Анатоль Статкевіч-Чабаганаў
Вяртанне да вытокаў
«Роднае слова», 08/2012
МАСТАК З РОДУ МАРЦІНОВІЧАЎ
У дзяцінстве, жывучы ў бабулі Марыі Аляксандраўны Статкевіч у Засмужжы, што на Любаншчыне, я бачыў у многіх вясковых хатах дзівоснай прыгажосці маляваныя дываны. Былі такія дываны і ў нас. Захаваўся фотаздымак, дзе я ў піянерскім гальштуку каля маляванага дывана.
З малых гадоў я ведаў, што аўтар гэтых палотнаў наш аднавясковец Павел Яўхімавіч Марціновіч, бачыў, як у вёсцы ганарацца так званымі маляванкамі.
Трэба сказаць, што ў 1930 — 1950-я гг. у Беларусі квітнела мастацтва маляваных дываноў, якімі аздаблялі амаль кожнуюхату. Іх яркія колеры напаўнялі прастору сялянскага жылля своеасаблівай радасцюі прыгажосцю. Незвычайна адораны ад прыроды, Павел Марціновіч быў адным з буйных прадстаўнікоў гэтага кірунку народнага мастацтва, мог у звычайным, будзённым убачыць сапраўднае хараство і перадаць яго на палатне.
Вясковыя жанчыны прыносілі да яго хатнія прасціны, разам з мастаком выбіралі сюжэт, а прыкладна праз месяц забіралі незвычайнай прыгажосці «каўёр» (так у вёсцы называлі маляваны дыван). Такія «каўры» былі ў той час прадметам гонару і паказчыкам пэўнага дабрабыту.
Акрамя дываноў, Павел Яўхімавіч ствараў невялікага памеру карціны, якія можна было паставіць для ўпрыгожання пакоя на стол. У асноўным гэта былі кампазіцыі з кветак, таму ў нашай вёсцы такія карціны называлі «букетамі».
Мастак не быў убаку і ад грамадскіх спраў — маляваў плакаты, аднаўляў калгасную наглядную агітацыю, а яшчэ — спяваў у хоры, выконваючы народныя песні, а таксама песні ваенных гадоў. Яны былі блізкія яму па духу, таму што ў час Вялікай Айчыннай вайны Павел Яўхімавіч ваяваў у апалчэнні, абараняючы Радзіму.
Пасля вайны, калі людзі з вялікімі цяжкасцямі адбудоўвалі спаленыя фашыстамі хаты, пакідалі часовыя прыстанішчы — зямлянкі, калі вочы за гады ліхалецця прызвычаіліся да чорнага і шэрага колераў, яркасць фарбаў маляваных дываноў Марціновіча давала надзеюна новае жыццё, поўнае радасці і святла. Яго майстэрства асаблівым чынам вучыла бачыць у паўсядзённым прыгожае, быццам уводзіла ў іншуюрэальнасць, фантастычны свет, поўны казачных сюжэтаў, і праз гэта вяртала да жыцця збалелыя ад рэпрэсій, пажараў і вайны людскія душы.
Высокі ганак белага палаца, чыстае неба, велічныя горы ўдалечыні, азёрная гладзь, русалкі, човен, хлопец з дзяўчынаю, тонкае вясло ў яе руках, задуменная ўсмешка прыгажуні, напоўненая светлымі марамі пра каханне... Мастак умеў своеасабліва, толькі яму ўласцівым чынам глядзець на жыццё. Кожная дэталь дазваляла, здавалася б, спрошчаным формам пераўтварыцца ў арыгінальнуюкампазіцыю, з якой потым вырастаў дзівосны, пераасэнсаваны аўтарам самастойны мастацкі твор. Нават звычайныя фотаздымкі, зробленыя Паўлам Марціновічам, падкрэсліваюць майстэрства мастака і захапляюць.
Хутка пагалоска пра яго талент, чуткі пра які хадзілі яшчэ ў 1930-я гг., разышлася па ўсім наваколлі. Да мастака пачалі прыходзіць не толькі аднавяскоўцы, прыязджалі з заказамі жыхары суседніх вёсак — Обчын, Рачэнь, Закальное, Дубілаўка. Цяпер ужо вядома, што маляванкі Марціновіча сустракаліся ў Мінску, Слуцку, Бабруйску, гарадах Расіі.
Нарадзіўся будучы мастак у 1911 г. у вялікай сям’і сялян Яўхіма Аўраамавіча і Еўфрасінні Іванаўны Марціновічаў у Засмужжы. Хлопчык быў шостым з семярых дзяцей. Паспяхова скончыў Любанскуюсямігодку, дзе вывучыў беларускую, рускую, нямецкуюі нават яўрэйскуюмовы, засвоіўшы апошнююад гаспадароў хаты, дзе кватараваў падчас вучобы.
У Любанскай школе атрымаў і першыя навыкі малявання, якія потым так спатрэбіліся ў жыцці. Больш маляваннюнідзе не вучыўся, аднак прыродны талент зрабіў яго вядомым не толькі на Любаншчыне, але і далёка за яе межамі.
Да вайны Павел Яўхімавіч працаваў брыгадзірам паляводчай брыгады, быў дэлегатам ВДНГ у Маскве.
Мне захацелася больш даведацца пра гэтага творцу з народа, тым больш што ў канцы XIX ст. лёс звёў яго дзеда і майго прадзеда. Справа ў тым, што Аўраам Сцяпанавіч Марціновіч, дзед мастака Паўла Яўхімавіча, быў сярод пакупнікоў Засмужжа.
Цікава прыгадаць туюгісторыю. Мой прадзед, дваранін Іван Вікенцьевіч Сацкевіч-Статкевіч, даведаўшыся, што князь Вітгенштэйн прадае на Любаншчыне маёнтак Засмужжа, вырашыў купіць яго. Аднак патрэбна была вялікая сума грошай — ажно 30 тысяч рублёў срэбрам. Таму блізкія родзічы — Сацкевічы-Статкевічы, Карафа-Корбуты, Рудзінскія, Тычыны, Бараноўскія, Кунцэвічы — аб’ядналі свае намаганні, каб выкупіць маёнтак, які на той час ужо перайшоў да княгіні Марыі Львоўны Гагенлоэ, народжанай Вітгенштэйн.
Разам з названымі дваранамі маёнтак выкуплялі некалькі сем’яў з не зацверджанай у дваранстве шляхты і заможных сялян. Марціновічы таксама былі сярод пакупнікоў. Такім чынам, дзед мастака Аўраам Сцяпанавіч Марціновіч стаў разам з маім прадзедам Іванам Вікенцьевічам Сацкевічам-Статкевічам і іншымі гаспадарамі-заснавальнікамі вёскі Засмужжа.
Можа, таму так вабілі мастака мясцовыя краявіды. А мясціна і сапраўды была незвычайна прыгожая. Захапляцца было чым — добрыя сенакосы, векавы лес з магутнай дубровай, якая падыходзіла да ўскрайку вёскі; ліпы, бярозы, вязы. Адзін з іх яшчэ доўгі час пасля калектывізацыі ганарліва ўзвышаўся на калгасным полі над усёй акругай.
На дзень святых Пятра і Паўла ў вёсцы праводзілі мясцовы «кірмаш». Так у нас называлі свята вёскі, на якое збіраліся родзічы і сябры засмужцаў з наваколля. Весяліліся ажно па тры дні. Пасля застолля, якое ладзілася ў кожнай хаце, гулянне працягвалася ў маляўнічым месцы вёскі пад назвай Бярозы.
Павел з дзяцінства добра ведаў жыццё аднавяскоўцаў. На яго памяці ў вёсцы адбывалася калектывізацыя з усімі яе наступствамі, быў створаны калгас «Асвета», куды ўвайшла вёска Засмужжа. Здавалася, гэтыя гістарычныя падзеі павінны былі паўплываць на светапогляд вясковага мастака. Тым больш што калі б на карцінах маладога майстра з’явіліся сюжэты мірнай калгаснай працы, гэта было б ухвалена мясцовым кіраўніцтвам. Аднак Павел працягваў ствараць на палотнах своеасаблівы маляваны рай, перадаючы шчырасць пачуццяў і імкненне да поўнай гармоніі чалавека з прыродай.
У 1939 г. Павел Марціновіч ажаніўся з жыхаркай суседняй вёскі Рачэнь Параскай Кукраш, у іх нарадзілася трое дзяцей — Мікалай, Марыя і Ева, з апошняй мне давялося вучыцца ў пачатковай школе. Дарэчы, гэта цяпер у вёсцы Засмужжа, якая знаходзіцца за 9 км ад Любані, мала моладзі, а тады ў нашым класе было каля 20 вучняў. Дом маёй аднакласніцы Евы стаяў якраз па дарозе ад маёй бабулі Марыі Аляксандраўны да цёткі Зоі, таму мне вельмі зручна было наведвацца да Марціновічаў.
Майстэрня мастака размяшчалася ў самым вялікім пакоі дома, у святліцы. Памятаюсваё здзіўленне палотнамі. Дзіцячае ўяўленне ўразілі яркія колеры, велізарныя, як тады здавалася, памеры дываноў. У казачнай смузе — вяршыні гор, якія адбіваюцца ў воднай роўнядзі возера, беласнежныя воблакі на фоне захаду сонца, белыя лебедзі, прыгажуні-дзяўчаты ў чаўнах, мноства яркіх кветак — рамонкі, ружы, астры, касачы, зеляніна травы на ўзбярэжжы, белыя бярозкі...
Мяне цікавіла, як ствараліся маляваныя «каўры». Павел Яўхімавіч спачатку нацягваў палатно на раму, грунтаваў мылаварам і вапнай, затым старанна заціраў і фарбаваў яго ў чорны колер. Фарбы набываў у Мінску і нават у Маскве. Дываны былі напісаны настолькі якасна, што да гэтага часу амаль не змянілі сваіх колераў.
Паўла Марціновіча не стала ў 1980 г. Пахавалі яго на радзіме, на Дубілаўскіх могілках. Але імя мастака не забытае — добрая памяць пра яго жыве сярод землякоў.
Дзякуючы намаганням старшыні Любанскага райвыканкама Васіля Іванавіча Акуліча, начальніка аддзела культуры Любанскага райвыканкама Васіля Сцяпанавіча Каткаўца і супрацоўнікаў Любанскага дзяржаўнага музея народнай славы адбылося адкрыццё выставы «Маляваныя сны Паўла Марціновіча», прымеркаванай да 100-годдзя з дня нараджэння мастака. Падзея сабрала родных і блізкіх Паўла Яўхімавіча, аднавяскоўцаў. Сярод іх быў Уладзімір Ціханоўскі, які добра ведаў Марціновіча, бо ў маладосці працаваў загадчыкам клуба, дзе часта рэпеціраваў і спяваў у хоры Павел Яўхімавіч; унук мастака Юрый Кукраш, які падарыў музеюадну з работ свайго дзеда. Добрым словам успомніла самадзейнага мастака і яго аднавяскоўка, мая цётка Соф’я Статкевіч.
Не так даўно ў перыёдыцы прайшла публікацыя «Адкуль палац у вясковай хаце?» Сяргея Выскваркі, загадчыка арганізацыйна-творчага аддзела Любанскага раённага цэнтра культуры, і мастацтвазнаўцы Ірыны Смірновай. Аўтары згадвалі імёны самадзейных мастакоў Мінскай вобласці — Алены Кіш са Случчыны, Ядвігі Вайцешык з Салігоршчыны і Паўла Марціновіча з Любаншчыны, называючы яго творчасць «сапраўдным адкрыццём для традыцыйнага мастацтва Беларусі».
Праходзяць гады, мяняецца мода на карціны і дываны. Спецыялісты называюць народны жывапіс, створаны Паўлам Яўхімавічам Марціновічам і яго паплечнікамі па мастацтве, інсітным або наіўным, але знаходзяць у ім адказы на зусім не наіўныя, глыбокія філасофскія і эстэтычныя пытанні.
Пераклад з рускай мовы.
Аўтар ахвяруе ганарар на развіццё часопіса
Працяг будзе.