Я – сын Ваш. Летопись белорусской шляхты.

По вопросам приобретения книги обращайтесь в магазин «Академическая книга»

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў

Сыцько герба «Астоя»

«Роднае Слова», 9/2010

Герб «Астоя» роду Сыцько.

Маму маёй прабабулі Наталлі Васільеўны Карафа-Корбут звалі Наталляй Стэфанаўнай, паходзіла яна з роду Сыцько.

Гаворачы пра знакамітасць роду Сыцько, яго шляхецкія карані, лепш за ўсё звярнуцца да дакументаў, якія сведчаць, што ўжо з XIV ст. прадстаўнікі сям’і займалі значныя пасады: «...1432 года датаваны месяца ліпеня 12 дня, а 1765 жніўня 6 дня ў земстве Навагрудскім актыкаваны прывілей на староства Цырынскае, народжанаму Севестрыяну Сыцко ад Уладзіслава трэцяга караля польскага выдадзены»¹.

А вось прывілей караля польскага Стэфана, з якога даведваемся, што наш продак Стэфан Сыцько, якога мы лічым родапачынальнікам, за асабістую мужнасць атрымаў герб «Астоя», чын ротмістра і шляхецтва. Адбылося гэта ў час ваенных дзеянняў пад Псковам у 1581 г. Працытуем гэты ўнікальны дакумент:

«Божию милостью Стефан король польский, великий князь литовский, русский, прусский, мазовецкий, самошитский, киевский, волынский, подольский, лифляндский, смоленский, северский, черниговский и семигродской земли князь. Обращая внимание на долговременную усердную и отличную службу нотариуса при казне нашей Стефана Сыцки, не токмо в прочия, но и в нынешнею войну, продолжаемую под Псковом по сделанному нам г. великим войск царства нашего гетманом канцлером краковским старостою Иваном Замойским представлению за оказанное в военных противу русских действиях, отличие и именно за храбрость в сделанной ныне при осаде Пскова вослазнелуем ему, Сыцке, и законным наследникам право пользоваться дворянским достоинством со всеми относящимися к сему званию преимуществами, позволяя ему и наследникам его за таковыя отличныя в ночное время с войском противу неприятеля опасныя действия употреблять навсегда герба Остоя, самого же его, нотариуса при казначействе, Стефана Сыцку в поощрение к службе и в пример другим производим в ротмистры войска нашего Великого княжества. В удостоверение сего собственноручно подписавшись, государственную печать к сей грамоте приложить мы повелели. Дан в обозе нашем при городе Пскове ноября 13 дня 1581 царствования нашего в 6 году»².

Што ўяўляў сабою герб «Астоя», які прызначыў храбраму Стэфану сам кароль польскі?

Пячатка з гербам «Астоя». Пачатак ХІХ ст. Бронза. З калекцыі Анатоля Статкевіча-Чабаганава.

Легенда пра ўзнікненне герба гаворыць: у часы Баляслава Храбрага варожыя войскі праніклі на тэрыторыю Кароны Польскай. Супраць іх быў пасланы палкоўнік Астоя з невялікім атрадам рыцараў. Ён, праявіўшы знаходлівасць, змог захапіць у палон некалькіх ворагаў і даведацца пра іх планы. Затым, аб’яднаўшыся з іншымі харугвамі, акружыў ворагаў і атрымаў бліскучую перамогу. У гонар рыцара каралём быў зацверджаны герб: «Два няпоўныя залатыя месяцы паўколамі да сябе звернутыя, рагамі на бок, паміж імі белы зламаны меч рукаяткаю ўверх, у чырвоным полі, у шлеме пяць страусавых пёраў...»

Калі ў канцы XVIІІ ст. польская дзяржава была далучана да Расійскай імперыі, Мінскі дваранскі дэпутацкі сход вырашыў, што род Сыцько «ад самых старажытных часоў у польскім каралеўстве паселены, усіх прывілеяў і вольнасцей дваранскаму саслоўю законам дазволеных ужываў», і 13 ліпеня 1804 г. зацвердзіў дваранства.

Многія з адшуканых дакументаў, якія падкрэсліваюць шляхецкае паходжанне роду, датаваны XVIІІ ст. Вось выпіс з актавай кнігі Навагрудскага гродскага суда ад 12 студзеня 1707 г.: «Аршанскі падчашы Мікалай Крукоўскі і яго жонка Элеанора з роду Магільніцкіх прадалі Андрэю [праўнуку згаданага Стэфана] і Ганне Сыцько: 24 валокі, 24 моргі зямлі ў маёнтку Востраў Барок Навагрудскага ваяводства з пасевам 20 гарнцаў жыта, з сенакосамі, гаямі, лясамі, бортным дрэвам і карчмой Сасіноўкай на тракце Слуцк-Грэск, з пабудовамі за 4600 тынфаў з правам валодаць бесперашкодна, выплачваць рэспубліцы падаці, дзяліць пабудовы, пасяляць сялян, атрымліваць на ўплату падацей ад аднаго токма сялянскага двара падаці каму-небудзь даць, падарыць і залажыць без усякай... перашкоды». Гэты маёнтак упамінаецца ў шэрагу дакументаў. Частка яго зямель прадаецца, частка пераходзіць у спадчыну. Напрыклад, 8 ліпеня 1754 г. у рашэнні гродскага суда Навагрудскага ваяводства сказана: «Бацька Якава — Андрэй Сыцько, валодаючы ў Востраве Барку зямлёю ў 24 валокі і столькі ж моргаў, хаця частку прадаў, аднак палавіну, гэта значыць 12 валок, сыну Якаву ў спадчыну пакінуў».

Нам вядома, што Якаў разам з жонкай Кацярынай Жызнеўскай судзіўся з Паўлам і Іааннай, народжанай Статкевіч, Забэламі. Абвінавачваў іх у прысваенні скаціны на мяжы ўладанняў у маёнтку Востраў Барок. Якаў пакінуў у 1757 г. духоўнае завяшчанне, па якім спадчынны маёнтак Востраў Барок з сялянамі завяшчаў сынам, у тым ліку і нашаму продку Івану.

Іван Сыцько разам з братамі прадаў 5 сакавіка 1764 г. вотчынны маёнтак Аляксандру Мачульскаму, а амаль праз трыццаць гадоў, у 1793 г., ён напісаў духоўнае завяшчанне, «якім... адпісаў сынам сваім Рыгору, Стэфану і дачцэ Ганне Сыцько дзесяць тысяч злотых польскіх і іншую гаспадарчую маёмасць, а пляменнікам Фёдару Казіміраву і Пятру Фаміну Сыцькам па чорнай кабыле».

Міжволі ўзнікае пытанне: а дзе ж жылі нашы родзічы пасля продажу вотчыннага маёнтка? Прасочым гэта на жыццёвым шляху сына Івана Сыцько, Рыгора, які нарадзіўся 12 ліпеня 1758 г. яшчэ ў маёнтку Востраў Барок непадалёку ад засценка Вакшаты, дзе ў сям’і Іваноўскіх падрастала Кацярына, яго будучая жонка.

Па рэвізскіх сказках чыншавай шляхты за 1795 г. Рыгор Сыцько разам з сям’ёй значыўся ў засценку Меляшковічы, а затым да 1805 г. — у засценку Клешава Слуцкага павета на арэнднай зямлі князя Дамініка Радзівіла. Пазней сям’я вырашыла перабрацца ў Бабруйскі павет, дзе арандавала землі ў засценках Рудабелка і Зацішша ў памешчыка, паручніка расійскіх войскаў Дамініка Лапы, з якім 23 сакавіка 1819 г. заключылі 10-гадовы арэндны кантракт.

Тут, у Зацішшы, сын Рыгора Сцяпан ажаніўся з Кацярынай з роду Ліпскіх. Сустрэча іх не была выпадковай, бо Ліпскія жылі побач у засценку Воўчы Бор. Там жа 24 лістапада 1816 г. у Сцяпана і Кацярыны нарадзілася дачка Наталля — мама маёй прабабулі Наталлі Васільеўны Карафа-Корбут. Хрысцілі нованароджаную ў парыцкай Раство-Багародзіцкай царкве 28 лістапада 1816 г.

Калі скончыўся дзесяцігадовы кантракт, сям’я Сцяпана пераехала на землі памешчыка Антона Навакоўскага ў маёнтак Каплічы Рэчыцкага павета, аднак мара пра сваю зямлю не пакідала іх.

Сыны Сцяпана Андрэй і Назар сумесна з дваранамі Забэламі, Іванам Корбутам і Вікенціем Статкевічам 23 красавіка 1847 г. купілі ў памешчыка Рагачоўскага павета Тэафіла Антонавіча Маліноўскага 300 дзесяцін зямлі ў двух надзелах у засценках Малінава і Ямянец, з правам раздзяліць паміж сабою на часткі. Пасля гэтага ўся сям’я Сцяпана перабралася на новае месца жыхарства ў Малінава, дзе яго дачка Наталля пазнаёмілася з Васілём Іванавічам Карафа-Корбутам. Вянчанне адбылося ў глускай Уваскрасенскай царкве.

Праскоўя Міхайлаўна Сыцько (Некрашэвіч) з мужам Андрэем Самуілавічам. 1930-я гг.

Жывучы ў Малінаве, Андрэй і Назар Сыцько працягвалі купляць зямлю. Прывяду ў пацвярджэнне два дакументы. Першы з іх — купчая крэпасць ад 3 чэрвеня 1874 г., па якой браты набылі ўрочышча Востраў, якое «знаходзіцца ў Мінскай губерні Бабруйскага павета Глускай воласці, ад жонкі калежскага асэсара Вольгі Анастасьевай Сіцінскай». Пры ўвядзенні ў валоданне сведкамі былі Казімір Забэла і дваранін Вікенцій Статкевіч — мой прапрадзед. А другі дакумент — выканаўчы ліст Мінскай злучанай палаты крымінальнага і грамадзянскага суда, дзе гаворыцца пра пакупку надзелу зямлі ў абрубе Малінава і Ямянец 28 верасня 1893 г.

Знайшоўся ў архівах і яшчэ адзін цікавы дакумент — завяшчанне Андрэя Сыцько ад 9 лістапада 1910 г.: «У імя Айца і Сына і Святога Духа. Я, дваранін Андрэй Сцяпанаў Сыцько, знаходзячыся ў цвярозым розуме і цвёрдай памяці, па праве, дадзеным мне законам... уласны мой маёнтак... які складаецца з 125 дзесяцін зямлі ва ўрочышчы Востраў... і 101 дзесяціны зямлі пад сядзібай... завяшчаю палавіну ў неад’емную ўласнасць нявестцы маёй Алене Вікенцьевай Сыцько... другую ж палову азначаных угоддзяў у засценку Малінава і ўрочышчы Востраў завяшчаю сыну майму Самуілу Андрэеву Сыцько... Завяшчанне гэтае сілу і дзеянне павінна набыць пасля маёй смерці. Амінь. Што гэта завяшчанне напісана са слоў і па просьбе маёй, у тым распісваюся, дваранін Андрэй Сцяпанаў Сыцько».

Хацелася б патлумачыць, што згаданая ў тастаменце Алена Вікенцьеўна паходзіла з роду Сацкевічаў-Статкевічаў і даводзілася роднай сястрой майму прадзеду Івану Вікенцьевічу. Гэта яшчэ раз пацвярджае існаванне з’явы шматразовага яднання родаў, што жылі ў адной мясцовасці, імкненне дваран браць шлюб з дзяўчатамі свайго саслоўя.

Былі ў родзе Сыцько не толькі землеўладальнікі, але і купцы. Адзін з іх — Васіль Андрэевіч Сыцько — сустракаецца ў архіўных дакументах як запісаны ў купцы па Бабруйскім павеце. Сваю кар’еру ён пачаў у 1890 г.

Прадстаўнікі роду Сыцько прызнаваліся Сенатам спадчыннымі дваранамі і ў XIX ст., і ў пачатку XX ст. Апошні такі дакумент датаваны 12 мая 1915 г.

Род Сыцько знаходзіўся ў цеснай сувязі з родам Некрашэвічаў. Адна з сясцёр акадэміка Сцяпана Міхайлавіча Некрашэвіча Праскоўя выйшла замуж за Андрэя Самуілавіча Сыцько, які быў настаўнікам, працаваў дырэктарам школы.

У памяці нашчадкаў роду Сыцько жывуць вартыя ўвагі гісторыі, пра якія хацелася б расказаць.

Адну з іх я пачуў у 2005 г., пабываўшы ў Клетным, што ў Глускім раёне, ад Уладзіміра Пятровіча Сыцько, які паказаў магілу свайго траюраднага брата, чый лёс нагадвае лёс шэкспіраўскага Рамэа, і помнік яму.

Помнік Мікалаю Усцінавічу Сыцько ў в. Клетнае (Малінава) Глускага раёна.

Гісторыя гэтага сумнага кахання такая. Мікалай Усцінавіч Сыцько паходзіў з заможнай дваранскай сям’і, якая мела ўласную зямлю і нават крухмальны завод, што сведчыла і пра багацце, і пра адпаведнае становішча ў грамадстве. Мікалаю ішоў ужо трыццаты год, а ён усё яшчэ хадзіў нежанаты, і вось нечакана закахаўся, па-юнацку страсна. Гэта было рамантычнае і вельмі моцнае пачуццё. На сваю бяду ён выбраў дзяўчыну іншага саслоўя — з сялян. Мікалай, многае перадумаўшы, усё-такі рашыўся прасіць блаславення ў бацькоў, аднак атрымаў адмову. Усцін Андрэевіч і Алена Вікенцьеўна былі адной думкі: «Яна, сынок, табе не пара. Трэба берагчы дваранскую годнасць, захоўваць традыцыі». Малады чалавек не здаваўся, не адмаўляўся ад каханай. Бацькі не змаглі яго пераканаць, а ён усё ўгаворваў і ўгаворваў іх. Пасля чарговай рэзкай размовы Мікалай не вытрымаў, грымнуўшы дзвярыма, выбег на двор, хутка запрог у павозку маладога гарачага жарабца і, пасцёбваючы яго, паімчаўся па няроўнай дарозе насустрач бядзе. І яна спаткала на крутым павароце. Смерць была імгненнай.

Прыбіты горам бацька спецыяльна паехаў у далёкі Пецярбург і прывёз адтуль важкі помнік: гранітны крыж на прыгожым пастаменце, які з той пары, з 1915 г., стаіць у Клетным як памяць пра трагічнае каханне.

А вось яшчэ адна гісторыя з летапісу роду Сыцько. Ішла Вялікая Айчынная вайна. Пачалася чарговая нямецкая блакада каля Зыслава і Малінава — у партызанскіх лясах, на мяжы Любанскага і Глускага раёнаў. Адсюль народныя мсціўцы наносілі сур’ёзныя ўдары па ворагу, прычыняючы яму значны ўрон. Немцы былі ў шаленстве, яны вырашылі назаўсёды расправіцца з «ляснымі бандытамі», а заадно і мясцовае насельніцтва запужаць, паставіць яго на калені — палілі вёскі, знішчалі ўсіх, хто дапамагаў партызанам. Мая сваячка Алена Пятроўна Сыцько, у замужжы Статкевіч, стала ахвярай фашысцкага зверства. Яе брат-партызан Уладзімір прыбег аднойчы і паведаміў трывожную вестку:

— Немцы пачалі наступленне, неабходна ўжо гэтай ноччу хутчэй уцякаць у лес. Прыйдуць — нікога не пашкадуюць, асабліва партызанскія сем’і. У паліцыі на кожную сям’ю — інфармацыя. Збірайся, Алена!

Алена Пятроўна Статкевіч (у дзявоцтве Сыцько). 1940 г.

Але жанчына не паслухалася парады: яшчэ шмат чаго не зроблена па гаспадарцы, надыдзе раніца — будзе відаць. А раніцай ужо несліся крыкі па ўсёй вёсцы:

— Немцы! Немцы!

Людзі кінуліся да недалёкага ельніку, пабегла за імі і Алена Пятроўна разам з васьмігадовай пляменніцай Вандай, якая прыехала да яе на лета з Мінска. Але ельнік быў акружаны фашыстамі. Жанчына ўсё ўпрошвала паліцаяў:

— Папрасіце немцаў, каб нас адпусцілі. У мяне ж дзеці маленькія! Скажыце ім!

Яе ніхто не слухаў. Вяскоўцаў сагналі ў адну хату, успыхнула полымя, заглушыўшы крыкі і стогны...

А вось дзеці Алены Пятроўны засталіся жывыя. Яны ў той час былі ў бабулі і таксама кінуліся да таго ельніку, але, заўважыўшы фашыстаў, схаваліся ў склепе. Гэта і ўратавала іх.

Вярнуўся цэлым і здаровым дадому з вайны і муж Алены Пятроўны — Міхаіл Антонавіч Статкевіч. Ніводнага ранення! Ён меў мноства ўзнагарод і пражыў 97 гадоў.

Хацелася б расказаць і пра лёс Івана Андрэевіча Сыцько, які быў жанаты з Ганнай Сцяпанаўнай з роду Карафа-Корбутаў. Усю яго сям’ю саслалі на Далёкі Усход, на спецпасяленне. З Малінава тады выслалі ўсіх, хто жыў тут: і Карафа-Корбутаў, і Статкевічаў, і Забэлаў, і іншых былых «паўпамешчыкаў і дваран», як называлі іх новыя гаспадары жыцця. Усяго шаснаццаць сем’яў.

У жорсткіх умовах Хабараўскага краю Іван і Ганна Сыцько загінулі, а іх дзеці Павел і Марыя засталіся адны і выжывалі, як маглі. Бывала, начавалі ў стозе сена, каб не памерці ад холаду. Там і знайшоў іх выпадкова мясцовы жыхар і адвёз у найбліжэйшы дзіцячы дом. Галодныя, змучаныя і саслабелыя ад голаду дзеці не маглі ўспомніць сваё прозвішча. І тады выхавальнікі назвалі іх Дзецкімі, так і запісаўшы ў метрыкі. Прайшло некалькі гадоў, Павел і Марыя падраслі і папрасілі звярнуцца ў спецпасяленне, каб там дапамаглі аднавіць страчанае прозвішча. Ім пашанцавала: захаваўся спіс перасяленцаў, дзе яны ўзгадваліся разам са сваімі бацькамі. Так было вернута іх сапраўднае прозвішча — Сыцько.

Павел так і застаўся ў Хабараўскім краі, а Марыя выйшла замуж і пераехала на Украіну ў Харкаўскую вобласць. Там жыве яе дачка Валянціна разам з унукамі. Але «два няпоўныя залатыя месяцы паўколамі да сябе звернутыя, рагамі на бок... у чырвоным полі» з герба Сыцько і сёння свецяць нашчадкам. Мінулае не забываецца...



¹ Нацыянальны гістарычны архіў Рэспублікі Беларусь (НГАРБ). – Фонд 319. – Воп. 2. – Спр. 3177. – Арк. 190 – 194.
² НГАРБ. – Фонд 319. – Воп. 2. – Спр. 3177. – Арк. 42 – 47.

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Пераклад з рускай мовы.
Працяг будзе.
Аўтар ахвяруе ганарар на развіццё часопіса.

Все статьи »