
Назва герба «Корсак» паходзіць ад назвы вострава Корсіка, адкуль наш далёкі продак прыехаў у Вялікае Княства Літоўскае ў ХV ст. і ажаніўся з сястрою вялікага князя літоўскага Свідрыгайлы. Праславіўся як удзельнік некалькіх войнаў і атрымаў ва ўзнагароду шэраг маёнткаў, што сталі называцца Корсакамі-Пачапоўскімі, Корсакамі-Глубокскімі і г. д. З тых часоў на шчыце герба і ў чырвоным полі — выява двух якараў, звязаных разам, адзін накіраваны ўверх, другі — уніз.
Перш чым весці аповед пра тое, як парадніліся Ждановічы-Гурыновічы з Корсакамі, удакладню: мая прапрабабуля Кацярына Іванаўна з роду Ждановічаў-Гурыновічаў абвянчалася з Неафітам Рудзінскім, жылі маладыя ў засценку Кутнева Слуцкага павета. Таму мне і захацелася даведацца больш пра карані роду Ждановічаў-Гурыновічаў, што аказалася справай няпростай. Прыйшлося звярнуцца да архіваў не толькі Мінска, але і Вільнюса, Масквы; вывучыць шматлікія мікрафотакопіі. І вось у маіх руках цікавыя дакументы, галоўны з іх — пацвярджальны прывілей Івану і Сямёну Ждановічам-Глускім, праўнукам Якава Корсака, караля Жыгімонта Аўгуста ад 16 лютага 1567 г. на дарэнне князем Глебам Сямёнавічам Гальшанскім Якаву Афанасьевічу Корсаку сяла ў маёнтку Глуск: «...Жыгімонт Аўгуст з божай міласці кароль польскі, вялікі князь літоўскі, рускі, прускі, жамойцкі, мазавецкі, інфлянцкі, шведскі і гоцкі, вандальскі, вотчынны кароль ды вялікі князь фінляндскі гэтым лістом нашым паведамляем: Дакладзена нам, што князем Глебам Сямёнавічам Гальшанскім падорана роднаму прадзеду Сямёна і Івана Здановічаў Гурыновічаў Глускіх Якаву Аўтаназьевічу Корсаку сяло Міняковічы ў маёнтку сваім Глуску, а ў Міцовічах у сяле Дзераўцах шэсць дваровых людзей, а ў Галічах дзве службы людзей Раздзерайковічаў і Міняйковічаў роўна дзве пустапарожнія зямлі, а ў Навасёлках Тытоўскую і Валаксоўскую і да таго ж зямлю Валашоўскую з усімі прыналежнасцямі ў такім выглядзе, як яны ў сабе са старажытнасці заключаліся і дарчая гэтая здзейснена яму самому, жонцы, дзецям і нашчадкам на вечныя часы даў.

Гэты маёнтак з сялянамі пасля смерці Якава Аўтаназьевіча Корсака дастаўся праўнукам у спадчыну без усякай з боку чыёй-небудзь перашкоды, аб усім тым прад’явілі нам дарчы запіс князя Глеба Сямёнавіча Альшанскага і прасілі права служачыя на вышэйазначаную зямлю, грунты і сялян князем Глебам Сямёнавічам Альшанскім продку іх Івану Здановічу Гурыновічу дадзеныя зацвердзіць нашым дзяржаўным прывілеем. Таму мы названы дарчы запіс князя Глеба Сямёнавіча Гальшанскага разгле¬дзеўшы, загадалі запісаць яго... ад слова да слова...: «Я божай міласцю князь Глеб Сямёнавіч Альшанскі жалаваў пана нашага Івана Здановіча Гурыновіча ў маёнтку нашым Глускім, які нам ад брата нашага застаўся сялом Міняковічы і да таго дадаю 5 чалавек сялян, г. зн. Тыховіч, Арыкуніч, Мыцар, Мажэйка, Мышчыца і батрака Су¬пронца з жонкаю і людзей дадзеных: Мелька, Воца, Ноя, а ў Мяжовічах у сяле Дзераўцах Амбросія і Гуліка Якоўчыцаў, а Грыца і Мешка, Кузьму Брухінічаў, а ў Галічах Раздзерайковічаў Амняйковічаў, а дзве зямлі пустыя ў Навасёлках Тытоўскую, а Васілеўскую з дзецьмі і з землямі тых людзей... 5 паўменкаў з Тытанаўшчызнаю і з усімі прыбыткамі і да таго ж зямлю Валасёўскую надворную ворную... далі пану Сямёну і Івану Здановічам Гурыновічам Глускім вечна і непарушна ім, жонам іх і дзецям і нашчадкам іх, з таго маёнтка і яго дзяцей пан Здановіч Гурыновіч Глускі будзе служыць нам да нашай смерці, а пасля нашай смерці, пан Здановіч Гурыновіч і яго дзеці і нашчадкі з таго маёнтка вольныя будуць каму захочуць служыць, пры тым былі баяры нашы: Яшка Груша, Матвей Саймантовіч, Іван Аміліста, Андрэй Зянкевіч. Каб гэтае права было законным, то мы такое зацвярджаем прывілеем нашым з прыкладаннем пячаткі нашай і пячатак зямян пану Здановічу Гурыновічу далі. Пісан у Глуску ў лета шостае тысяча дзевяцьсот год месяца кастрычніка осьмага дня індыкта дзясятага». І тады ж князь Глеб Сямёнавіч Гальшанскі тых людзей і землі вышэйзгаданыя таму продку іх прадзеду роднаму Сямёна і Івана Здановічаў навечна даў, прызнаўшы яго і нашчадкаў яго вольнымі каму захочуць служыць, а пасля смерці яго, нікому іншаму, толькі ім як уласным нашчадкам, праўнукам яго родным, бо яны ад даўніх іх продкаў сваіх у спакойным валоданні былі і знаходзяцца цяпер і мы з ласкі нашай гаспадарскай тую чалабітную пра дарэнне князя Глеба Сямёнавіча Гальшанскага сім лістом нашым зацвердзілі Сямёну і Івану Здановічам Гурыновічам, жонкам, дзецям і нашчадкам і спадчыннікам іх тых людзей і землі вышэйзгаданыя ад князя Глеба Сямёнавіча Гальшанскага таму дзеду іх дадзеныя, якімі яны ад продкаў сваіх валодалі ў адпаведнасці з дарчай князя Глеба Сямёнавіча Гальшанскага на вечныя часы вольнымі зацвярджаем, а таму нам, гаспадару, і нашчадкам нашым Вялікага Княства Літоўскага абавязаны служыць службу земскую вайсковую, як і другія зямяне, шляхта, абывацелі, панства нашага Вялікага Княства Літоўскага службу земскую вайсковую служыць, і на тое далі нам наш ліст, да якога пячатку нашу прывесілі. Пісаны ў княжанне лета божага нараджэння тысяча пяцьсот шэсцьдзясят сёмага месяца лютага шаснаццатага дня«.

Гэтая дарчая князя Гальшанскага Якаву Корсаку адносіцца прыкладна да 1460 г.
Безумоўна, і прывілей караля, і дарэнне князя не былі выпадковымі актамі. Перш за ўсё, бая¬рын Якаў (Юшка) Корсак вылучаўся вернай службай на карысць Айчыны. І, мяркуючы па дакументах, на працягу многіх гадоў.
Пасля ўсе «маёнткі з сялянамі Якава Корсака дасталіся праўнукам у спадчыну без усякай з чыйго-небудзь боку перашкоды» — «Сямёну і Івану Здановічам-Гурыновічам Глускім вечна і непарушна». Пра тое, што Іван і Сямён — прамыя спадчыннікі слаўнага баярына Корсака, ёсць звесткі ў архіўных фондах Мінскага дваранскага сходу, Мінскай духоўнай кансісторыі, калекцыі мікрафотакопій дакументаў № 18, Літоўскай метрыцы за 1567 г.
Звернемся да яшчэ адных дакументаў. Завяшчанні, або тастаменты, хоць і сумныя па сваёй сутнасці, аднак яскрава сведчаць не толькі пра значнасць і заможнасць роду Ждановічаў-Гурыновічаў, але і пра іх дабрыню і сардэчнасць... Генерал Наваградскага ваяводства Фёдар Ждановіч-Гурыновіч пісаў 5 студзеня 1660 г., што маёнтак свой Замошша з падданымі завяшчае сынам Івану і Сямёну, а таксама 8320 злотых, а дачцэ Ганараце, у замужжы Васілеўскай, 6000 злотых. Наш Сямён Ждановіч-Гурыновіч, якому пасля смерці брата дастаўся ўвесь маёнтак Замошша, складаю¬чы тастамент 8 снежня 1716 г., усе землі і маёмасць раздзяліў у роўных частках як сынам, так і пляменнікам, «каб жылі мірна і адзін другога не крыўдзілі». А сваім дочкам і дочкам брата Івана ён завяшчаў па 560 злотых, якія спадчыннікі павінны былі выплаціць з агульнай сумы маёнтка. Гэта пацвярджаецца выпісам з кнігі Пінскага земскага суда ад 17 сакавіка 1820 г. выпісу Галоўнага Літоўскага Трыбунала ад 12 студзеня 1660 г.

Сярод тых, каму Сямён Ждановіч-Гурыновіч завяшчаў у роўных частках свой маёнтак, быў і яго сын Іосіф. Ён з’яўляецца маім прамым прод¬кам. За ім ідзе Лявон Іосіфаў — дзед маёй прабабулі Кацярыны Іванаўны. Вось так вымалёўваецца радаводнае дрэва Ждановічаў-Гурыновічаў герба «Любіч».
Дарэчы, гэты герб належаў не толькі Ждановічам-Гурыновічам, але і нашым родам Некрашэвічаў і Ушынскіх. Існуюць дзве версіі яго паходжання, аднак іх аб’ядноўвае сцверджанне пра тое, што атрыманы герб «Любіч» за по¬дзвігі ў бітве з прускімі войскамі ў 1190 г. на рацэ Любіч. Высокую ўзнагароду атрымаў рыцар па імені Пабажанін. На гербе — сярэбраная падкова з двума крыжамі, адзін з якіх размешчаны на падкове, а другі — пасярэдзіне.
Ждановічы-Гурыновічы прызнаны ў дваран¬стве 28 лістапада 1802 г. пастановай Валын¬скага дваранскага дэпутацкага сходу і 23 верасня 1870 г. пастановай Мінскага дваран¬скага дэпутацкага сходу, зацверджаны ўказам Сената № 1013 ад 10 красавіка 1879 г. і занесены ў шостую частку радаводнай кнігі дваран Мінскай губерні. Нашчадкі па праве ганарацца гэтым.
Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
Пераклад з рускай мовы.
Аўтар ахвяруе ганарар на развіццё часопіса
Працяг будзе.