Я – сын Ваш. Летопись белорусской шляхты.

По вопросам приобретения книги обращайтесь в магазин «Академическая книга»

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў

Забэлы герба «Тапор»

«Роднае Слова», 8/2010

Герб роду Забэлаў.

Мой прапрадзед Вікенцій Якаўлевіч Сацкевіч-Статкевіч 15 кастрычніка 1839 г. у Пясецкай Пакроўскай царкве Ігуменскага павета вянчаўся з Марыяй Андрэеўнай Забэлай, рымскага веравызнання, якая, па сведчанні метрычнай кнігі, пры рэгістрацыі шлюбу была названа Ізабэлаўнай.

Забэлы — дваранскі род Вялікага княства Літоўскага герба «Тапор», які бярэ пачатак у XVI ст. і дзеліцца на чатыры галіны, унесеныя ў VI і I часткі радаводнай кнігі дваран Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскай губерняў.

З роду Татураў выйшла шмат знакамітых асоб, у тым ліку і беларуская паэтэса Наталля Татур. «Наш род, – як распавядала сама Наталля, – у Польшчы лічыўся адным з найстаражытнейшых. Першапачаткова прозвішча гучала як Тур, а тая галіна роду, што перасялілася з Францыі, пісала яго звычайна з прыстаўкай «Ля». У час Варфаламееўскай ночы палякі-католікі пакінулі краіну, і мае продкі, перасякаючы межы княства Літоўскага, кімсьці былі названы Татурамі.

Герб роду Забэлаў уяўляў сабою белую сякеру на чырвоным фоне, вастрыём павернутую ў левы бок шчыта, над шлемам такая ж сякера, вастрыём да зямлі нагнутая, быццам урэзаная.

Паводле легенды, у старажытныя часы жылі ў польскім каралеўстве тры браты – рыцары, якія за подзвігі ў бітвах атрымалі герб і прозвішча Тапорчыкавы. Адзін з іх, Зягота, якому захацелася пашукаць прыгод у чужых краях, вярнуўся пасля доўгіх блуканняў дадому, але браты яго не прызнавалі, і тады ён адправіўся да караля. Той, выслухаўшы пакрыўджанага, сказаў: «Дам я табе другі герб і назаву яго “Стары конь”. А папярэдні герб, дзе змешчана выява сякеры з сярэбраным лязом і залатой рукаяткай – няхай застанецца тваім братам».

Адзін з найцікавейшых дакументаў канца XVI ст. – прывілей караля Жыгімонта ІІІ на пацвярджэнне шляхецтва Яна-Якуба Ізабелюса, які прыехаў з італьянскай Вероны на тэрыторыю Кароны Польскай і ВКЛ, і наданне яму ўсіх правоў тутэйшай шляхты – наводзіць на думку пра магчымае паходжанне нашага роду Забэлаў з Веронскай зямлі. Паходжанне Якуба пацвердзілі людзі вядомыя пры двары караля, а таксама паны, якія прыехалі з яго мясцовасці раней, ведалі яго продкаў і дасягнулі ў ВКЛ пасад і павагі.

“Жикгимонт Третии, Божю м(и)л(о)стю корол польскии, Великии князь литовскии, рускии, прускии, жомоитъскии, мазовецкии, ифлянтскии и шведскии, кготскии, вандалскии, дедичныи корол, ознаимуемъ симъ н(а)шимъ листомъ нинешънимъ и на потомъ будучимъ, кому бы о томъ ведати належало, иж маючимъ певную ведомост, же урожоныи Якуб Изабелюс, прыбывшы с Панства Влоског(о) Венецкого до Панствъ тутошних Короны Полское и Великог(о) Князьства Литовског(о) за щасливого панованя продка и вуя н(а)шого светобливое памети короля ег(о) м(и)л(о)сти Жыкгимонта Августа, з молодости ажъ до теперешних вжо зешълыхъ лет своих тут векъ свои тривал и по вес часъ валки з дедичнымъ неприятелемъ тыхъ Панствъ Великим Кн(я)земъ Московъскимъ такъ за короля его м(и)л(о)сти Жикгимонта Августа, яко и за короля ег(о) м(и)л(о)сти Стефана, жолнерскую служечи поручником в ротахъ ротмистров в он часъ на службе будучихъ Петра Радецкого и Александра Кгвакгнина, будучы в частыхъ и значъныхъ потребахъ бывал, кров неприятелскую разливал и все то, што доброму рыцерскому чоловеку чинить належало, он з милости свое ку ихъ королевъским маестатомъ и ку Речи Посполитои того Панства хутливе выконывал и так собе права, волности и свебоды тутошние уподобал, же до Отчизны и Панства того, в котором се с продковъ своихъ зродил и волне оттуль выехал, незворочаючы маетности, лежачое оселости шляхетское у воеводстве Витебъскомъ прыстоине набылъ и станомъ малженскимъ от П(а)на Б(о)га обдарован будучы, векъ житья своег(о) тамъ доконати умыслил. А догожаючи праву посполитому Великог(о) Князьства Литовского, которым кождому чужоземцу оселости шляхетское у Великом Князьстве Литовскомъ набывати позволено, тымъ способом же повинен вывестися, естли естъ шляхтичъ, и прысягу тому Панству на верное подданство выконат, он тежъ, Якуб Изабелюсъ, варуючи целость права посполитог(о) не толко о собе, але и потомъству своему, утеклъсе до нас, г(о)с(по)д(а)ря, и положивши лист от врядников земскихъ и кгродскихъ и от всего рыцерства шляхты обывателев воеводства Витебъског(о) на соимик, // до Витебска згроможоныхъ, под печатьми и с подписомъ рук ихъ ему данныи, которые о заслугахъ и о пристоиномъ черезъ него набытью оселость, так же и о томъ, же он ку высветченью шляхетства своего про далекость и одлегълость местъца на враде у Витебъску людеи уроженя его ведомых ставити не мог, сведецъство певное даючи прозбы свои за нимъ донесли. А пры томъ положеню листа ставил пред нами и у книг канцлярыи н(а)шое людеи добрыхъ шляхту с тамътого Панства Влоского на теперешънемъ соиме пры дворе н(а)шомъ будучыхъ, тоестъ урожоных Александра Кгвакгнина, грабю з Вероны, а Доминика Морого, ротъмистров н(а)шихъ, Миколая Букъцелю, доктора н(а)шого, которыие то под сумъненьем и присягами своими вызнали, же он естъ з уроженя своего старожитныи шляхтич такъ зъ отца, яко и з матки. Отца его звано Ленартусъ Изабелаюсъ зъ Изабел, геръбъ ихъ в жолътомъ полю оролъ, а матку звано Алжбета Де Сылванеис, гербъ в чирвономъ полю гартъ белыи. А при сознаню тыхъ особ он, будучи готовъ на томъ всемъ и на верность Великому Кн(я)зьству Литовскому прысегу выконати, бил намъ, г(о)с(по)д(а)ру, чоломъ, абысмо в том, до чого ему и само право посполитое дорогу вказало, щодробливое ласки н(а)шое не замыкаючи, листомъ н(а)шимъ его обваровали. За которымъ ихъ м(и)л(о)сть п(а)ны рада и върадники н(а)ши, на томъ соиме при нас будучие, заслуги его ку продкомъ н(а)шимъ, ку нам самим и Речи Посполитои хутъливе отдаване залеваючи в прычине насъ жодали. Мы, г(о)с(по)д(а)ръ, видечи в том прозбу его быт слушъную и с правомъ посполитымъ згодную, с повинности и щодробливое ласки н(а)шое г(о)с(по)д(а)рское догажаючи в том не только чоломъ битю ег(о) причине панов рад и врядников н(а)шихъ, але тымъ досконалеи праву посполитому, ласкаве есмо на то все позволили, якожъ он и прысягу в канцлярыи нашои на том, яко повинен был, выконал. За которым таковымъ через него досыт учиненемъ праву посполитому, пры старожитном уроженю его шляхетском самого и потомъковъ его, зоставуемъ: маеть он, потомки и щадки его оселости, добръ, маетности лежачое шляхетское, тепер в держанью его будучое, и потомъ через него набытое, спокоине держати, часы воины сполне зъ иншою шляхтою обывателми Великог(о) Князьства // Литовского под хоругвою земскою становить и всихъ прав волностеи, оздоб и свебод шляхетскихъ яко шляхтичъ с продков своихъ добре урожоныи заживати и з них веселити на вси прышълые, вечные и потомъные часы, ведь же сесь привилеи н(а)шъ не маеть ничог(о) уимовать, ани перешкажат правомъ и волностям места н(а)шего Витебского. Што все ему и потомъкомъ его утверъжаючи, сес н(а)шъ листъ рукою н(а)шою подписаныи ему есмо дали. До которого и печат н(а)шу Великого Князьства Литовского привесить есмо росказали.

Писанъ у Варшаве на соиме валномъ лета от нароженя Сына Божего тисеча пятсотъ деветдесят осмог(о) м(е)с(е)ца апреля трынадцатог(о) дня, королеваня Панствъ н(а)шихъ Коруны Полское и Великог(о) Князьства Литовского одинадцатог(о), а шведского пятог(о) року”.

Пра маіх далёкіх родзічаў пісаў польскі пісьменнік Курапатніцкі. Ён выказваў добрыя словы пра Забэлаў і сцвярджаў, што яны са старажытнасці карысталіся па законе дадзенымі дваранскаму саслоўю прывілеямі, а польскія каралі за заслугі перад Айчынай жалавалі ім маёнткі.

Родапачынальнікам нашай радаводнай галіны лічыцца Пётр Забэла. Вось што напісана пра яго ў адным з дакументаў: “Жыхар Навагрудскага ваяводства, які валодаў як дваранін земскі маёнткам, названым Душава Крывое Сяло, у час вайны з Расіяй, страціўшы ўсю рухомасць, ледзьве выратаваў сваё жыццё, учыніў маніфест у земстве Навагрудскім, дзе, выкладаючы агульныя страты, гаворыць пра знішчэнне дакументаў роду яго, а іменна: прывілей караля Жыгімонта I папярэдніку свайму Мацвею Забэлу на маёнтак Галіча дадзены, а таксама граматы каралевы Боны”.

На жаль, многія дакументы былі сапраўды страчаны, але некаторыя захаваліся і дайшлі да нашых дзён. Нядаўна мне ўдалося адшукаць рэестр аб зборы падаткаў з жыхароў Навагрудскага ваяводства за 1685 г., дзе значыцца, што пан Пётр Забэла з Душава Крывога Сяла заплаціў 6 злотых за зямлю, за сябе з жонкай, пані маці, дачку і простую чэлядзь.

Біклага паходная з гербам «Тапор». 1784 г. На адваротным баку — выява святога Георгія Пераможца. З калекцыі Анатоля Статкевіча-Чабаганава.

Прывяду з гродскіх кніг Навагрудскага ваяводства яшчэ адзін дакумент ад 27 верасня 1693 г.: “Я, зяменін Яго Каралеўскай міласці Крыштаф Міладоўскі, паведамляю сапраўднаю маею добравольнаю вячыста продажнаю здзелкаю, якая служыць спадарам бацьку Пятру і сынам яго Івану і Казіміру Забэлам у тым, што я, маючы вотчынны мой маёнтак Сакаляцічы называемы… вызначыў з пайменнага маёнтка чатыры двары прыгонных сялян з іх жонамі, дзецьмі, усёй маёмасцю за дамоўленую суму 15 000 тынфаў бацьку Пятру і яго сынам Івану і Казіміру Забэлам прадаць”.

Гэтым дакументам Міладоўскі дазваляе выкупленых сялян перасяліць у маёнтак Душава Крывое Сяло, калі на тое будзе воля пакупнікоў.

А вось выпіс з актавай кнігі Навагрудскага павятовага суда з актыкацыяй духоўнага завяшчання Евы Адамаўны з Глебкаў Забэлы ад 29 жніўня 1693 г. Ухваляючы Госпада Бога і адным радком паведамляючы, дзе яна хацела быць пахаванай, усё наступнае пасланне Ева Адамаўна прысвячае дарагому мужу і мілым дзецям. Увесь тэстамент прасякнуты клопатам пра іх: “…У Імя Айца і Сына і Духа Святога да збудзецца воля Яго Святая. Амінь. Я, Ева Адамаўна Глебавічаўна Пятрова Забэлава, зяменка Яго Каралеўскай Вялікасці Навагрудскага ваяводства будучы наведана цяжкай хваробай, але застаючыся пры цвярозым розуме і памяці вырашыла ?...? апошняй воляй маёмасць маю, якую ад бацькоў давялося пасля Адама Сяргеевіча Глебкі, а таксама мамы маёй пані Марыяны Ліхадзееўскай, названае Душава Крывое Сяло ў Навагрудскім ваяводстве размешчанае, размеркаваць: якую суму пакойны бацька адпісаў па духоўным завяшчанні і ўсе мае рухомыя рэчы нікому другому, як толькі мужу майму пану Пятру Забэлу, пажыццёва адпісваю, а пасля яго сынам маім Івану і Казіміру Забэлам на вечныя часы адпісваю. З такавой маёмасці маёй павінен любы муж мой, калі б пры жыцці яго Усявышні даў сябра дачцы Еўфрасінні Забэлаўне, то муж мой дасць ёй пасаг, а ў выпадку смерці яго, чаго Божа ўпасі, то сыны мае забяспечаць сястру сваю пасагам, яны абавязаны даць ёй наяўнай сумы 100 злотых акрамя нерухомасці. Найбольш упрошваю, каб крыўды ёй не чынілі…” Душапрыказчыкамі Ева Адамаўна прызначыла сваіх найбліжэйшых родзічаў: дваюраднага брата князя Багуслава Глінскага Ліхадзіеўскага і шурына Івана Іржыковіча.

Чытаць без хвалявання пасланне з мінулага маёй пра…прабабулі немагчыма. Дакумент гэты падказаў, што маці Евы – Марыяна паходзіла з княжацкага роду Глінскіх-Ліхадзіеўскіх, і што Адам і Ева мелі трох сыноў, адзін з якіх – мой прамы продак Казімір, які затым валодаў часткаю маёнтка Сакаляцічы і спадчынным маёнткам Душава Крывое Сяло Навагрудскага ваяводства. Пра Казіміра ўпамінаецца і ў квітанцыі ад 8 чэрвеня 1707 г.: “...высакароднаму Казіміру Забэлу ад камісараў па пастаўцы правіянту для імператарскіх расійскіх войск”. Жонкаю Казіміра стала Кацярына, дачка рэчыцкага чашніка Валерыяна Кернажыцкага.

Генрых Забэла — нашчадак генерал-маёра Міхаіла Забэлы, які атрымаў разам з бацькам і братамі графскі тытул за перамогу над туркамі каля Вены. 1914 г. Полацкая гімназія.

Неабходна адзначыць, што Душава Крывое Сяло знаходзілася за некалькі кіламетраў ад Капыля і мае родзічы Забэлы сталі прыхаджанамі Капыльскага касцёла. У архівах захаваліся, што здараецца вельмі рэдка, метрычныя кнігі гэтага касцёла ад канца XVII і да пачатку XIX ст., яны сталі крыніцай дакладных звестак пра гісторыю майго роду за некалькі пакаленняў. З гэтых кніг я даведаўся, што сын Казіміра Забэлы Уладзіслаў-Валяр’ян быў ахрышчаны 18 красавіка 1708 г. ксяндзом Янам-Восіпам Калакоўскім у Капыльскім касцёле, хроснымі бацькамі сталі Ян-Антоній Гардына, Андрэй Арціхоўскі, Пётр і Рэгіна Рагальскія, Апалонія Шулешуна Карловічава з Крывога Сяла.

З тых жа метрычных кніг вынікае, што сын Уладзіслава-Валяр’яна Марцін-Антон быў жанаты на Людвіцы Іванаўне Ушынскай, і ў іх 15 сакавіка 1797 г. нарадзіўся сын Андрэй, які затым вянчаўся ў Грозаўскім касцёле з Ганнай Самуілаўнай Татур. У іх было дзевяць дзяцей. Абедзве дачкі Андрэя і Ганны выйшлі замуж за прадстаўнікоў роду Статкевічаў. Адна з іх – Марыя Андрэеўна Забэла – стала жонкай майго прапрадзеда Вікенція Якаўлевіча Сацкевіча-Статкевіча.

Траюрадная сястра Фёдара Іванавіча Забэлы Соф’я Антонаўна і яе муж Іван Рыгоравіч Арцішэўскі ў дзень шлюбу. 1923 г.

Андрэй Забэла быў прызнаны ў дваранстве рашэннем Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу 21 ліпеня 1804 г. і дадатковай рэзалюцыяй ад 10 верасня 1832 г. Некаторы час пасля жаніцьбы ён жыў у засценку Старына Слуцкага павета. Калі яго не стала, яго дзеці разам з маці Ганнаю пераехалі ў засценак Малінава на ўласную зямлю, якую купілі ў памешчыка Маліноўскага.

Маёнтак Крушыны так і не дастаўся маладому даследчыку. Аб’яднаная палата пры разглядзе духоўнага завяшчання патлумачыла, што пераход нерухомай маёмасці Генрыку Татуру ва ўласнасць як асобе рымска-каталіцкага веравызнання дапушчаны быць не можа. Не дапамог і Урадавы Сенат, куды Татур звярнуўся са скаргаю. Прычына адмовы была вядомая: нядаўна пракацілася паўстанне, да якога далучыліся некаторыя знатныя людзі. За гэта яны пазбаўляліся сваіх званняў, маёнткаў і зямель. Каб захаваць набытае, многія перадавалі свае багацці тым, хто не меў адносін да вірлівых падзей…

У цэлым лёс спрыяў прадстаўнікам гэтай галіны роду Забэлаў. Вызначэннем Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу іх заўсёды адносілі да вышэйшага саслоўя і змяшчалі ў першую частку дваранскай радаслоўнай кнігі Мінскай губерні. Аднак з зацвярджэннем у Санкт-Пецярбурзе ўзніклі праблемы з-за памылак у дакументах. У канцы ХIХ ст. пасаду сакратара Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу займаў Кузьма Феліксавіч Татур, магчыма, менавіта ён, як родзіч па Ганне Татур, дапамог Забэлам і даў неабходныя звесткі, каб зацвердзіць іх род у дваранстве.

Караткевіч — муж Марыі Антонаўны Забэлы, траюраднай сястры Фёдара Іванавіча Забэлы.

Адзін з яркіх прадстаўнікоў роду – Фёдар Іванавіч Забэла – траюрадны брат майго дзеда. Пра яго ў энцыклапедыі “Вялікае княства Літоўскае” напісана: «Нарадзіўся ў сакавіку 1896 года ў вёсцы Чабусы Бабруйскага павета. Зараз гэта Любанскі раён. Беларускі гісторык. Закончыў БДУ. З 1920-га года працаваў у сельскай школе. В 1925 – 28 гадах вучыўся ў аспірантуры БДУ пад навуковым кіраўніцтвам прафесара У. І. Пічэты.

З 1928 года навуковы супрацоўнік Інбелкульта і Беларускай акадэміі навук. З 1929 года працаваў у Магілёўскім дзяржаўным архіве. Даследаваў гісторыю сялянства і сельскай гаспадаркі, жыццё гарадоў Беларусі ў XVI–XVIII стст. Першым з беларускіх гісторыкаў даследаваў феадальныя памесці і становішча прыгоннага сялянства. Паказаў ролю заканадаўства, у прыватнасці Статута ВКЛ 1588 года ў станаўленні і далейшым умацаванні прыгоннага права на Беларусі, падкрэсліваў, што эксплуатацыя сялянства ў XVIII ст. узрасла. Арыштаваны ў 1930-м годзе па справе “Саюза вызвалення Беларусі”. Сасланы ў Елабугу на пяць гадоў, дзе і памёр».

Да звестак у энцыклапедыі неабходна дадаць: нарадзіўся Фёдар Іванавіч у сям’і заможнага землеўладальніка. Пасля заканчэння гімназіі паступіў у Кіеўскі універсітэт на медыцынскі факультэт, потым вучыўся на гісторыка-філалагічным, закончыць які перашкодзілі рэвалюцыя і белапольская акупацыя. Даваў курсісткам урокі лацінскай мовы, служыў у Кіеўскім губернскім камітэце. Вярнуўшыся дадому, жыў у вёсцы і працаваў у школе. Яшчэ вядома, што малады вучоны быў старшынёй культурна-гістарычнай секцыі краязнаўчага таварыства ў Магілёве, арганізоўваў драматычныя і антырэлігійныя гурткі, нават прымаў удзел у стварэнні калгасаў – ад такіх даручэнняў бальшавікоў у той час адмовіцца было нельга. Але больш за ўсё ён вылучыўся ў даследчай працы, у пошуках забытых старонак нашага мінулага. Многія высновы навукоўцаў не падабаліся савецкай уладзе, і яна расправілася з тым, хто лічыў Статут Вялікага княства Літоўскага самым перадавым у Еўропе тых часоў і ганарыўся гісторыяй свайго народа.

Фёдару Іванавічу прыгадалі ўсё: і тое, што ён сын памешчыка і былы дваранін, і тое, што служыў у асабістым гетманскім канвоі ў Кіеве. Але самае галоўнае абвінавачванне заключалася ў арганізацыі Забэлам філіяла “Саюза вызвалення Беларусі” ў горадзе на Дняпры, што катэгарычна адмаўляў падсудны. Калі ў яго на допыце спыталі, што яму вядома пра нацыянал-дэмакратаў, Фёдар Іванавіч адказаў:

– Вядома мне наступнае: імкненне нацдэмакратаў нацыянальныя пытанні ставіць вышэй за класавыя, вывядзенне тэорыі самабытнасці, сцягванне аграрнай палітыкі партыі ў бок капіталізму, што адлюстравалася ў хутарызацыі і пасялкоўшчыне, ідэалізацыя мінулага Беларусі.

Анкета Фёдара Іванавіча Забэлы з дакументаў АДПУ. 1930 г.

Фёдар Іванавіч Забэла раздзяляў гэтыя погляды. За іх і паплаціўся.

Адна з галін роду Забэлаў валодала графскім тытулам. Вось сведчанне з кнігі Вілкамірскага гродскага суда ад 1 кастрычніка 1699 г. – грамата імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Леапольда I палкоўніку Саламону Забэлу на графскі тытул ад 13 верасня 1683 г., дзе гаворыцца: “Леапольд I Божаю міласцю рымскі імператар германскі, венгерскі, герцаг аўстрыйскі ?…? аб’явіўшы сім, што мы з вялікім задавальненнем узнагароджваем польскае воінства, якое ў такім небяспечным стане дзяржавы нашай у час асады шматлікім турэцкім войскам горада Вены, прыбыўшы пад кіраўніцтвам любага брата і саюзніка нашага караля польскага Іаана ІІІ, абаронцы веры і сталічнага горада нашага, і, з дапамогаю Бога, мужна змагаючыся, ушчэнт разбілі небяспечнага непрыяцеля хрысціянства. У памяць такой перамогі мы, падахвочаныя просьбаю ўдзельнічаючай ў гэтай вайне нацыі, і са згоды і па благаславенні главы царквы нашай пана Інацэнція ІX, пастанавілі святкаваць той дзень, праявіўшы разам з сім нашу імператарскую ўдзячнасць многім воінам з польскіх войск, якія з мужным каралём сваім былі саўдзельнікамі ў гэтай справе, паміж якімі Вы, Саламон на Хршчоне Тапорчык са Збілютаў Забэла, палкоўнік, які першы з ліку бясстрашных гусар, сваімі Міхаілам, Мікалаем і Сямёнам, рушыў на войскі Карафы Мустафы, і ў асобе ўсіх хрысціянскіх войскаў, адабраўшы ў ворага сцягі, аддаў свайму каралю, за гэты подзвіг надзяляючы Вас графскай годнасцю нашай дзяржавы, ажно да заканчэння роду Вашага, і з сілай дадзенай ад Бога і Св. апостальскай сталіцы ўлады загадваем, каб у цэлым нашай дзяржаве сім тытулам Вас іменавалі і шанавалі, разам з тым просім любезнага брата нашага гасудара Вашага, каб дазволіў Вам называцца сім тытулам ?…? роду Вашага. Грамату гэтую аб’яўленую, нашаю рукою падпісаную, дзяржаўную пячатку прылажыць загадалі. Дадзена ў Лінцы 1683 года верасня 13 кіравання ж нашага 26 года...” Трэба адзначыць, што мужны палкоўнік Саламон страціў сваё жыццё ў той жа год у бітве пад Парканамі.

А вось прадстаўнікі восьмага калена гэтага роду. Граф Генрых Забэла, чый бацька Восіп загінуў у Варшаве, атрымаў разам з маці ў 1797 г. ад імператара Паўла I “в воздаяние усердия и приверженности да Расійскай імперыі” ў спадчыннае валоданне Цельшаўскае і Вількіскае староствы. Саксонскі кароль прызначыў Генрыху пасаду камергера пры сваім двары двора, а імператар Аляксандр I – пасады камергера польскага двара і пасаду вялікага надворнага канюшага.

Міхаіл, сын графа Шымона Забэлы, атрымаў у 1812 г. крыж ганаровага легіёна за подпісам князя Ваграле і Невшатле Аляксандра Бярцье. Быў выбраны прадвадзіцелем Ігуменскага павета, што пацвярджала пасведчанне мінскага губернскага прадвадзіцеля дваранства ад 7 красавіка1834 г.

Восіп, сын графа Ігнація, атрымаў 3 кастрычніка 1825 г. ад імператара Аляксандра I ордэн Святой Ганны другой ступені з алмазнымі ўпрыгожваннямі, а 23 лістапада1830 г. – знак за прыкладную 15-гадовую беззаганную службу. Як ганаровы сматрыцель вучылішчаў Ковенскага павета быў узнагароджаны ордэнам Святога Уладзіміра трэцяй ступені.

У дзевятым калене роду Забэлаў таксама былі годныя прадстаўнікі. Ігнацій, сын графа Ануфрыя, ковенскі павятовы маршал атрымаў у 1823 г. ад імператара Аляксандра I ордэн Святой Ганны другой ступені; ад імператара Мікалая I – ордэн Святога Уладзіміра і Святой Ганны другой ступені, упрыгожаны імператарскай каронай. Па ўказу генерала-ад’ютанта князя Далгарукава былы віленскі губернскі прадвадзіцель дваранства камергер граф Ігнацій Забэлаў быў пажалаваны ў стацкія саветнікі.

У сваім даследаванні мы разглядалі дзве галіны роду Забэлаў герба “Тапор”, але неабходна зазначыць, што яшчэ дзве галіны гэтага роду карысталіся гербам “Мзура” або “Ліс”.

Забэлы пакінулі на сваёй зямлі адметны след. Думаючы пра гэта, перачытваючы архіўныя матэрыялы, я яшчэ раз раблю выснову, што вывучаючы мінулае, мы лепш разумеем наша сучаснае і дбаем пра будучае.

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Пераклад з рускай мовы.
Працяг будзе.
Аўтар ахвяруе ганарар на развіццё часопіса.

Все статьи »