Я – сын Ваш. Летопись белорусской шляхты.

По вопросам приобретения книги обращайтесь в магазин «Академическая книга»

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў

Вяртанне да вытокаў

«Роднае слова», 05/2012



«ЖЫЦЦЁ ПРАЖЫЦЬ — НЕ ПОЛЕ АБСЕЯЦЬ...»


Традыцыйна ў святочныя майскія дні мы аддаём даніну памяці тым, хто на фронце і ў тыле, не шкадуючы сіл, набліжаў вялікі дзень Перамогі. У гэтым годзе спаўняецца сто гадоў з дня нараджэння майго бацькі Васіля Аляксандравіча Чабаганава, партызана 2 й Мінскай брыгады. Як і яго баявыя сябры, ён з годнасцю выканаў свой абавязак перад Айчынай.

Я часта задумваюся над супадзеннямі: што гэта, выпадковасць ці знак лёсу?..

У Пухавічах Мінскай вобласці сустрэў першы дзень вайны дзядзька майго бацькі Аляксандр Фёдаравіч Казанкін, будучы генерал і праслаўлены дэсантнік. І менавіта ў пухавіцкіх лясах у партызанах ваяваў мой бацька — Васіль Чабаганаў. Ульянаўская дывізія, дзе ён камандаваў узводам разведкі, была акружана. Камандаванне дывізіі загінула. Быў атрыманы загад Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага арганізоўваць партызанскі рух. І давялося Васілю Аляксандравічу застацца ў тыле ворага, дзе ён удзельнічаў у стварэнні партызанскага атрада, які ўвайшоў потым у 2-ю Мінскую партызан¬скую брыгаду.

Яшчэ жывыя тыя, хто памятае адвагу і мужнасць Васіля Чабаганава. Я прысутнічаў на сустрэчы партызан яго брыгады. І ўсе, хто падыходзіў да былога камандзіра роты, начальніка асобага аддзела, пыталіся:

— А чаму вам не прысвоена званне Героя Савецкага Саюза? Усе чулі, што за падрыў эшалона з варожай сілай і тэхнікай перад строем была абяцана высокая ўзнагарода.

Камандаванне сапраўды падрыхтавала ўсе дакументы, але самалёт з партызанскага атра¬да не даляцеў да Масквы. Бацька неяк сказаў сваёй маці, што будзе звяртацца ў Маскву з нагоды абяцанай высокай узнагароды, але глыбока набожная Еўдакія Фёдараўна строга адказала:

— Нядобра патрабаваць узнагароду, бо людзі загінулі!

І бацька не стаў гараваць, лічыў, не ва ўзнагародах шчасце, а ў тым, што застаўся жывы, што выгадаваў сыноў, дачакаўся ўнукаў і праўнукаў.

— На ўсё воля Божая, — гаварыў ён.

Абразок Маці Божай Казанскай, які дала яму маці, праводзячы на фронт, Васіль Аляксандравіч пранёс праз усе баі-пажарышчы, ён перакананы, што гэта захавала яго жыццё.

Сярод прадстаўнікоў родаў Казанкіных і Чабаганавых, шчырых вернікаў і актыўных прыхаджан Троіцкага сабора ў горадзе Буінску, былі прадзед майго бацькі, Данііл Чабаганаў, які абіраўся ад мяшчанскага саслоўя дэпутатам гарадской думы, і дзед бацькі Мітрафан Даніілавіч. Вера дапамагала і давала ім сілы ў цяжкія хвіліны. Пра адзін з такіх выпадкаў напісала ўльянаўская «Молодежная газета» 14 верасня 2007 г. у хроніцы губернскіх падзей XIX ст. 11 верасня 1876 г. на кірмашовай плошчы павятовага Буінска Сімбірскай губерні на мешчаніна Мітрафана Чабаганава напаў узброены чатырохствольным пісталетам п’яны мешчанін Фёдар Маскоўскі і выстраліў у яго два разы. Мітрафан не разгубіўся і даў адпор рабаўніку. Ён не толькі раззброіў нападніка, але затрымаў яго і даставіў у паліцэйскі ўчастак.

Маці Васіля Аляксандравіча, Еўдакія Фёдараўна Казанкіна, мая бабуля, нарадзілася ў мяшчанскай заможнай сям’і, дзе шчыра і з павагаю ставіліся да праваслаўнай культуры. Кожны вечар і на святы ўся сям’я збіралася разам, каб памаліцца перад абразамі, якіх у доме Еўдакіі Фёдараўны было ажно дваццаць чатыры. Часта спявалі царкоўныя песні. Мая прабабуля, Марыя Аляксееўна Лапшына, клапацілася, каб дачка атрымала добрую адукацыю (Еўдакія скончыла гімназію) і была выхавана ў пашане да Бога.

Узгадвае дачка генерала Казанкіна, Галіна Аляксандраўна: «Бацька тады вучыўся ў акадэміі. Бабуля Марыя Аляксееўна на пачатку 1930 х жыла ў нас у Маскве, глядзела малалетніх унучак, мяне і Нэлу. Яна ні дня не магла пражыць без малітвы, і Аляксандр Фёдаравіч уладкаваў ёй у патаемным месцы, за дзвярыма, невялікі іканастас. А гэта была вялікая рызыка ў той час».

Яшчэ адна гісторыя ў нашай сям’і перадаецца з пакалення ў пакаленне як сведчанне вялікай Божай міласці і выпрабавання веры маёй бабулі Еўдакіі Казанкінай. Каб нарадзіць здаровае дзіцятка, на якое ёй з мужам, Аляксандрам Мітрафанавічам Чабаганавым, першыя гады не шчасціла, яна, прайшоўшы каля 150 кіламетраў, здзейсніла паломніцтва ў вядомы ў той час манастыр, што знаходзіўся ў паселішчы Прамзіна Сімбірскай губерні. Пасля наведвання манастыра, пакаяння і шчырай малітвы ў сям’і, дзе да гэтага часу памерла некалькі немаўлят, нарадзіўся здаровы сын. Гэта быў мой бацька. А пасля ў яго з’явілася яшчэ пяць братоў.

Васіль рос, сталеў, набіраўся жыццёвага вопыту. І, як усе з роду Чабаганавых і Казанкіных, рана пачаў працаваць. А як інакш? Ён старэйшы, дзяцей шмат, іх трэба карміць. Вось і ступіў за брамку роднай хаты, выбраўшы сямейную прафесію краўца. Праўда, да службы ў войску папрацаваў яшчэ ў Маскве на будоўлі метрапалітэна.

Вайсковую службу праходзіў на Далёкім Усходзе. Быў артылерыстам, атрымаў званне старшыны. А яшчэ зарабіў шмат грошай. Хто ў аддаленых гарнізонах мог пашыць парадную форму афіцэру, сукенку яго жонцы? І такім майстрам аказаўся Васіль Чабаганаў. Усё ўмелі яго рукі, таму заказчыкаў было шмат. Вядома, за работу добра плацілі. Пасля службы бацька вярнуўся дахаты з вялікай сумай грошай. Нават асцерагаўся, каб не ўкралі па дарозе, таму паклаў іх у чамадан з падвойным дном. Але дабраўся добра. І, як аказалася, у час, калі родным надзвычай неабходная была дапамога.

Той год на Паволжы быў неўрадлівы, усё спаліла засуха, ды і сталінская калектывізацыя памножыла бяду. Бацькі вымушаны былі нават прадаць новы касцюм Васіля, каб купіць хлеба. Даведаўшыся, што сын можа дапамагчы сям’і, маці загадала купіць збожжа. І яго купілі некалькі падвод, бо сям’я вялікая — дзевяць дзетак, але ўсе ўратаваліся ад галоднай смерці.

Перад вайной Васіль Аляксандравіч працаваў у райвыканкаме, узначальваў таварыства «Чырвоны Крыж», а таксама кінафікацыю раёна. Арганізоўваў цікавыя мерапрыемствы, пра якія пісалі ў мясцовай газеце.

Але пачалася Вялікая Айчынная. Чабаганаў трапіў у 12-ю Ульянаўскую дывізію. Камандзір узвода разведкі думаў, што вораг будзе хутка разбіты, а ён вернецца дадому з перамогай. Аднак прайшлі першыя жорсткія баі на тэрыторыі Беларусі — і ад дывізіі амаль нічога не засталося. Горш за тое, тыя, хто выжыў, трапілі ў акружэнне — да сваіх не дабрацца, фронт далёка.

— Што вы тады адчувалі? — спытаў я неяк у бацькі.

— Спачатку была роспач, а потым прыйшло рашэнне: ворага трэба біць тут, у яго тыле. І мы білі. Грамілі гарнізоны, пускалі пад адхон цягнікі, вялі рэйкавую вайну. Урон фашыстам нанеслі вялікі.

З баявых узнагарод бацька меў ордэн Чырвонай Зоркі, медалі «За Адвагу», «За Перамогу над Германіяй». І галоўную партызанскую ўзнагароду — медаль «Партызану Айчыннай вайны» І ступені. А яна ў той час давалася не кожнаму, а выключна арганізатарам партызанскага руху. І яшчэ адна ўзнагарода — гэта памяць. Добрая памяць пра Васіля Чабаганава ў тых мясцінах, дзе ён ваяваў, дзе паручыўся за маладога партызана і выратаваў яго ад расстрэлу, дзе з рызыкай для свайго жыцця збярог зрок дзяўчынцы.

Пра апошнюю гісторыю хачу расказаць асобна. Адзначаўся саракагадовы юбілей вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Васіля Аляксандравіча запрасілі на сустрэчу ветэранаў у Пухавічы, дзе ў навакольных лясах базіравалася падчас вайны 2-я Мінская брыгада. Але больш за ўсё былому партызану захацелася адшукаць Тамару Гайдучонак. Незвычайнае здарэнне ваеннага часу, можна сказаць, парадніла іх... Вядома, што ў партызанскіх атрадах былі і дзеці, а дзе дзеці, там і гульні. Больш за ўсё гулялі ў вайну. Ну, а «стралялі» адно ў аднаго з лукаў. Аднойчы страла трапіла дзяўчынцы Тамары ў вока. Патрэбна была тэрміновая аперацыя, якую маглі зрабіць толькі ў Асіповічах у нямецкім шпіталі. Камандзір брыгады пастроіў партызан і спытаў, хто сам па добрай волі рашыцца на вельмі небяспечнае заданне. Павісла напружаная цішыня. І тут камандзір роты Васіль Чабаганаў зрабіў крок наперад: ён сябраваў з загінулым бацькам дзяўчынкі і каму, як не яму, ратаваць дзіця.

Запрэглі каня. Бацька пераапрануўся ў вясковае адзенне, узяў з сабой сала і некалькі бутэлек самагонкі. Але адно пытанне не давала спакою: пры верагоднай сустрэчы з паліцэйскімі яго адразу мог выдаць рускі акцэнт, тады бяды не абмінуць. На гэты выпадак ён узяў дзве гранаты — адну схаваў у конскім хамуце, другую — пад рэмень. На воз села жанчына з параненай дачкой, і яны рушылі ў дарогу.

Паездка, на здзіўленне, аказалася ўдалай. Нямецкія салдаты, убачыўшы дзяўчынку ў скрываўленай павязцы, адразу прапусцілі іх. Не было лішніх пытанняў і ў шпіталі. Усё вырашылі сала і самагонка. Пакуль Тамары рабілі аперацыю, удалося выканаць і другое заданне — атрымаць ад партызана-падпольшчыка важныя звесткі.

3 ліпеня 1984 г. мы з сынам Сяргеем, бацькам і братам Віктарам едзем на сустрэчу з ветэранамі. І бацька просіць: «Давай усё ж па дарозе заедзем на станцыю Талька, там да вайны жыла сям’я той дзяўчынкі, раптам хто-небудзь штосьці чуў пра яе лёс». Першы ж жыхар той вёскі паказаў хату, дзе жыла Тамара. Аказваецца, многія ў вёсцы дагэтуль памятаюць тую дзіўную гісторыю. Хоць і прайшло сорак гадоў і ўжо сама Тамара мела сталых дзяцей, яна адразу пазнала «свайго дзядзьку Васю» і са слязьмі падзякі на вачах кінулася яму на шыю...

Так, «дзядзька Вася» пакінуў добры след у тых мясцінах, дзе ваяваў, дзе прайшла яго баявая маладосць.

Вылучыўся ён і ў мірны час. Пасля таго як партызанскія атрады аб’ядналіся з Чырвонай Арміяй у 1944 г., кіраўніцтва рэспублікі прыняло тэрміновае рашэнне: ва ўсе раёны прызначыць упаўнаважаных па нарыхтоўках, па пытаннях аднаўлення разбуранай гаспадаркі. І для гэтага адабралі больш за сто партызанскіх камандзіраў. Вядома, самых надзейных, самых актыўных. У іх лік трапіў і Васіль Чабаганаў.

Былых камандзіраў накіравалі ў Маскву на вучобу. І, вядома, бацька, апынуўшыся ў сталіцы, адразу зайшоў да свайго дзядзькі Шуры: ад пачатку вайны не бачыліся. Генерал Казанкін аказаўся дома. Ён рыхтаваўся да новага прызначэння. Сустрэча родзічаў была вельмі радаснай. Цікава, што ў хуткім часе генерал з пляменнікам сустрэліся зноў пры не зусім звычайных абставінах, калі Васіль Чабаганаў, вярнуўшыся ў Беларусь, працаваў у Любанскім раёне.

Святочная раніца 7 лістапада 1944 г. У дзверы хаты, дзе жыў упаўнаважаны, патрабавальна пагрукалі. На ганку стаяла некалькі рослых вайскоўцаў.

— Загадана даставіць вас у Слуцк.

А для чаго і хто даў загад — не кажуць. І толькі па прыездзе ўсё стала зразумела. На святочнай трыбуне бацька ўбачыў генерала Казанкіна. Даведаўшыся пра гэтую незвычайную сустрэчу, з’явіліся рэпарцёры, рабілі здымкі, бралі інтэрв’ю...

У Любанскім раёне адбылася яшчэ адна сустрэча Васіля Чабаганава. У яго аддзел прыйшла працаваць маладая і прыгожая дзяўчына. Энергічная і адукаваная, яна адразу спадабалася Васілю Аляксандравічу. Гэта была мая мама. Але праз некаторы час бацька павінен быў ехаць на курсы ў Маскву і па новае прызначэнне. Ён стаў галоўным інжынерам, а потым дырэктарам буйнога швейнага прадпрыемства ў Языкава пад Ульянаўскам.

Яго працоўная дзейнасць працягвалася да 85 гадоў. Падчас перабудовы жыў у Краснадарскім краі, затым на Стаўрапольшчыне, дзе арганізаваў кааператыў і, як у юнацтве, зарабіў грошай.

Васіль Аляксандравіч Чабаганаў заўсёды заставаўся маладым душой. І нават калі ветэрану было ўжо больш за 90, ён хадзіў у лазню, не адмаўляўся ад глытка добрага вінаграднага віна, любіў спяваць даўнейшыя рамансы, якіх помніў мноства.

Дарэчы, усе браты бацькі — франтавікі. Міхаіл вылучыўся падчас баёў у гарах Каўказа; Канстанцін — пры абароне Ленінграда, вызваляў Варшаву, за штурм Берліна атрымаў падзяку ад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага і медаль «За Адвагу»; Іван быў цяжка паранены, двойчы адзначаўся медалямі «За Адвагу», узнагароджаны ганаровым салдацкім ордэнам Славы.

Самы малодшы, Мікола, вучыўся ў Казанскім ваенным вучылішчы. У студзені 1943-га, калі пад Сталінградам ішлі цяжкія баі, курсантаў тэрмінова адправілі на фронт. Там, пад Сталінградам, амаль усе яны загінулі, загінуў і наш Мікалай у няпоўныя 19 гадоў. На абеліску брацкай магілы 20 прозвішчаў. «Мікалай Чабаганаў» — васямнаццаты...

Пераклад з рускай мовы.
Аўтар ахвяруе ганарар на развіццё часопіса
Працяг будзе.

Все статьи »