Я – сын Ваш. Летопись белорусской шляхты.

По вопросам приобретения книги обращайтесь в магазин «Академическая книга»

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў

Карафа-Корбуты герба «Корчак»

«Роднае Слова», 6/2010

Мая бабуля Марыя Аляксандраўна і прабабуля Наталля Васільеўна, мама дзеда Міхаіла Іванавіча Сацкевіча-Статкевіча, паходзілі з роду Карафа-Корбутаў.

Ды і яшчэ дзве мае пра…прабабулі былі з гэтага ж роду: адна з іх – Марыяна Васільеўна – выйшла замуж за Івана Тычыну, другая – Феліцыяна – вянчалася з Андрэем Іваноўскім. Гэта было яшчэ ў ХVIII ст.

У пратаколе ад 20 студзеня 1816 г. Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу пра дваранскае паходжанне роду Карафа-Корбутаў чытаем: «…той род, які меў герб “Корчак” (у чырвоным полі тры белыя ракі ўпоперак шчыта адна пад другою паасобку, верхняя самая доўгая, сярэдняя карацейшая, а ніжняя самая кароткая, на шлеме ў судне паўсабакі відно), са старажытных часоў у Каралеўстве Польскім шляхетным значыўся, карыстаўся правамі і прывілеямі ад кіруючых манархаў».

Пра ўзнікненне герба “Корчак” польскі даследчык Марыюш Казанчук распавядае наступнае. Было гэта ў часы гунскага важака Атылы, чыя дзяржава займала тэрыторыю сучаснай Венгрыі. Яго палкаводзец, таленавіты і адважны Зоард, разбіў ворага ў раёне трох рэк – Бадрока, Цісы і Дуная. Гэтыя рэкі як сімвал перамогі красуюцца на шчыце герба “Корчак”. А сабака ў залатым судне – сімвал таго, што Зоард дапамог скінуць з трона жорсткага ўладара, якога людзі параўноўвалі са злосным зверам.

А вось другая гісторыя ўзнікнення герба “Корчак”.

Вугорцы (венгры), выбіраючы сабе караля, не маглі прыйсці да згоды. У выніку зрабілі так: адчынілі шырока вароты і дамовіліся – хто ўвойдзе першым, той і будзе каралём. Першым у памяшканне забег сабака. Вырашыўшы, што гэта і ёсць Богам вызначаны кароль, вугорцы наладзілі яму каралеўскі прыём: пасадзілі на чале стала, і крайчы, аддзяліўшы мяса ад касцей, падаў яго сабаку, але той ухапіўся за костку. Пакрыўджаныя гаспадары са словамі: “Калі хочаш быць панам, дык кінь сабачыя звычкі”, – узяліся за шаблі. І “кароль”, спужаўшыся, уцёк ажно за тры ракі. Легенду ўзгадвае Б. Папроцкі ў працы “Гняздо цноты…” і лічыць, што гэтую прыдуманую гісторыю расказаў Людвік, кароль польскі і вугорскі, які загадаў падскарбію Дзяметрыюшу ў тым гербе змясціць тры ракі і сабаку ў залатым судне.

Людзі, якія насілі прозвішча Карафа-Корбутаў, ужо даўно задумваліся: адкуль яно? Асабліва іх цікавіла частка Карафа. Гэта, напрыклад, турбавала ўдаву тытулярнага саветніка Антаніну Карафа-Корбутаву. На свой запыт да мінскага павятовага прадвадзіцеля дваранства ў 1868 г. яна атрымала адказ: «Слова “Карафа” раней прозвішча Корбут не складала… і ўжывалася неабавязкова і адвольна членамі роду».

Прозвішча Карафа-Корбут у мінулыя стагоддзі годна гучала на зямлі беларускай і па ўсіх прылеглых тэрыторыях. Так, напрыклад, быў вядомы паэт Элегій Вуль, аўтар знакамітага верша “К дудару Арцёму…”. Яго сапраўднае імя – Элегій Францішак Карафа-Корбут.

У канцы пазамінулага і ў пачатку мінулага стагоддзя ўвесь Пецярбург захапляўся спявачкай Наталляй Эдуардаўнай Карафа. А вось прозвішча Корбут яна змяніла чамусьці на Карыбут: магчыма, для больш звыклага гучання за мяжой. Але яе любілі не за прозвішча, а за голас, яна выступала нават са знакамітым Шаляпіным. Дарэчы, Наталля Эдуардаўна часам прыязджала ў Мінск, дзе ў яе было шмат родзічаў, тут яна адпачывала, выступала, давала ўрокі спеваў.

У тыя часы прыкметнай асобай у музычным жыцці Беларусі з’яўляўся Пятро Карафа-Корбут, кампазітар і выканаўца, які ўражваў сваёй ігрой на многіх інструментах меламанаў Мінска, Слуцка, Нясвіжа. Музыкант падтрымліваў добрыя стасункі з сям’ёй знакамітага Станіслава Манюшкі.

Дык адкуль жа такое незвычайнае прозвішча, дзе карані гэтага старажытнага роду? Многія навукоўцы лічаць, што ён утварыўся шляхам аб’яднання дзвюх галін: Корбутаў, скажам, палякаў ці беларусаў, і Карафа, італьянцаў. Адна з легендаў гаворыць, што ў Польскім Каралеўстве ў далёкія часы жыў гандляр сукном Корбут. Ён меў канцэсію на сваю справу і прадаваў тавар па ўсёй Еўропе. І была ў яго дачка, адукаваная і прыгожая, чыя вабнасць зачаравала італьянскага афіцэра графа Карафа. Прадстаўнік знатнага роду з берагоў Міжземнага мора з годнасцю нёс службу пры двары польскага караля. Прозвішча Карафа на Апенінскім паўвостраве было даволі распаўсюджанае. Там яго насілі і паэты, і фельдмаршалы, і кардыналы. З роду Карафа выйшаў нават рымскі папа Павел IV.

Такім чынам, гэты род аб’яднаў нашых продкаў, якія жылі ў сонечным Міжземнамор’і і сярод пушчаў і балот беларускай зямлі. Гэта пацвярджае “Гісторыя прозвішча Карафа” італьянскага генеолага Біягіа Алдымары, якая выйшла ў Неапалі ў 1691 г. У ёй згадваецца Павел Карафа, з роду князёў венецыянскіх, які перасяліўся ў Польшчу ў часы караля Уладзіслава Ягайлы.

Пра гэта ж гаворыцца ў першапачатковым вызначэнні Віленскага дваранскага дэпутацкага сходу ад 31 снежня 1798 г.: “…род Карафа-Корбутаў, які ўваходзіў у польскае дваранства, бярэ пачатак з Неапалітанскага Каралеўства ад прозвішча Карафа. Адзін з гэтага прозвішча Павел Карафа, з нашчадкаў князёў венецыянскіх, разам з жонкай з роду Данатаў у перыяд царавання караля польскага Уладзіслава Ягайлы перайшоў у Польшчу і, будучы пры каралеўскім двары, паступіў на воінскую службу, стаў палкоўнікам, вылучыўся ў вайне з крыжакамі. Пакінуў пасля сябе сына Матфея, які таксама знаходзіўся на воінскай службе і ў перыяд кіравання Уладзіслава III вылучыўся ў вайне з туркамі, за што быў узнагароджаны чынам ротмістра і па прывілеі караля атрымаў да свайго венецыянскага прозвішча Карафа славянскі прыдомак Корбут”. Вось так і ўзнікла прозвішча Карафа-Корбут.

Вядома, што Матфей ажаніўся з дачкой палкоўніка Васіля Жаравінскага, служыў пры двары каралёў польскіх, стаў падпалкоўнікам. У 1440 г. атрымаў ад караля маёнтак, які стаў называцца Корбутава Воля і знаходзіўся ў складзе Валынскага ваяводства. Загінуў у другой вайне з туркамі пад Варнай у 1444 г.

Якуб, сын Матфея, і яго ўнук Пётр жылі ў вотчынным маёнтку Корбутава Воля да пачатку ХVI ст.

Сын Пятра, таксама Пётр, аддаў спадчынны маёнтак у заклад Ржавуцкім, а сам перасяліўся ў Слонімскі павет, дзе ўзяў у заклад у Паклонскіх маёнтак Вішаў. Вось так і раздзяліўся род Карафа-Корбутаў: адна галіна засталася на Валыні, а другая асталявалася на беларускай зямлі і з часам падзялілася на мсціслаўскую, віленскую, навагрудскую і мінскую галіны. Мною даследавана сем галін роду Карафа-Корбутаў, у тым ліку і валынская.

Але працягнем размову пра Пятра, ад якога ідзе нітка да майго роду Карафа-Корбутаў. Вось прывілей, напісаны ў Кракаве 3 верасня 1532 г., якім кароль Жыгімонт I за вайсковую конную службу падараваў Пятру брыкаўскую зямлю ў Слонімскім павеце: “…біў нам чалом баярын наш павету Слонімскага, і мы нашу ласку гаспадарскую чынілі і далі яму зямлю з дворышчам і селянінам Радзюком… далі есма Корбуту самому, жонцы, дзецям і нашчадкам яго…”

Вось грамата князя Юрыя Алелькавіча, напісаная ў Слуцку 3 студзеня 1538 г., на зямлю Дубеі над ракой Уса: “…іж біў нам чалом служэбнік наш Пётр Корбут, за верныя і зычлівыя яго паслугі далі яму зямлю нашу грозаўскую над ракою Усою з усімі ўрочышчамі, да тае зямлі здаўна належнымі, якую тую зямлю далі мы яму Корбуту, самому, жане, дзецям і шчадкам яко вечна і непарушна, а ён нам з тае зямлі павінен будзе службу земскую ваенную служыць…”

На гэтых землях жылі нашы продкі да сярэдзіны ХVII ст., пра што сведчаць граматы, падараваныя сыну Пятра Юрыю 17 лютага 1604 г., і ўнуку Івану 28 верасня 1642 г. Гэта ж пацвярджае і справа ад 30 жніўня 1668 г. “аб выйшаўшых сялянах”, калі Іван Карафа-Корбут судзіўся з навагрудскай падстолінай Чаркоўскай.

І толькі праўнук Пятра Карафа-Корбута Васіль купіў 12 мая 1665 г. 1/12 частку зямлі ў засценку Іздрашава Слуцкага княства. Гэты факт найперш цікавы тым, што Карафа-Корбуты тады і пачалі паступова асталёўвацца ў тутэйшых мясцінах каля Старобіна і Пагоста. А першапраходцам, як бачым, быў Васіль, сын Іванаў.

У Васіля Іванава Карафа-Корбута нарадзіліся тры сыны: Павел, Сямён і Хрыстафор (Крыштаф). Ад яго і вылучылася наша галіна Карафа-Корбутаў. Вядома, што Хрыстафор валодаў маёнткам Мінкавічы ў Ашмянскім павеце, які ў 1698 г. падарыў сыну Канстанціну.

Пра Канстанціна, сына Хрыстафора, у справе Мінскага дэпутацкага сходу аб дваранскім паходжанні роду Карафа-Корбутаў ад 20 студзеня 1816 г. гаворыцца, што ў яго былі тры сыны: Рыгор, Станіслаў-Якуб і Дыянісій. Там жа мы знайшлі “квіт зборшчыкаў павіннасцей Навагрудскага ваяводства аб спагнанні павіннасцей, устаноўлены на войска Рэчы Паспалітай Вялікага княства Літоўскага народжанаму Канстанціну Карафа-Корбуту таварышу харугвы, з маёнтка Мінкавічы ў 1708 годзе лістапада 6 дня выдадзены”.

Вельмі цікавы і дакумент аб продажы маёнтка Мінкавічы ад 29 снежня 1780 г. Яго ўдалося знайсці ў архівах Мінскага гродскага суда. Прадалі маёнтак сыны Рыгора і Дыянісія, дваюрадныя браты Васіль і Якаў. Пасля гэтага нашы Карафа-Корбуты перабраліся з Ашмянскага павета ў Слуцкі, на землі, якія некалі выбраў іх прапрадзед Васіль. І жылі яны ў вёсках Іздрашава, Кутнева, Чыжэвічы, у засценках Шубунькі, Балотчыцы, Тычыны, Залессе. Тут сталі прыхаджанамі Іздрашаўскай Пакроўскай, Старобінскай Мікалаеўскай, Пагосцкай Уваскрасенскай цэркваў. І, як вядома, менавіта ў гэтых краях Карафа-Корбуты пасябравалі і аб’ядналіся сваяцкімі сувязямі з родамі Некрашэвічаў, Тычынаў, Рудзінскіх.

Калі ў 1811 г. наш Іван Васільевіч Карафа-Корбут разам са сваім старэйшым братам Андрэем вырашыў пераехаць у засценак Віктарын Бабруйскага павета, заплаціўшы заклад 1400 рублёў срэбрам памешчыку Прушаноўскаму, то з імі ў дарогу сабраліся і іх родзічы: Рудзінскія і Нікіфар Некрашэвіч (прапрадзед акадэміка Сцяпана Некрашэвіча) з жонкай Агаф’яй Васільеўнай, якая даводзілася сястрою Івану і Андрэю Карафа-Корбутам. Арандавалі яны зямлю ў Віктарыне на працягу дзесяці гадоў, а далей пражывалі ў маёнтках Дражня і Данілаўка, што пад Парычамі. Калі памешчык Маліноўскі вырашыў прадаць свой маёнтак Малінава ў Глускай воласці, то сярод пакупнікоў быў і Іван Васільевіч Карафа-Корбут, які захацеў набыць землі для сваіх сыноў Максіма і Васіля. Купчая была падпісана 23 красавіка 1847 г.

Так мае родзічы асталяваліся на новым месцы. Жылі заможна, шчыравалі на зямлі. Бывала, здараліся і незвычайныя гісторыі. Як, напрыклад, выпадак з прапажай каня ў Васіля Іванавіча Карафа-Корбута, майго прапрадзеда. Гісторыя, якую, на дзіва, нам удалося адшукаць, здарылася праз 15 гадоў, як мае родзічы пераехалі ў Малінава. Яна зацікавіла сваёй кульмінацыяй: злачынства было раскрыта ўсяго за два дні і зрабілі гэта не паліцэйскія, а сам пацярпелы.

…Гаспадар вярнуўся ў Малінава з Мінска позна ўвечары на сваім кані гнядой масці, які каштаваў па тых часах 70 рублёў срэбрам. Паставіў Васіль Іванавіч свайго стомленага каня ў стайстайню, зачыніў добра і пайшоў спаць. А раніцай прачнуўся – каня няма. Нехта выкраў яго разам з раменным хамутом і вяровачнымі лейцамі. Замаркоціўся ўладальнік, забіў трывогу. Прыбег на месца здарэння і яго швагер Андрэй Сыцько. На шчасце, напярэдадні выпаў невялікі сняжок, а на ім засталіся сляды і каня, і злодзея. Вялі сляды ў бок Бабруйска. Туды і накіраваліся наўздагон за злодзеем Васіль з Андрэем. Дарога немалая – вёрстаў пяцьдзесят, але яны хутка дабраліся да горада. Кінуліся туды, дзе ішоў гандаль коньмі, глядзяць – стаіць іх прапажа і трымае яе за аброць незнаёмы чалавек сталага ўзросту. Аказалася, што новы гаспадар ні ў чым не вінаваты: ён выменяў каня ў хлопца са Слаўкавіч. Зноў выправіліся мае родзічы ў дарогу. У названай вёсцы ім удалося даведацца, што, па ўсіх прыкметах, злодзей – гэта кантаніст, былы радавы царскай арміі Сцяпан Сарнецкі, які жыве ў Глуску, дзе здымае жыллё. Васіль з Андрэем памчаліся туды – галоўнае, каб злодзей быў на месцы. А ён, радуючыся ўдалай здзелцы, моцна спаў у доме глускага мешчаніна, упэўнены, што яго ніхто не знойдзе. І якое было яго здзіўленне, калі ён убачыў перад сабою грознага ўладальніка каня…

Як бачым, частка роду Карафа-Корбутаў асталявалася ў XIX ст. у бабруйска-глускім рэгіёне. Астатнія ж прадстаўнікі нашай галіны так і засталіся жыць у Слуцкім павеце. Тут яны парадніліся з родамі Гурыновічаў і Рэвутаў.

Нам пашанцавала, што добра захаваліся метрычныя кнігі многіх цэркваў Случчыны, якія ахопліваюць больш за стогадовы перыяд. З іх мы даведваемся пра найважнейшыя падзеі жыцця нашых продкаў.

Напрыклад, 7 кастрычніка 1817 г. бралі шлюб шляхціч засценка Іздрашава, прыхаджанін Чыжэвіцкай Пакроўскай царквы Самуіл Якаўлеў Карафа-Корбут і дачка жыхара засценка Залессе Аляксандра Рэвута – Ірына. Прайшоў час, і ў Пагосцкай Іаана-Прадцечанскай царкве 18 сакавіка 1879 г. вянчаліся ўнук Самуіла Якаўлевіча – і мой прадзед, дваранін засценка Кутнева, – Аляксандр Платонаў Карафа-Корбут з Марыяй Неафітаўнай Рудзінскай.

Менавіта Аляксандр Платонаў з родзічамі Карафа-Корбутамі, Статкевічамі, якія жылі ў Малінаве, а таксама далучанымі да іх Тычынамі, Рудзінскім і іншай шляхтай купілі ў 1893 г. маёнтак Засмужжа ў Забалоцкай воласці ў княгіні Марыі Гагенлое. Раней гэтыя мясціны належалі Радзівілам. У Засмужжы нарадзіліся мая бабуля, мая мама. Тут нарадзіўся і я.

Сёння мне дакладна вядома, што мае родзічы пачынаючы з XV ст. жылі ў асноўным у нясвіжскім, капыльскім, слуцкім рэгіёнах. А таму, калі ўзнікла ідэя ўстанавіць у Слуцку помнік святой Сафіі, княгіні Слуцкай, я з вялікай радасцю ўзяў удзел у яго фундаванні.

Як жа склаўся лёс маіх родзічаў з роду Карафа-Корбутаў, якія жылі ў Малінаве? Да 1930 г. там існавала шаснаццаць гаспадарак, што пачалі называць кулацкімі, у тым ліку чатыры – Карафа-Корбутаў, дзве – Статкевічаў, дзве – Сыцько. Усе гэтыя сем’і былі рэпрэсіраваны і высланы за межы Беларусі.

З успамінаў Тамары Мікалаеўны Карафа-Корбут (пражывае ў Нальчыку):

«Мая мама Алена Рыгораўна нарадзілася ў Малінаве Глускага раёна. У 1914 г. выйшла замуж за Корбута Фёдара Сцяпанавіча. У тым жа годзе ён пайшоў на фронт і прапаў без вестак. У сакавіку 1915 г. нарадзілася дачка Ніна, якая так і не ўбачыла бацьку. Дванаццаць гадоў мама чакала свайго Фёдара, жыла з дачкою ў свекрыві.

Мой бацька Корбут Мікалай Васільевіч угаворваў маму выйсці за яго яшчэ да першага замужжа, але тады яна выбрала Фёдара, які быў маладзейшы за майго бацьку. І ўсё-такі яны ажаніліся ў 1927 г. Дарэчы, мама Мікалая Васільевіча Анастасія Паўлаўна даводзіцца цёткай Сцяпану Міхайлавічу Некрашэвічу, першаму віцэ-прэзідэнту Акадэміі навук Беларусі.

Калі надышоў страшны 1930 год, мае бацькі працавалі на гаспадарцы, як простыя сяляне, нягледзячы на сваё паходжанне.

Але ў той час, як вядома, даводзіліся планы па раскулачванні. У Маскве ўжо разлічылі, колькі чыгуначных саставаў трэба было падрыхтаваць для вялікага перасялення ў Сібір.

Наш дзядзя Паўлуша, даведаўшыся пра раскулачванне, паехаў у Ленінград. Майго бацьку ён таксама ўгаворваў паехаць з ім, але той не паверыў, што будзе высяленне, маўляў, няма такой прычыны. Як жа ён памыляўся!

У Малінава прыехала раённае кіраўніцтва, усіх жыхароў сабралі ў клубе і зачыталі прозвішчы тых, хто павінен быў пакінуць сход. Іх проста выгналі. Праз некалькі дзён забралі некуды ўсіх мужчын, а жанчынам загадалі тэрмінова збірацца ў дарогу. Мама ўзяла з сабою дваіх маленькіх дзяцей. Ніне на той час споўнілася 15 гадоў, і ёй дазволілі застацца. Паскіталася пасля мая бедная сястрычка!..

Усіх раскулачаных пагрузілі на падводы, і калі прывезлі на чыгуначную станцыю, то некаторых мужчын вярнулі да сваіх сем’яў, у тым ліку і майго бацьку. А муж маёй цёці Вары (Варвары Васільеўны Карафа-Корбут) Рыгор Більдзюкевіч так і застаўся ў лагерах. Ён правёў там дваццаць гадоў, магчыма, таму, што змагаўся на франтах Першай сусветнай вайны і стаў Георгіеўскім кавалерам. Ужо хворым, змардаваным, старым ён вярнуўся ў Беларусь да дачкі Клавы…

Везлі нашых бацькоў у таварных вагонах, прыстасаваных для скаціны. Многія дзеці і старыя не вытрымалі голаду і холаду. Памерлых выносілі і пакідалі на адхонах. Дзесьці ў Сібіры іх высадзілі і пасялілі ў бараках, вакол якіх была сцяна з калючым дротам. Зімой прымушалі валіць лес, галодныя і дрэнна апранутыя людзі на марозе не вытрымлівалі, многія гінулі.

Затым пачалася чарговая сарціроўка: некага пакінулі ў Сібіры, а маіх бацькоў з дваімі дзецьмі, а таксама цёцю Вару адправілі ў далейшую перасылку. Сярод глухой тайгі Хабараўскага краю і пачалося новае жыццё гэтых няшчасных людзей. У створаным калгасе працавалі з ранку да ночы. Раскарчоўвалі ўручную лясы: мужчыны падсякалі карані, а жанчыны вяроўкамі выцягвалі дрэвы. І так цэлы дзень, а пасля дадому ішлі пешшу некалькі кіламетраў, ды яшчэ жанчыны неслі сваім каровам траву. Людзі працавалі за працадні, нічога не атрымліваючы за іх.

Бацька мой доўгі час працаваў у кузні. Калі прыходзіў дадому, у яго ішла носам кроў, але на гэта ніхто не звяртаў увагі. З часам яму стала зусім дрэнна, яго перавялі працаваць у ветэрынарную лячэбніцу, аднак было позна. У хуткім часе ён памёр ад ацёку лёгкіх. Яму было 62 гады.

У 1949 г. многія сталі з’язджаць адсюль, выдалі і нам пашпарты. Калі б бацька быў жывы, мы, мабыць, паехалі б дадому ў Беларусь, а так вырашылі перабрацца да сястры Ніны, якая жыла ў гэты час на Каўказе.

Калі збіралі дакументы на рэабілітацыю бацькоў, я напісала запыт у той калгас, дзе яны працавалі. Аказалася, што калгас даўно распаўся. Відаць, таму што адтуль выехалі “кулакі”…»

Вось такая тыповая гісторыя былой “кулацкай сям’і”. Яна паўтаралася ў тысячах варыянтаў. Некаму пашанцавала больш, некаму менш, але працалюбівы і моцны народ вытрываў многае. Спроба адарваць ад роднай зямлі, ад сваіх каранёў і пераплавіць “варожы клас” у народ без хрысціянскай веры і гістарычнай памяці, дзякуй Богу, правалілася.

Некаторым маім родзічам з роду Карафа-Корбутаў удалося пазбегнуць рэпрэсій. У маёй прабабулі быў брат – Рыгор Васільевіч. Дык вось сыны яго, зразумеўшы, што будуць пераследавацца тыя, каго сталі называць кулакамі ў 1920 – 1930-я гг., вырашылі перабрацца з Малінава ў Ленінград. І гэта дапамагло ім пазбегнуць бяды, сваёй працаю дабіцца прызнання і пашаны. Адзін з іх – Павел Рыгоравіч.

З успамінаў пляменніцы Паўла Рыгоравіча Ірыны Іванаўны Корбут (пражывае ў Санкт-Пецярбургу):

«Дзядзя Паўлуша ўладкаваўся на завод імя Ільіча. Выбраў прафесію станочніка і ў хуткім часе выклікаў да сябе жонку з сынам. На прадпрыемстве дзядзю хвалілі. Быў ён працалюбівы, таварыскі, ніколі не сумаваў, да людзей ставіўся проста і сардэчна. І не дзіўна, што яго хутка выбралі дэпутатам. Мая мама Вера Іванаўна расказвала, што Павел Рыгоравіч часта бываў у нас, з маім бацькам іх звязвала моцнае сяброўства. Не забываў ён нашу сям’ю і ў час вайны. Блакада. Зіма. Голадна і холадна, а мама цяжарная мною. Павел Рыгоравіч ведаў, што маме хутка нараджаць, і выбраўся ў далёкую дарогу, прыхапіўшы з сабой вязку дроў. Але, як усе, быў знясілены, і ноша тая аказалася вельмі цяжкай. Па дарозе, горка ўздыхаючы, ён пакідаў палена за паленам і прынёс толькі два…

Я памятаю, што ў доме дзядзі Паўлушы заўсёды было весела, панурых людзей ён не любіў. За сталом жартаваў, падбадзёрваў. А ў канцы зацягваў нашу родную беларускую песню: “Бывайце здаровы, жывіце багата…”»

Брат Паўла Ілья Рыгоравіч закончыў Ленінградскую лесатэхнічную акадэмію. Быў накіраваны ў Сярэднюю Азію, дзе стаў вядомым вучоным-лесаводам. Шмат эксперыментаваў, садзіў лясы ў пустыні, у прыватнасці многае зрабіў, каб абараніць горад Фрунзе ад наступу пяскоў і пылавых бур. Удзячныя гараджане ўстанавілі памятную дошку ў гонар яго заслуг. Ілья Рыгоравіч узнагароджаны медалём удзельніка Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР 1956 г. Перад Вялікай Айчыннай вайной ён працаваў дырэктарам запаведніка Лес-на-Варсіле Курскай вобласці. У час нямецкай акупацыі, абараняючы ад высечкі каштоўныя пароды ў запаведным лесе, ледзь не загінуў ад рук паліцаяў. Як ні дзіўна, яго выратаваў нямецкі афіцэр, які, як аказалася, таксама быў лесаводам у мірны час.

Ілья Рыгоравіч склаў і захаваў унікальную схему сваяцкіх сувязей дваранскіх родаў, якія пражывалі ў Малінаве і іншых ваколіцах Глуска ў канцы XIX ст., – Карафа-Корбутаў, Статкевічаў, Сыцько, Забэлаў, Некрашэвічаў.

Трэці сын Рыгора Васільевіча Корбута, Антон Рыгоравіч, быў афіцэрам царскай арміі. Пасля служыў у Чырвонай Арміі. У час Вялікай Айчыннай вайны камандаваў часцю, удзельнічаў у штурме Берліна. Мае вышэйшыя баявыя ўзнагароды: ордэн Леніна, Баявога Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І ступені і іншыя. Але, на жаль, да генерала Антон Рыгоравіч так і не даслужыўся, закончыўшы вайну ў званні палкоўніка, а ўсё таму, што паходзіў з дваранскага роду, быў царскім афіцэрам.

Яшчэ адзін прадстаўнік нашага роду Іван Фядотавіч Корбут таксама паехаў у Ленінград у тыя пагібельныя трыццатыя гады. Там ён закончыў універсітэт, стаў астраномам, прычым даволі вядомым. Працаваў у Пулкаўскай астранамічнай абсерваторыі, некаторыя яго назіранні былі прызнаны самымі дакладнымі, што пацвердзілі нават амерыканскія вучоныя.

З успамінаў дачкі Івана Фядотавіча Ірыны Іванаўны Корбут:

“У нас часта бывалі сябры, родзічы, замежныя госці. Бацька любіў чытаць ім вершы на роднай мове. З юнацкіх гадоў ён сябраваў з беларускім паэтам Сяргеем Грахоўскім, з якім вучыўся ў сярэдняй школе ў Глуску. І калі Сяргей Іванавіч бываў у Ленінградзе, ён спыняўся ў нас. Яны з захапленнем чыталі вершы, і Грахоўскі кожны раз дзівіўся, наколькі таленавіта гэта атрымлівалася ў Івана Фядотавіча. Бацька выдатна гуляў у шахматы, метка страляў, заўсёды ўдзельнічаў у спаборніцтвах. Ён прайшоў дзве вайны: фінскую і Вялікую Айчынную, быў двойчы цяжка паранены. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I ступені, многімі медалямі.

Аднак мінулае не забывалася. Ён шанаваў свае карані і не баяўся гэтага. Нават калі першая бацькава вучаніца выходзіла замуж за астранома з сям’і рэпрэсіраваных і ніхто не пагадзіўся быць сведкаю, Іван Фядотавіч яе падтрымаў…”

А вось як склаўся лёс Аляксандры Іванаўны Карафа-Корбут (да замужжа Сацкевіч-Статкевіч), адной з васьмі сясцёр майго дзеда.

Так атрымалася, што раскулачванне, ад якога пакутавалі ўсе мае родзічы, яе абышло. Яны з мужам хутка ўступілі ў калгас, бо думалі ў першую чаргу пра дзяцей, якіх у сям’і было шмат. Але на іх увесь час падазрона глядзела мясцовае кіраўніцтва, асабліва старшыня сельсавета.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Аляксандры Іванаўне было ўжо 72 гады. Два сыны і дачка пайшлі на фронт, трое сыноў – у партызаны. А той старшыня сельсавета, які ўвесь час пужаў іх Сібір’ю, падаўся ў паліцаі. Менавіта ён і навёў на Аляксандру Іванаўну фашыстаў, расказаўшы ім пра яе сыноў.

Жанчыну арыштавалі, доўга катавалі, але яна маўчала. Як магла маці здрадзіць сваім сынам? Змучаную, яе прывязалі вяроўкай да каня і пацягнулі праз вёску Сялец у Глуск. Там яшчэ некалькі дзён здзекаваліся, а пасля жывой закапалі ў зямлю. Аляксандра Іванаўна, як салдат, пахавана ў брацкай магіле райцэнтра. І ў будні, і ў святы там заўсёды кветкі. Усе яе сыны і дачка атрымалі ўзнагароды за баявыя заслугі. Адзін з сыноў, Аляксандр, загінуў, астатнія вярнуліся з франтоў, займалі ў мірны час адказныя пасады. Дачка, Марыя Сцяпанаўна, былая настаўніца, а ў час вайны разведчыца, жыве цяпер у Адэсе…

Гісторыя роду Карафа-Корбутаў толькі пацвярджае словы Паўла Фларэнскага: “Род ёсць адзіны арганізм і мае цэласны вобраз”…

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Пераклад з рускай мовы.
Працяг будзе.
Аўтар ахвяруе ганарар на развіццё часопіса.

Все статьи »