Анатоль Статкевіч-Чабаганаў
Вяртанне да вытокаў
«Роднае слова», 03/2012
УШЫНСКІЯ ГЕРБА «ЛЮБІЧ»
Мая пра...прабабуля Людовіка Ушынская жыла да шлюбу ў засценку Сакаляцічы, дзе яе бацька Іван і дзядзька Францішак пасля 1776 г. арандавалі зямлю ў памешчыка Міладоўскага. Пасля таго як выйшла замуж за Марціна-Антона Забэлу, яна пераехала ў яго маёнтак Душава Крывое Сяло. Марцін і Людовіка былі прыхаджанамі Капыльскага касцёла, дзе 15 сакавіка 1797 г. ахрысцілі першынца, сына Андрэя.
Бацька Людовікі, Іван Паўлавіч Ушынскі, згадваецца ў пасведчанні мінскага павятовага прадвадзіцеля дваранства ад 4 студзеня 1833 г., выдадзенага шляхцічам Ушынскім аб прадстаўленні ім дакументаў, якія пацвярджаюць дваранскае паходжанне сям’і.
У Людовікі былі дзядзькі — Францішак (Феліцыян), Юрый і Павел Ушынскія. Адзін з іх, Францішак, 22 красавіка 1776 г. атрымаў выпіс з земскіх кніг Ашмянскага павета аб здзелцы, па якой ён за атрыманую закладную суму ў 5000 злотых адмовіўся на карысць свайго брата Юрыя ад спадчыннага па іх бацьку Паўлу Ушынскаму маёнтка ў вёсках Ушы Малой і ў Бярнатах Сярэдніх з сялянамі ў Падляскім павеце, які знаходзіўся на Мельніцкай зямлі. Вядома, што жонку Францішка звалі Лізавета.
У справе Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу і ў першапачатковай пастанове Беластоцкага дваранскага дэпутацкага сходу ад 25 лютага 1817 г. захаваліся дакументы пра брата Людовікі Вікенція, а таксама пра яе дваюрадных братоў: Антонія-Міхаіла, Казіміра і Францішка Феліцыянавічаў і Феліцыяна Паўлавіча.
Як сведчыць выпіс з метрычнай кнігі Краслаўскага касцёла ад 1 сакавіка 1817 г. пра хрышчэнне старэйшага сына Францішка (Феліцыяна) і Элізабеты Ушынскіх ксяндзом Паўлам Гінзою, Антон (Антоній-Міхаіл) Ушынскі нарадзіўся 20 верасня 1778 г. Хрышчонымі бацькамі яго сталі Лаўрэнцій Карпікоўскі і Марыяна Сакалоўская.
У пасведчанні мінскага павятовага прадвадзіцеля дваранства шляхцічу Антону Ушынскаму гаворыцца: «...Антону, Казіміру і Францішку, Феліцыяна сынам, так і дваюрадным братам яго... Феліцыяну, Паўла сыну, і Вікенцію, Івана сыну, Ушынскім, які жыў па арэндным праве ад княжны Стэфаніі Радзівілаўны ў аколіцы Паржэжыне, аб тым, што ён прад’явіў гэтага чысла на дваранскае паходжанне доказы, прадставіў пра сямейства сваё ведамасць. Студзеня 4 дня 1833 года». Сярод подпісаў пад гэтым дакументам ёсць і подпіс Іасіфата Іваноўскага, які той паставіў за мінскага павятовага прадвадзіцеля дваранства.
Квітанцыя рэвізскай камісіі Мінскай губерні Барысаўскага павета сведчыць аб прыняцці ад Антона Францавіча Ушынскага рэвізскіх сказак аднадворцаў засценка Старое Запонне ад 17 красавіка 1834 г. Як вынікае з гэтай квітанцыі, Антон Ушынскі лічыўся аднадворцам, бо ў той час род Ушынскіх яшчэ не быў зацверджаны ў дваранстве.
Праз шмат гадоў сын Антона, пляменнік Людовікі Іванаўны Ушынскай (Забэлы), Франц Антонавіч Ушынскі, збірае дакументы, каб зацвердзіцца ў дваранскім паходжанні. «Па ўказе Яго Імператарскай Вялікасці дадзена пасведчанне з Мінскай казённай палаты за сапраўдным подпісам і прыкладзенай казённай пячаткай аб паходжанні з дваран Франца Антонава Ушынскага як следства пададзенага ім у гэтую палату прашэння пра тое, што па рэвізскіх сказках 1795 г. паказаны ў ліку чыншавай шляхты, якая жыла ў Слуцкім павеце на зямлі памешчыка Міладоўскага ў вёсцы Сакалятычы, а менавіта Антон-Міхаіл сын Франца Ушынскі 17 гадоў, і за 1816 год таго ж павета па спісе дваранскім у ліку шляхты, якая жыла па арэндным праве ў засценку Чарнагубаў памешчыка князя Вітгенштэйна: Антон-Міхаіл сын Франца Ушынскі 38 гадоў. Лістапада 20 дня 1871 года».
У гэтай справе ўдзельнічаў і родзіч Франца, памешчык з фальварка Юзэфава Лепельскага павета Віцебскай губерні, Іосіф-Эдуард Ігнацьевіч Ушынскі, які 30 верасня 1863 г. звярнуўся ў Мінскі дваранскі дэпутацкі сход з наступным: «Род Ушынскіх, а ў ліку яго і я, прасіцель, пастановамі Беластоцкага дваранскага дэпутацкага сходу, першапачатковым у 1817 лютага 28 і дадатковым 1835 гадоў верасня 10 чысла праведзеным, прызнаны ў дваранскай годнасці з унясеннем у шостую частку радаводнай кнігі дваран Беластоцкай вобласці; гэтыя пастановы з дакументамі, якія ўвайшлі ў законную сілу, былі прадстаўлены ў Герольдыю, з якой у Беластоцкі дваранскі дэпутацкі сход паследаваў ад 29 сакавіка 1840 года за № 1001 указ аб незацвярджэнні з-за недастатковасці доказаў. Затым прадстаўлены дадатковыя доказы, якія разам са справаю, з нагоды скасавання Беластоцкай вобласці, перададзены ў Гродзенскі дваранскі дэпутацкі сход. Цяпер я, прасіцель, па аддаленасці месцажыхарства сам асабіста хадайнічаць не магу, ды і пры гэтым, жадаючы далучыць родзічаў маіх, якія па няведанні пра род свой запісаліся ў аднадворцы па Барысаўскім павеце. <...> Для таго з прадстаўленнем неабходнай колькасці гербавай паперы Усепаддана прашу, каб загадана было выпатрабаваць з Гродзенскага дваранскага дэпутацкага сходу справу аб дваранстве роду майго, далучыць да роду родзічаў маіх Антона-Міхаіла Францава з сынамі Ільёю і Францам-Эдуардам да прадзеда майго Паўла Валянцінавіча Ушынскага і справу прадставіць Урадаваму Сенату ў Дэпартамент Герольдыі. 30 верасня 1863 г.».
Пераклад з рускай мовы.
Аўтар ахвяруе ганарар на развіццё часопіса
Працяг будзе.