Я – сын Ваш. Летопись белорусской шляхты.

По вопросам приобретения книги обращайтесь в магазин «Академическая книга»

Максім Верашчака

КНІГАРНЯ

«Полымя», 6/2012


ВЯДЗЕ СТАТКЕВІЧ-ЧАБАГАНАЎ РАДАВОД...

Анатоль СТАТКЕВІЧ-ЧАБАГАНАЎ. Я — сын Ваш. Летапіс беларускай шляхты. Статкевічы, Сацкевічы-Статкевічы герба «Касцеша». Карафа-Корбуты герба "Корчак«. Мн.: Роднае слова, 2011.

Анатолий СТЕЦКЕВИЧ-ЧЕБОГАНОВ. Я — сын ваш. Летопись белорусской шляхты. Стецкевичи, Сацкевичи-Стецкевичи герба «Костеша». Карафа-Корбуты герба «Корчек». Мн.: Белорусская Православная Церковь, 2011.

Дзякуючы гэтай кнізе з’явілася рэдкая магчымасць пазнаёміцца з унікальным чалавекам і адначасова з вынікам ягонай падзвіжніцкай, адраджэнцкай, такой карыснай грамадству працы. Дык хто ж ён, Анатоль Статкевіч-Чабаганаў? Родам з вёскі Засмужжа Любанскага раёна. За плячыма мае 65 гадоў. Скончыў Ленінградскі інстытут дакладнай механікі і оптыкі па спецыяльнасцях «Электронныя вылічальныя машыны», «Сістэма кіравання балістычнымі ракетамі падводных лодак». Вучыўся таксама ў Вышэйшай школе кіравання пры Аграпрамысловым комплексе СССР у г. Маскве і ў Школе сусветнай эканомікі і англійскай мовы, а гэта г. Боўнмоўс, што ў Англіі. Працаваў на шмат якіх адказных пасадах. Цяпер з’яўляецца старшынёй назіральнага савета групы кампаній «Стецкевич».

Прыняўшы пад увагу рэаліі сённяшняга дня, біяграфія, хоць і адметная, аднак не сказаць, каб надта вызначалася сярод жыццяпісу тых, каго ўмоўна можна назваць «новымі беларусамі». Гэта так, калі б не адно маленькае, аднак разам з тым важнае «але». Але А. Статкевіч-Чабаганаў істотна розніцца ад тых, хто сёння актыўна выявіў свае арганізатарскія і ў самым шырокім сэнсе слова прадпрымальніцкія задаткі. Тым розніцца ён, што маёнтак Засмужжа да рэвалюцыі 1917 года належаў ягонаму дзеду Міхаілу Сацкевічу-Статкевічу і ягоным родзічам.

Чытач, дасведчаны ў нацыянальнай гісторыі, пачуўшы такое прозвішча, гатовы ўсклікнуць: «А ці не мае гэты Сацкевіч-Статкевіч дачынення да таго роду, які меў на ўвазе вядомы выдавец, аўтар папулярнага ў ХVІІ стагоддзі буквара (дарэчы, даследчыкі выдавецкай справы сцвярджаюць, што менавіта ён першым увёў слова „буквар“ у шырокі ўжытак) Спірыдон Содаль, калі на старабеларускай мове напісаў оду „На герб их милостей панов Стеткевичов“?». Мае, пры тым сама непасрэднае. Як і сам А. Статкевіч-Чабаганаў. Дый, дарэчы, і шмат якія ягоныя цяперашнія блізкія родзічы. А што гэта так, сам Анатоль Васільевіч і высветліў.

Вядома, падобны пошук патрабуе немалых намаганняў, і гэта з наскоку не робіцца. Двацццаць гадоў аддаў А. Статкевіч-Чабаганаў карпатлівай працы, вывучаючы даўнія матэрыялы па гісторыі шляхецкіх родаў у архівах не толькі Беларусі, а і Літвы, Польшчы, Украіны. Па крупінках збіраў ён неабходныя звесткі, каб, сістэматызаваўшы іх, у рэшце рэшт напісаць тое, што і склала змест кнігі «Я — сын ваш». Паступова заглыбляўся і ў гісторыю і іншых родаў, таксама не менш даўніх, дый не менш слаўных. Але найперш вабіў той, да якога належыць кнігарня Максім Верашчака ВЯДЗЕ СТАТКЕВІЧ-ЧАБАГАНА Ў РА ДАВОД... 170 м аксім верашчака сам: Стацкевічы, Сацкевічы-Статкевічы герба «Касцеша».

Паводле легенды, Касцеша — адважны рыцар, на мужнасць якога ў бітве пад Сноўскам, што адбылася ў 1072 годзе, звярнуў увагу кароль Баляслаў І Храбры. Паўстаў Касцеша перад сваім уладаром са зламаным мячом, са шматлікімі крывавымі ранамі на целе, з расшчэпленай на дзве часткі стралой, якая засела ў ягоным плячы. «Гэта і ёсць уся мая здабыча!» — заявіў ён Баляславу І Храбраму, ледзьве стоячы на нагах. «На памяць пра такую адвагу кароль, — чытаем у кнізе, — дазволіў рыцару змясціць у свой герб перакрыжаваныя стралу і меч. На чырвоным фоне — выява раздвоенай стралы, скіраваная ўгору; у кляйнодзе — над прылбіцай — шляхецкая карона з трыма страусавымі пёрамі. Пазней гэты знак пачалі называць «Страла выратавання». Дарэчы, герб «Касцеша» быў вельмі папулярным яшчэ і ў ХІХ стагоддзі. Нават адна з яхтаў расійскіх імператараў яго мела.

«Страла выратавання» стала і знакам серыі «Летапіс беларускай шляхты», пра першую кнігу якой і ідзе гэтая гаворка. Дарэчы, яна выйшла па благаславенні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта. Высокапраасвяшчэннейшы Мітрапаліт, у прыватнасці, зазначае: «У Бога нет мертвых: у Него все живы! А значит, мы все — одна семья, одна земля, один народ, одна вера, один крестный жизненный путь по образу Христа Спасителя. И воскресение наше будет всеобщим. Оно уже началось, если в сердце человека луч Божественной любви не заглушается стихиями мира сего, но становится негасимым пламенем. Мы приветствуем благочестивые намерения, воплотить которые взял на себя труд Анатолий Василевич в данном исследовании».

Да месца сказаць, што А. Статкевіч-Чабаганаў з’яўляецца не толькі рупным даследчыкам беларускай культуры, а і вядомым фундатарам, які аказвае дапамогу ў аднаўленні разбураных храмаў і манастыроў. Менавіта ён стаў адным з уладкавальнікаў помніка Святой Сафіі, княгіні Слуцкай. Звычайна, калі ў яго пытаюцца, чаму ён накіроўвае свае сродкі на такія важныя праекты, чаму не шкадуе для гэтага вольнага часу, Анатоль Васільевіч адказвае: «Я думаю, гэта ад маіх продкаў».

«Я — сын Ваш» — таксама помнік. Усяму людству добраму і пашанотнаму, якое належыць да тых двух знакамітых родаў, пра якія гэтым разам расказвае А. Статкевіч-Чабаганаў. Дарэчы, род Карафа-Корбутаў — таксама знакаміты, бярэ свой пачатак з князёў венецыянскіх. Адзін з яго прадстаўнікоў шляхціц герба «Корчак» Павел Карафа перасяліўся ў Польшчу ў час праўлення Уладзіслава Ягайлы. Спачатку знаходзіўся пры каралеўскім двары, а затым служыў у войску, маючы званне палкоўніка, выслужыўся ў вайне з крыжакамі.

Кніга (па такім прынцыпе будуць пабудаваны і наступныя) удала кампазіцыйна прадумана. Змешчаны кароткае апісанне і радаводныя роспісы, прыводзяцца цікавыя факты і займальныя сюжэты з жыцця пэўных прадстаўнікоў беларускай шляхты, копіі гістарычных дакументаў. Радаводныя роспісы пададзены так, што першы лік абазначае парадкавы нумар пэўнага прадстаўніка роду, а другі дазваляе даведацца, ад якога продка ён паходзіць. Гэта вельмі зручна, бо лёгка ўбачыць і прасачыць роднасныя сувязі і ступень роднасці. Істотна і тое, што імёны продкаў і нашчадкаў аўтара кнігі пазначаны чырвоным колерам. Таму лёгка ўбачыць, з кім А. Статкевіч-Чабаганаў быў і ёсць у радстве.

Не буду пералічваць, колькі сярод іх людзей слынных, якія назаўсёды пакінулі свой след у гісторыі. Цікаўны чытач пра гэта даведаецца сам, знаёмячыся з кнігай «Я — сын Ваш». Зазначу толькі, што вельмі цёплымі, сардэчнымі атрымаліся раздзелы, у якіх А. Статкевіч-Чабаганаў расказвае пра самых блізкіх яму людзей: «Мой дзед Міхаіл Іванавіч Сацкевіч-Статкевіч», «Мая бабуля — Марыя Аляксандраўна Карафа-Корбут», «Мая мама — Аляксандра Міхайлаўна Сацкевіч-Стацкевіч», «Мой дзядзька — Іван СацкеВЯДЗЕ СТАТКЕВІЧ -ЧАБАГАНАЎ РА ДАВОД... 171 віч-Стацкевіч», а поруч змешчаны раздзельчык «З сямейных гісторый». Многія са сваякоў Анатоля Васільевіча прайшлі праз страшныя выпрабаванні, калі былі аб’яўлены ворагамі, але не зламаліся ні фізічна, ні духоўна. Іхнія блуканні па пакутах — гэта па сутнасці тое, што зведалі дзясяткі, сотні тысяч ні ў чым не вінаватых людзей. Гэта тая праўда, ад якой заўсёды будзе балюча, але без яе, гэтай праўды, не абысціся. Таму застаецца неаднойчы прамаўляць «дзякуй» А. Статкевічу-Чабаганаву затое, што ён узяўся сказаць пра гэта. Гэта таксама частка таго грамадзянскага подзвігу, які здзейсніў, займаўся даследаваннем гісторыі даўніх беларускіх шляхецкіх родаў.

Істотна і яшчэ вось што: сярод багатага ілюстрацыйнага матэрыялу вялікае месца займаюць фотаздымкі. Ёсць сярод іх і зробленыя бліжэй да нашых дзён, але і нямала такіх, якія таксама ўжо сталі гісторыяй. На многіх з іх аб’ектыў фотаапарата занатаваў воблікі блізкіх Анатолю Васільевічу людзей. Што адразу кідаецца ў вочы, дык тое, што воблікі гэтыя вельмі адухоўленыя. Перад табой нібы жывыя людзі. Канечне, нельга адмаўляць майстэрства тых, хто рабіў гэтыя здымкі ў той час, калі гэтая важная справа яшчэ не была пастаўлена на паток, як сёння. Толькі відавочна і іншае: гэтыя людзі былі такімі ж і ў сваім паўсядзённым жыцці: добрымі, чулымі, спагадлівымі, на дзіва багатымі духоўна.

У рэшце рэшт, прыгадайма лёсы прадстаўнікоў асобных знакамітых родаў, пра якія ведаем з літаратуры, не ў апошнюю чаргу з літаратуры мастацкай. Незалежна ад таго, кім прадстаўнікі іх з’яўляліся па прафесіі, якой справай займаліся, яны найперш паўставалі інтэлігентамі. Такой інтэлігенткай была і мама А. Статкевіча-Чабаганава, якая памерла на 80 годзе жыцця. «Яна не хацела, — прыгадвае аўтар кнігі, — каб яе пахавалі ў Засмужжы, дзе столькі ўсяго прыйшлося перажыць. Знайшла апошні спачын на Паўночных могілках у Мінску. Там усталяваны помнік і адначасова мемарыял усім маім рэпрэсіраваным у 1930-я гг. родзічам: мама ў тужлівай паставе абапіраецца на старажытную амфару з дваранскімі гербамі яе бацькоў — Статкевічаў і Карафа-Корбутаў. Каля ног мамы — крыж, на якім увекавечаны прозвішчы тых яе блізкіх, чые магілы невядомы...»

У вершы «Радавод», прысвечаным Анатолю Васільевічу, Мікола Мятліцкі піша:

Адтуль, дзе досвітак славянаў,
Дзе гул эпох, як гул грымот,
Вядзе Статкевіч-Чабаганаў
Маёй Айчыны радавод.

Так, вядзе ён радавод усёй Беларусі, гісторыя якой складаецца не толькі з вялікіх і малых падзей, а і з жыццяпісу асобных родаў, за радкамі якіх паўстаюць тыя, хто і з’яўляўся рухаючай сілай самой гісторыі. Робіць гэта А. Статкевіч-Чабаганаў годна, сумленна, з вялікай адказнасцю. Так робіць, што і іншым прыклад паказвае, як трэба ашчадна ставіцца да сваіх каранёў, як неабходна зазіраць у глыб свайго роду, каб даведацца, хто стаяў ля ягоных вытокаў і дзякуючы каму мы самі з’явіліся на гэтай зямлі. Несумненна, знаёмства з ягонай кнігай (добра, што яна выйшла ў двух варыянтах, на беларускай і рускай мове, а гэта, безумоўна, паспрыяе пашырэнню яе чытацкай аўдыторыі) падштухне шмат каго заняцца і ўласнымі росшукамі. Такіх жадаючых, безумоўна, стане больш, калі з’явяцца наступныя кнігі, у якіх ва ўсёй сваёй велічы і красе паўстануць роды Рудзінскіх, Тычынаў, Забэлаў, Глінскіх, Корзунаў, Карыбута-Дашкевічаў, Жаўрыдаў, Бучынскіх і многіх іншых. «Толькі, сябры мае, — хочацца працытаваць Уладзіміра Ліпскага, аўтара прадмовы „З паклонам і верай у нашчадкаў“, — не расчароўвайцеся на першых кроках. Варта пачаць дзьмуць на попел згарэлага дрэва, і з-пад яго адкрыецца гарачае, зыркае вуголле, якое распаліць жаданы касцёр гістарычнай памяці».

Все статьи «