Анатоль Статкевіч-Чабаганаў
Вяртанне да вытокаў
«Роднае слова», 12/2011
ЖАЎРЫДЫ ГЕРБА «РАДВАН»

Звесткі пра старажытны беларускі род Жаўрыдаў герба «Радван» сустракаюцца з пачатку ХIХ ст. Родапачынальнікам лічыцца польскі шляхціч Мікалай Жаўрыд з Жабрыдава, які меў чын палкоўніка войск Вялікага Княства Літоўскага і па прывілеі польскага караля Жыгімонта ад 20 верасня 1514 г. «за аказаныя Айчыне і прастолу паслугі атрымаў староства Аршанскае, якое знаходзіцца ў Віцебскім ваяводстве».
Генеалагічная схема радаводнага дрэва дваранскага роду Жаўрыдаў налічвае 65 прадстаўнікоў у 11 пакаленнях. У пастанове Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу ад 17 мая 1832 г. пра дваранскае паходжанне роду Жаўрыдаў герба «Радван» сказана: «...прадстаўлена просьба двараніна Слуцкага павета Дамініка сына Яна Жаўрыда, які жыве ў засценку Клешаве на зямлі князя Радзівіла, з тлумачэннем, што прозвішча Жаўрыдаў, якому належаў герб Радван (харугва жоўтая касцельная з трыма палямі, з якіх на кожным унізе паркоўкі, на версе яе крыж, у шлеме тры страусавыя пёры) у Княстве Літоўскім з даўніх часоў абаранялася годнасцямі дваранскаму званню ўласцівымі, валодала маёнткамі і за выдатныя паслугі дзяржаве ўзнагароджана было чынамі». У час войнаў Жаўрыды страцілі свае дзедзічныя маёнткі і дакументы на іх, якія вельмі цяжка было аднавіць. Таму сцвярджаць сваё паходжанне маглі толькі на аснове згаданага прывілея 1514 г.
У Мікалая Жаўрыда нарадзіўся сын Павел, у будучым — віцебскі баярын, а ў Паўла — сын Пратазій. Пра гэта сведчыць дарчы ліст ад 4 красавіка 1530 г., выдадзены князем Алелькавічам на засценак пры рацэ Ужы. Ліст гэты быў актыкаваны ў 1649 г. унукам Паўла, Грыгорыем Жаўрыдам, у Навагрудскім павятовым судзе, а затым яго братам Базыліем у Слуцкім замку. Дзякуючы гэтым дакументам вядома, што ў Пратазія было тры сыны — Грыгорый, Базылій і Стэфан.
У пятым калене роду Грыгорый Жаўрыд меў двух сыноў: Базылія і Захарыяша, а Стэфан Жаўрыд — Адама і Яцака. Пра гэта сведчыць прадажнае права ад 27 ліпеня 1649 г., прызнанае 12 жніўня гэтага ж года ў Слуцкім замку, ад Адама Стэфанавіча Жаўрыда роднаму брату Яцаку Жаўрыду на засценак Прарокаўшчызну. У гэтым жа дакуменце згаданы Захарыяш і Павел Жаўрыды, дваюрадныя браты Адама Жаўрыда.
Вядома, што Базылій Грыгоревіч не меў нашчадкаў, а ў Захарыяша нарадзіліся сыны Мікалай, які стаў каралеўскім возным, і Дзімітр. Жонка Дзімітра, зямянка Слуцкага княства Рэгіна Корзун, разам з сынам Паўлам купіла ў Філона Тэадоравіча і Кацярыны Жаўрыдаў зямлю каля Грозава. Рэгіна пакінула тастамент ад 26 чэрвеня 1722 г., у якім падзяліла маёмасць паміж дзецьмі і завяшчала сыну Паўлу пахаваць яе пры Грозаўскай Мікалаеўскай царкве.
У Адама Стэфанавіча былі сыны Тэадор і Ян. Па інвентары маёнтка Грозава ад 10 жніўня 1717 г., Ян жыў у вёсцы Ужа. А пра майго продка Тэадора Жаўрыда вядома, што яго жонка паходзіла з роду Сеўрукаў. 25 сакавіка 1691 г. Тэадор атрымаў квітацыйны дакумент на пасагавую суму ад Сеўрука Стэфанавіча, у якім яго родны брат Ян і дваюрадны Мікалай падпісаліся сведкамі. У Тэадора быў сын Філон, зямянін Слуцкага княства, і дачка Ганна. Ганна, хутчэй за ўсё, да шлюбу жыла ў ваколіцы Ужа, была прыхаджанкай Грозаўскага касцёла. Яна выйшла замуж за майго продка, сына Аляксандра Крыштафавіча Сыцько, двараніна Андрэя Сыцько. Ганна пакінула тастамент ад 2 снежня 1727 г., у якім завяшчала сынам Якаву і Грыгорыю маёнтак Востраў Барок. Як бачым, жонка Філона і муж Ганны паходзілі з аднаго і таго ж роду Сыцько.
У далейшым шматлікія прадстаўнікі роду Жаўрыдаў аж да пачатку ХХ ст. жылі каля Слуцка, Навагруд-ка, Капыля. Сустракаюцца Жаўрыды і на Любаншчыне: паводле сямейнай легенды, іх продак у сярэдзіне ХІХ ст. пераехаў з Гродзеншчыны (сёння мы можам удакладніць, што з-пад Навагрудка). На Любаншчыне ён купіў зямлю і заснаваў хутар Жаўрыды, захаваліся звесткі, што ён кіраваў будаўніцтвам храмаў.
Пераклад з рускай мовы.
Аўтар ахвяруе ганарар на развіццё часопіса
Працяг будзе.