Анатоль Статкевіч-Чабаганаў
Вяртанне да вытокаў
«Роднае слова», 04/2012
ГЕНЕРАЛ-ДЭСАНТНІК З РОДУ КАЗАНКІНЫХ
ЧАЛАВЕЧЫ ЛЁС ВАСІЛЯ ЧАБАГАНАВА
Знакаміты прадстаўнік роду Казанкіных — Аляксандр Фёдаравіч — родны брат маёй бабулі Еўдакіі Фёдараўны Казанкінай па лініі бацькі.

Нет, жизнь меня не обделила,
Добром своим не обошла.
Всего с лихвой дано мне было
В дорогу — света и тепла.
Чтоб жил и был всегда с народом,
Чтоб ведал всё, что стало с ним,
Не обошла тридцатым годом,
И сорок первым. И иным...
Так напісаў пра сябе паэт Аляксандр Твардоўскі. Так мог сказаць пра сябе і Аляксандр Фёдаравіч Казанкін. Жыццё сапраўды дало яму ўсяго спаўна. Але ён быў заўсёды з народам і служыў яму па ўставе байца: «Тогда. И впредь. И до конца». Генерал да апошняй хвіліны быў у страі. Родны дзядзька майго бацькі Васіля Аляксандравіча Чабаганава быў праслаўленым дэсантнікам і вядомым военачальнікам. Яму прысвечаны экспазіцыі ў музеях Разані, Крычава, шэраг кніг і кінафільмаў. Імя Аляксандра Казанкіна носіць вуліца ў Буінску, горадзе, які раней адносіўся да Сімбірскай губерні, сёння гэта — Рэспубліка Татарстан.
Дарэчы, прадстаўнікі роду Казанкіных са старажытных часоў жылі ў Буінску, які заснавала Кацярына Другая. У дакументах архіва Буінскай гарадской думы за 1837 г. знайшліся звесткі, што прадзед генерала, Емяльян Казанкін, быў у спісах 45 мяшчан, якія мелі права выбіраць і быць абранымі на грамадскія пасады. Такое права, якое давалася не кожнаму, Казанкіны заслужылі сваімі справамі. Многія прадстаўнікі роду працавалі краўцамі. А прафесія гэтая лічылася ў тыя часы прэстыжнай і давала добры прыбытак. Да маіх родзічаў з павагай ставіліся ўсе жыхары горада.
У 1900 г. у сям’і Казанкіных нарадзіўся сын Аляксандр. У дакументах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Татарстан захоўваецца метрычная кніга Троіцкага сабора горада Буінска, дзе нованароджаны хлопчык памылкова названы Аляксандрай: «...нарадзілася 9 красавіка, ахрышчана 10-га...» Бацькі — буінскі мешчанін Фёдар Мікалаевіч Казанкін і яго жонка Марыя Аляксееўна (Лапшына).
Незвычайна склаўся лёс Аляксандра Казанкіна. Вучыўся ў царкоўнапрыходскай школе, рана страціў бацьку, пасля чаго 13-гадоваму хлопчыку давялося самому зарабляць на хлеб. Разам з Аляксандрам Мітрафанавічам Чабаганавым, мужам старэйшай сястры Еўдакіі Фёдараўны, ён працаваў краўцом. Як узгадваў пасля, швейную машынку прыходзілася насіць на шыі.
Калі пачалася рэвалюцыя, якая пасля перарасла ў грамадзянскую вайну, ён, як і многія іншыя, быў уцягнуты ў братазабойчы вір. 25 студзеня 1919 г. яго як былога белагвардзейца арыштаваў Буінскі Надзвычайны камітэт (ЧК), аднак яму пашанцавала: за недастатковасцю доказаў абвінавачванні былі зняты.
Летам 1919 г. Аляксандр Казанкін быў прызваны ў рабоча-сялянскую Чырвоную Армію. У складзе Туркестанскіх стралковых палкоў ваяваў з басмачамі ва Усходняй Бухары. Пасля дэмабілізацыі стаў працаваць у Буінскім райвыканкаме, але, адчуўшы сваё прызванне, былы чырвонаармеец паступіў на пяхотныя курсы ў Ленінградзе. Гэты крок стаў для Казанкіна лёсавызначальным. Праз некаторы час, у 1931 г., здольнага афіцэра накіравалі на вучобу ў Акадэмію імя Фрунзэ.

Казанкіну давялося служыць у многіх кутках вялікай краіны, ад Далёкага Усходу да Беларусі.
З 1936 г. з сяла Бароўскае, пад Смаленскам, пачынаецца паветрана-дэсантная эпапея Казанкіна. Пасля былі Мазыр, Пухавічы. Пра пачатак гэтай службы звестак мала, але мне ўдалося знайсці ў кнізе «Чацвёрты паветрана-дэсантны» былых дэсантнікаў І. Громава і В. Пігунова некалькі цікавых апісанняў. Напрыклад, як выглядаў тады Аляксандр Фёдаравіч. Адзін з удзельнікаў нарады ў камбрыга Ф. Кармалюка прыгадвае, як адбывалася знаёмства з выпускніком акадэміі капітанам Казанкіным і як уважліва прысутныя разглядвалі хударлявага, невысокага росту афіцэра, углядваліся ў яго звычайны васпаваты твар.
Або вось такі факт. Усяго за пяць гадоў Казанкін прайшоў шлях ад капітана да палкоўніка, начальніка штаба корпуса. Акрамя гэтага, ён стаў майстрам спорту, за яго плячыма было больш за 200 скачкоў з парашутам. Як узгадвае дэсантнік Іван Громаў, камандзір меў дабрадушную звычку называць маладых салдат сынкамі. Бывала, у час вучэнняў ён падыходзіў да дэсантнікаў і пытаўся:
— Ну што, сынкі, страшна?
Аляксандру Фёдаравічу тады было ўжо пад сорак. І салдаты прызнаваліся: страшнавата. А «баця» суцяшаў іх:
— Ды я і сам пабойваюся...
А вучэнні ішлі па напружаным графіку. Таму што ўжо палала Другая сусветная вайна, і нямецка-фашысцкія войскі, захапіўшы амаль усю Еўропу, сканцэнтраваліся каля мяжы Савецкага Саюза. У адпаведнасці з загадам Наркама абароны ў Заходняй асобай ваеннай акрузе вясной 1941 г. у тэрміновым парадку разгортваліся паветрана-дэсантныя карпусы. У Мар’інай Горцы, на базе 214-й паветрана-дэсантнай брыгады, камандзірам якой быў Аляксандр Казанкін, сфарміраваўся 4-ы паветрана-дэсантны корпус у складзе брыгад, спецыяльных часцей і падраздзяленняў. На чыгуначную станцыю Пухавічы, за кіламетр ад ваеннага гарадка, адзін за адным прыбывалі эшалоны. Тут разгружаліся дывізіі і палкі з Кастрамы, Цюмені і іншых гарадоў. Укамплектоўваўся корпус з самых падрыхтаваных чырвонаармейцаў і камандзіраў усіх родаў войскаў. Патрабаванні да здароўя парашутыстаў прад’яўляліся самыя высокія, прыкладна такія ж, як і да лётнага складу авіяцыі. Корпус налічваў больш за 10 тысяч чалавек.
Увесь цяжар фарміравання корпуса лёг на плечы начальніка штаба Аляксандра Казанкіна, які выконваў абавязкі камандзіра корпуса, палкоўніка Аляксея Левашова і палкавога камісара Васіля Аленіна. З пастаўленай задачай яны справіліся да 15 мая 1941 г.
Камандзірам 4-га паветрана-дэсантнага корпуса быў прызначаны генерал-маёр Аляксей Сямёнавіч Жадаў, але да пачатку вайны прыняць камандаванне корпусам ён не паспеў.
22 чэрвеня 1941 года. Нядзеля, 4 гадзіны 30 хвілін раніцы. У казармах корпуса дзяжурныя пракрычалі:
— Пад’ём! Баявая трывога! Баявая трывога!
Паступіла незвычайная каманда: апранаць новае абмундзіраванне. А тым часам у памяшканні штаба корпуса сабраліся амаль усе камандзіры і палітработнікі.

— Сядайце! — сказаў Казанкін, а сам працягваў стаяць. Яго твар не выяўляў і ценю трывогі. — Таварышы, — пачаў ён, — корпусу аб’яўлена баявая трывога ў сувязі з пачаткам вайсковых дзеянняў. Гэта вайна, таварышы, з усімі яе наступствамі. Загадваю: прывесці падраздзяленні і часці ў стан баявой гатоўнасці. Даатрымаць усё на складах. Пакінуць неадкладна вайсковы гарадок і заняць раён стрэльбішча. Усё, таварышы, прыступіць да выканання!
Аляксандр Фёдаравіч мужна сустрэў вестку пра пачатак вайны. І з першай хвіліны зрабіў усё, каб прывесці корпус у баявую гатоўнасць, што адыграла потым вырашальную ролю ў адбіцці атак ворага.
Паклапаціўся ён і пра сем’і вайскоўцаў, якія былі адпраўлены ў савецкі тыл. Пра гэтыя падзеі, як ужо згадвалася, падрабязна пісалі былыя дэсантнікі І. Громаў і В. Пігуноў. А ў сваёй аўтабіяграфіі Аляксандр Казанкін апісаў гэты перыяд сцісла: «Атрымаў загад з баямі адыходзіць да ракі Бярэзіны, каб захапіць там пераправы ў раёне мястэчка Свіслач і арганізаваць абарону. Але пераправы былі заняты танкавымі часцямі групы Гудэрыяна, і корпус з цяжкімі баямі, маючы толькі 45-міліметровыя гарматы, заняў гэтыя пераправы і перайшоў да іх абароны, забяспечваючы адыход нашых войскаў».
А гэта была нялёгкая задача. Пасля генерал арміі А. Жадаў ва ўспамінах напіша: «Праціўнік наступаў сваімі танкавымі часцямі, яго авіяцыя бесперапынна бамбіла нашы войскі. У найцяжэйшых умовах Аляксандр Фёдаравіч праявіў выключную мужнасць і вайсковае майстэрства, часта выязджаў на месцы баёў, арганізоўваў сістэму агню і асабіста вучыў, як трэба змагацца і біць немцаў.
На працягу трох сутак нашы часці адбівалі бязлітасныя атакі, палілі нямецкія танкі, захапілі ў палон нямецкіх танкістаў і толькі з-за агульнага неспрыяльнага становішча вымушаны былі адступіць».
Але адступаў корпус з прымяненнем рухомай абароны, часта контратакаваў ворага, дзейнічаў з адкрытых флангаў і вёў зацяжныя баі. Так было на рацэ Друць, так было і на Сажы пад Крычавам, дзе дэсантнікі ўжо наступалі, а не адыходзілі. І потым 25 сутак утрымлівалі горад, што на пачатку вайны было вельмі важна. Нават адзін дзень затрымкі нямецкіх войскаў лічыўся подзвігам. Невыпадкова ў Крычаве ёсць экспазіцыя ў музеі, прысвечаная мужнасці Аляксандра Фёдаравіча і яго байцоў.
Узгадвае пра гэтую бітву і нямецкі генерал Гудэрыян у кнізе «Успаміны салдата». Але, апавядаючы пра «крычаўскі выступ», які не даваў яму «наступаць на Маскву і ў іншым напрамку», ён сцвярджае, што перашкодзілі яму 20 новых дывізій маршала Цімашэнкі.
Вядома, гітлераўскі генерал не захацеў прызнаваць сваё паражэнне. Не было тых дывізій, а былі дэсантнікі колькасцю 1200 чалавек, якія прайшлі ўначы двухкіламетровую сенажаць, фарсіравалі Сож, адолелі высокі заходні бераг і нечаканым штурмам адбілі ў ворага Крычаў. Занялі і амаль цэлы месяц не аддавалі яго немцам, стрымліваючы, як напіша потым Казанкін, «напор перавышальных сіл праціўніка і наносячы выключна вялікія страты танкавым механізаваным часцям групы Гудэрыяна, за што ад камандуючага 13-й арміяй генерал-палкоўніка Голубева меў неаднаразовыя падзякі».
Аднак не толькі падзякі меў Аляксандр Фёдаравіч за баі пад Крычавам. 9 жніўня 1941 г. ён атрымаў ордэн Чырвонага Сцяга. Прадстаўленне да ўзнагароды падпісалі Галоўнакамандуючы Заходнім напрамкам маршал Цімашэнка і член Ваеннага савета Булганін.
На першым этапе вайны мала было ўзнагарод і заахвочванняў, бо армія адступала і да ўсіх прадстаўленняў у Маскве ставіліся вельмі строга. Патрэбны былі подпісы высокіх военачальнікаў.
Самай складанай, але яркай, незабыўнай і гістарычна значнай, стала для Аляксандра Казанкіна адна з найбуйнейшых дэсантных аперацый Другой сусветнай вайны — Вяземская. Беспрэцэдэнтная па сваёй задуме, размаху і рызыцы. Удзельнічалі ў аперацыі дзесяць тысяч «паветраных байцоў». Дырэктывай Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага ад 7 студзеня 1942 г. войскам Заходняга напрамку былі вызначаны задачы на акружэнне і разгром нямецкіх армій групы «Цэнтр». І важная роля тут адводзілася дэсанту, закінутаму ў тыл ворага: ён павінен быў адцягнуць значныя сілы праціўніка, актывізаваць партызанскі рух, натхніць і падтрымаць жыхароў акупаваных тэрыторый.
Кіраўніцтва Генштаба разлічвала, што баявыя дзеянні ў тыле ворага прадоўжацца не больш за трое сутак. Але яны расцягнуліся на доўгія пяць месяцаў. Самалёт, на якім вылецела да месца дэсантавання камандаванне корпуса, быў падбіты нямецкімі знішчальнікамі. Камандзір корпуса генерал Левашоў загінуў, і камандаванне, як і ў першыя дні вайны, зноў прыняў на сябе Аляксандр Казанкін.

Жорсткія баі, за якімі пільна сачыла ўся краіна, вяліся дэсантнікамі не толькі на вяземскай, але і на смаленскай зямлі. Корпус кантраляваў значную тэрыторыю. У тыле ворага было створана некалькі партызанскіх атрадаў.
З усяго Савецкага Саюза ішлі героям лісты, спецыяльныя паштоўкі з прыпіскай: «У дэсантную Рэспубліку. Прэзідэнту Рэспублікі генерал-маёру Казанкіну».
Цэлыя мяхі такіх лістоў і паштовак прыбывалі з усёй краіны. Людзі жадалі смельчакам выжыць і перамагчы. Пасля вайны ў адной з маскоўскіх школ быў створаны музей, дзе ў якасці экспанатаў паказана гэтая карэспандэнцыя. Лісты падтрымкі, без сумневу, былі вельмі патрэбныя дэсантнікам, яны ўздымалі дух байцоў, давалі сілы для далейшай барацьбы.
Пра гэтую гераічную аперацыю паведамлялі па радыё, практычна ва ўсіх газетах. Але больш падрабязна пісалі пра яе на працягу некалькіх месяцаў «Камсамольская праўда» і «Чырвоная зорка». У тыл былі закінуты вопытныя і таленавітыя журналісты Н. Старасцін і С. Крушынскі, фотакарэспандэнт Л. Бардукоў, якія ў серыі артыкулаў «Дэсантнікі» і «У лагеры адважных» уславілі баявую адысею парашутыстаў-дэсантнікаў, якія вялі гераічную барацьбу з нямецкімі захопнікамі.
Кожная з публікацый ілюстравалася фотаздымкамі. Вось подпісы пад некаторымі з іх: «Пасля бою каля перадавых пазіцый уручаюцца ордэны. Камсамолец Кушнераў атрымлівае ордэн Чырвонай Зоркі», «Група парашутыстаў, якія толькі што спусціліся на зямлю. Камандзір Казанкін тлумачыць парашутыстам становішча», «Парашутысты — гаспадары лясоў». І амаль у кожным артыкуле былі радкі і пра камандзіра «белых анёлаў», які любіў паўтараць:
— Мы прыляцелі з неба, каб акружаць і біць немцаў.
Газеты першымі паведамілі і пра радыёграму камандуючага войскамі Заходняга фронту генерала арміі Жукава Аляксандру Казанкіну: «Сёння апублікаваны Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета, якім Вы ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Горача віншуем Вас з высокай урадавай узнагародай і жадаем новых баявых поспехаў у гераічных справах дэсантнікаў».
Прывяду яшчэ некалькі тэлеграм, падпісаных кіраўніцтвам Заходняга фронту: «Корпус дзейнічае выдатна, нягледзячы на цяжкасці. Перадайце часцям, якія дзейнічаюць у раёне Горбачы, маю падзяку. Прадстаўце тых, хто вылучыўся, да ўзнагароды. Жукаў. Хахлоў».
«Казанкіну, Аленіну, Курышаву, Шчарбіне, Распопаву, Лебедзеву. Перадайце вашым цуда-волатам наша першамайскае прывітанне і пажаданне яшчэ мацней біць подлых фрыцаў. Пакажыце гітлераўскім бандытам, што вясною вы ўмееце біць ворага яшчэ мацней, чым зімою. Жукаў». А поспехі дэсантнікаў былі значнымі. Яны знішчылі больш за 15 тысяч фашыстаў! І скавалі вялікія сілы праціўніка, у якога захапілі шмат баявой тэхнікі, амуніцыі.
Усё гэта папоўніла запасы і пайшло на ўзбраенне партызан. Вядома, дэсантнікам весці барацьбу ў тыле ворага было нялёгка. Але, нягледзячы на штодзённыя жорсткія атакі фашыстаў танкамі і самалётамі, легендарны корпус генерала Казанкіна выйшаў з акружэння. У адным з апошніх баёў Аляксандр Фёдаравіч быў паранены і накіраваны ў шпіталь.
Распавядаючы пра Вяземскую аперацыю, нельга не ўзгадаць пра ўнікальны дакумент. Гэта ўзнагародны ліст на генерал-маёра Аляксандра Фёдаравіча Казанкіна, «які заўсёды быў наперадзе байцоў і камандзіраў, натхняў іх на подзвігі і праявіў асабістую адвагу і геройства» і такім чынам заслужыў прадстаўленне да звання «Героя Савецкага Саюза».
Падпісалі дакумент камандуючы паветрана-дэсантнымі войскамі Чырвонай Арміі генерал-маёр Глазуноў і член Ваеннага савета Громаў у ліпені 1942 г. Але Казанкін не атрымаў гэтай узнагароды. Чаму? Я думаю, віной таму сітуацыя, якая склалася на франтах Вялікай Айчыннай. Яна змянілася не на нашу карысць. Чырвоная Армія ў той час несла велізарныя страты і адыходзіла да Сталінграда. І не да высокіх узнагарод было таварышу Сталіну, які, безумоўна, ведаў пра гэты дакумент...

Зорку Героя заслужыў гвардыі генерал-лейтэнант Казанкін і ў пераможным 1945-м. Але ўжо не за Вяземскую аперацыю, а за Берлінскую. Ізноў быў узнагародны ліст: «За перыяд наступальнай аперацыі з 16 да 21 красавіка 1945 года ў нямецкай Сілезіі злучэнні 12 га гвардзейскага корпуса з бязлітаснымі баямі прарвалі 8 моцна ўмацаваных і глыбока эшаланаваных межаў абароны праціўніка, забяспечылі ўвод двух танкавых карпусоў і, развіваючы імклівы наступ, з адкрытымі флангамі з бязлітаснымі баямі прайшлі 70 кіламетраў і 21 красавіка 1945 года першымі ўварваліся ў горад Берлін з паўночнага ўсходу».
Дакумент на прысваенне звання Героя Савецкага Саюза падпісалі камандуючы 3-й Ударнай Арміяй, якая штурмавала Берлін, генерал-палкоўнік Кузняцоў і член Ваеннага савета генерал-маёр Літвінаў.
Такім чынам, гвардзейцы Казанкіна першымі ўварваліся ў сталіцу фашысцкай Германіі. За час баявых дзеянняў у Памераніі, а таксама ў Берлінскай аперацыі яго байцы і асабіста камандзір атрымалі 8 падзяк Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Сталіна.
За некалькі дзён да Перамогі, 27 красавіка 1945 г., у баях на вуліцах Берліна генерал-лейтэнант Казанкін быў цяжка паранены. Самалётам яго адправілі ў шпіталь у Маскву. А на наступны дзень, 28-га, было падпісана прадстаўленне на званне Героя. Але высокая ўзнагарода зноў (другі раз!) абышла Аляксандра Казанкіна. Цікава, чаму ж?
Дачка генерала Галіна распавяла цікавую гісторыю, якая пасля вайны актыўна абмяркоўвалася ў генеральскіх колах. Падчас штурму Берліна гвардзейцы Казанкіна захапілі адну з рэзідэнцый Гітлера, дзе стаяла некалькі парадных аўтамабіляў-«хорхаў». Аляксандр Фёдаравіч адразу далажыў пра гэта Жукаву. А той, будучы ў добрым настроі, сказаў, што адну з машын Казанкін можа ўзяць сабе, бо заслужыў.
Аднак машыну, на якой ездзіў фюрар, вельмі ўжо хацелася мець аднаму з высокіх штабных начальнікаў. І ў тэлефоннай размове ён сказаў генерал-лейтэнанту Казанкіну пра сваё жаданне атрымаць гэтую машыну, але той не пагадзіўся. І наградныя дакументы Аляксандра Фёдаравіча зноў ляглі пад сукно.
Але і без Зоркі Героя ў праслаўленага дэсантніка было цэлае сузор’е ўзнагарод, якія ён атрымаў за паспяховае выкананне баявых заданняў, асабістую адвагу і мужнасць. Сярод іх два ордэны Леніна, шэсць ордэнаў Чырвонага Сцяга і найвышэйшыя палкаводніцкія: ордэны Кутузава і Багдана Хмяльніцкага І ступені, ордэн Суворава ІІ ступені.
Калі гаварыць пра асабістыя якасці генерал-лейтэнанта Казанкіна, то ў шматлікіх успамінах яго баявыя таварышы адзначаюць выключную шчырасць, душэўнасць і сціпласць камандзіра. Нават у артыкуле, які ён падрыхтаваў па просьбе Цэнтральнага камітэта камсамола для «Піянерскай праўды» з нагоды Дня Перамогі, Казанкін ні слова не сказаў пра свае заслугі.
«...Учора я сустрэўся са сваімі дочкамі. Яшчэ ніколі я не бачыў іх твары такімі шчаслівымі. Скончылася вайна. Дзяўчынкі расказвалі мне, як у Дзень Перамогі яны гулялі з сяброўкамі па Маскве, захапляліся салютам, смяяліся, крычалі „ўра“. Вось пра такую сустрэчу са сваімі блізкімі мы марылі амаль чатыры гады. І праз якія выпрабаванні прайшлі савецкія салдаты, каб ізноў убачыць вольнай сваю Радзіму, каб дачакацца гэтых шчаслівых дзён».
Пасля вайны Аляксандр Казанкін узначальваў 39-ы Гвардзейскі паветрана-дэсантны Венскі корпус, быў камандуючым паветрана-дэсантнымі войскамі Узброеных Сіл СССР, галоўным інспектарам паветрана-дэсантных войскаў.
Аднак многім з тых, хто ўвесь час быў на перадавой, хто быў на вастрыні атак, атрымліваў небяспечныя раненні, лёс адмераў кароткае жыццё. 20 сакавіка 1955 г. Аляксандру Фёдаравічу стала дрэнна, яго тэрмінова павезлі ў шпіталь. Прадчуваючы горшае, ён супакойваў сяброў і жонку: «Лёля, мне ўжо лепей, усё будзе добра, у родзе Казанкіных па сто гадоў жывуць...»
Не стала Аляксандра Фёдаравіча Казанкіна на 55-м годзе жыцця. Сумную вестку пра смерць баявога генерала паведамілі цэнтральныя газеты краіны. Пад скупымі радкамі некралога паставілі свае подпісы знакамітыя палкаводцы: Жукаў, Васілеўскі, Конеў, Сакалоўскі, Кузняцоў, Баграмян, Маскаленка, Маргелаў і іншыя. Пахавалі галоўнага дэсантніка краіны на Новадзявочых могілках у Маскве.
З цягам часу ясней і маштабней бачацца гераічныя старонкі Вялікай Айчыннай вайны. Выдатнаму масаваму подзвігу байцоў 4-га паветрана-дэсантнага корпуса прысвяцілі дыяраму «Бой паветранага дэсанта пад Вязьмай зімой 1942 года» народны мастак Расіі П. Мальцаў і Н. Прысекін, уганараваныя залатымі медалямі імя Грэкава.
Дыярама, усталяваная ў 1973 г. у музеі паветрана-дэсантных войскаў у Разані, вяртае нас да той ранняй лютаўскай раніцы 1942 г., калі воіны дэсантнага корпуса раптоўна абрынуліся на ворага. Нязломны імклівы напор нашых байцоў, якія вызвалялі родную зямлю ад фашысцкіх захопнікаў. Некаторыя з удзельнікаў аперацыі паказаны з партрэтнай дакладнасцю. Сярод іх А. Казанкін, які кіраваў боем, дэсантнік В. Улітчаў, які заплаціў жыццём за знішчэнне варожага танка, і іншыя героі, вечна жывыя ў памяці ўдзячных нашчадкаў.

Былы ваенны камісар асобнага партызанскага атрада Л. Муханаў напісаў: «Аляксандр Фёдаравіч быў блізкі кожнаму салдату, яго бацькоўскі клопат пра іх здабыў яму ўсеагульную павагу».
Падпалкоўнік Васіль Чарняцоў, ад’ютант генерала, прыгадваў: «У дні цяжкай хваробы я быў выратаваны толькі дзякуючы бацькоўскаму клопату Аляксандра Фёдаравіча. Ён — Чалавек з вялікай літары».
Вышэй за гэтае званне нічога няма.
P. S. 1965 год. Краіна ўпершыню з вялікім размахам святкуе 20-ы юбілейны Дзень Перамогі. Зноў падрыхтаваны спісы герояў, тых, каго у свой час высокія ўзнагароды абышлі па розных прычынах. Падрыхтавана было і трэцяе па ліку прадстаўленне на званне Героя на генерала Аляксандра Фёдаравіча Казанкіна. Але яго ўжо 10 гадоў як не было ў жывых. І дакументы трэці раз ляглі пад сукно. Няма чалавека — няма праблемы.
І ўсё ж такі верыцца, што справядлівасць пераможа.
...А пад Вязьмай штогод паветрана-дэсантныя войскі Расіі праводзяць вучэнні ў гонар найбуйнейшай дэсантнай аперацыі Вялікай Айчыннай вайны.
Пераклад з рускай мовы.
Аўтар ахвяруе ганарар на развіццё часопіса
Працяг будзе.