Хто гэта — шляхта?

Цікавасць да мінулага, да гісторыі расце, і гэта добра. Веды пра мінулае даюць магчымасць глыбей пазнаць свет, больш упэўнена асвойваць сучаснасць. Гісторыю трэба шанаваць. Паслядоўнасць, плынь падзей, што разгортваюцца, доўжацца ў часе, з’яўляюцца той пераемнасцю, якая забяспечвае нас з пакалення ў пакаленне найкаштоўнейшай інфармацыяй пра арганізацыю чалавечай жыццядзейнасці. Веданне гісторыі — частка культуры, без якой мы не можам самаўсвядоміць сябе, адказаць на фундаментальнае пытанне духоўнага кшталту — хто мы такія. Спасціжэнне гісторыі, даследаванне яе ўрокаў, досведу, дазваляе знайсці ў мінулым неабходную апору для сучаснасці, глыбей зразумець свае нерэалізаваныя, упушчаныя магчымасці і патэнцыял.
Гэта добра вядома Анатолю Васільевічу Статкевічу-Чабаганаву, які, апрача таго, што паспяхова займаецца прадпрымальніцтвам, заявіў пра сябе як грунтоўны гісторык. Нарадзіўся А.Статкевіч-Чабаганаў 8 лістапада 1946 года ў вёсцы Засмужжа Любан скага раёна Мінскай вобласці. Любан скую сярэднюю школу скончыў з залатым медалём. Затым скончыў Ленінградскі інстытут дакладнай механікі і оптыкі. Зрэшты, вучыўся ён за сваё жыццё шмат, у тым ліку і за мяжой — у Школе сусветнай эканомікі і англійскай мовы ў горадзе Баўнмоўс (Англія). Вярнуўшыся на радзіму, працаваў на розных прадпрыемствах, у аб’яднаннях, адзін час з’яўляўся старшынёй праўлення Беларускай аграпрамысловай біржы. Працуе і цяпер — старшынёй назіральнага савета групы кампаній «Стецкевич». Адначасова ён, як ужо гаварылася, у якасці гісторыка паставіў перад сабой высакародную і амбіцыйную мэту стварыць капітальны летапіс беларускай шляхты, першы том якога пад назвай «Я — сын Ваш» выйшаў у 2011 годзе і быў станоўча су стрэты і ацэнены грамадскасцю.
Беларуская шляхта... Калі шчыра прызнацца, мы пра яе, пра гэтае саслоўе, не надта шмат і ведаем. Ну, нешта паводле В.Дуніна-Марцінкевіча (камедыя «Пінская шляхта»), паводле Янкі Купалы («Паўлінка» — таксама камедыя). Напружыўшы памяць, можна з літаратурных твораў яшчэ тое-сёе прыгадаць, дзе сярод персанажаў трапляюцца няўдачныя шляхцюкі, зламыснікі накшталт Дубатоўка з «Дзікага палявання караля Стаха» У.Караткевіча або засцянкоўцы з аповесці А.Чарнышэвіча «Засценак Малінаўка», і ўсё. Асабліва не пашанцавала шляхце ў тым сэнсе, што наша афіцыйная гістарыяграфія згодна з гістарычным матэрыялізмам яшчэ да нядаўняга часу разглядала шляхту як паразітычнае ўтварэнне, якое ўзнікла ў працэсе эканамічнага расслаення грамадства і дэградавала па меры адыходу ад вытворчай дзейнасці. Такі погляд на шляхту (дваранства) у савецкі час быў прыняты як адзіна правільны. Між тым ён зусім не адлюстроўваў ісціну. Так, гэта было прывілеяванае саслоўе. Але адкуль гэтыя прывілеі і хто імі надзяляўся? На першых этапах фарміравання нацый пэўнымі прывілеямі надзяляліся асобы за канкрэтныя дзеянні і заслугі перад дзяржавай і яе кіраўніцтвам, за службу. Узнікае шляхта са сваім маральным кодэксам абавязку, гонару, адданасці высокім ідэалам. У сваёй дзейнасці шляхціц павінен быў арыентавацца не на асабістую карысць, а на ідэал, нягледзячы на тое, што трэба было пры гэтым паступіцца нейкімі асабістымі выгодамі, чымсьці ахвяраваць. Ды і не заўсёды шляхта знаходзілася ў гарманічных зносінах і згодзе з уладай, нярэдка ішла насуперак.
У старыя часы шляхта ўяўляла сабой сілу, ад якой залежаў лёс дзяржавы. Доўгі час шляхта была ўсеўладным гаспадаром у дзяржаве і заставалася такім да канца існавання Рэчы Паспалітай — выбірала каралёў, судзіла, вяла войны, заключала дагаворы і г.д.
Калі аб’ектыўна паглядзець, то шляхта — саслоўе з найбольш развітой гістарычнай свядомасцю. У мінулым гэтае саслоўе бачыць адлюстраванне і апраўданне свайго асаблівага становішча, ці, лепш сказаць, стану, сведчанне таго, што адважнасць, доблесць, мужнасць уласцівыя шляхціцам ледзь не ад нара джэння і складаюць іх генетычную па мяць. Сапраўды, шляхціц успрымае сябе не столькі як канкрэтную асобу, колькі як член роду, за добры імідж якога нясе адказнасць.

Гаворачы пра аўтара рэцэнзуемага тома «Я — сын Ваш» шаноўнага А.Статкевіча-Чабаганава, які захоплена распрацоўвае радаводы беларускай шляхты, істотна адзначыць, што і сам ён прадстаўнік старажытнага шляхецкага роду. І не самага беднага — у вёсцы Засмужжа, дзе ён нарадзіўся, да рэвалюцыі 1917 года знаходзіўся маёнтак яго продкаў. Са сваіх родзічаў-продкаў Анатоль Васільевіч і пачаў, падняўшы на пяць стагоддзяў углыбіню архівы Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы, Украіны. Ім даследаваны радаводы продкаў — Сацкевічаў-Статкевічаў, Карафа-Корбутаў, Тычынаў, Ждановічаў-Гурыновічаў, Некрашэвічаў, Глінскіх-Ліхадзіеўскіх, Рэутаў, Забэлаў, Татураў, Ліпскіх... Сярод іх былі і руплівыя працаўнікі-земляробы, і дзяржаўныя мужы, і смелыя воіны — абаронцы Айчыны, і навукоўцы. Гербавая шляхта! Першы том «Я — сын Ваш» змяшчае матэрыялы двух радаводаў: Сацкевічаў-Статкевічаў герба «Касцеша» і Карафа-Корбутаў герба «Корчак». Галінка гэтых разложыстых, з вечназялёнай кронай радаводных дрэў — і сам аўтар, Анатоль Статкевіч-Чабаганаў. Свой род ён ведае, ведае па паданнях, аповедах, успамінах і, галоўным чынам, па дакументах. Герб роду Статкевічаў «Касцеша» пайшоў, паводле падання, ад рыцара Касцешы. «Гэты, — паведамляе пра яго даследчык, — бясстрашны воін, мужнасць якога адзначыў сам кароль Баляслаў І Храбры, прымаў удзел у бітве пад Сноўскам у 1072 г. Рыцар змагаўся ў глыбіні варожага стану, не зважаючы на зламаны меч, шматлікія крывавыя раны на целе, расшчэпленую на дзве часткі стралу, што засела ў плячы. Калі закончылася бітва і войска пачало збіраць здабычу, тады і з’явіўся перад каралём Касцеша. Ён стомлена зняў змяты і парыжэлы ад крыві баявы шлем і, паказваючы на сваё зраненае цела, сказаў: „Гэта і ёсць уся мая здабыча!“. З таго часу герб Касцешы і яго нашчадкаў аздабляла выява нацэленай угору расшчэпленай надвое стралы і шляхецкая карона са страусавымі пёрамі». Паду маць толькі — колькі прыгажосці і гераічнай цноты ў гэтым паданні! Час многае сцёр, нівеліраваў, забыў, а гэта засталося...
Шмат працы патрабавалі ад гісторыка радаводныя роспісы шматлікіх «каленаў» (пакаленняў) абодвух родаў, яны даволі лаканічныя, канкрэтныя, але вельмі насычаныя гістарычнымі падрабязнасцямі, дэталямі жыцця і побыту. Саслоўе шляхты, адасобленае ад іншых, было прасякнута карпаратыўным духам, пачуццямі саслоўнай салідарнасці, трымала сябе незалежна і даволі аўтаномна, з сялянамі не збліжалася. Жаніліся, выходзілі замуж — шляхціц шукаў шляхцянку.
Поўная назва паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш» выглядае так: «Пан Тадэвуш, або Апошні наезд на Літве». Водгалас шляхецкіх наездаў можна знайсці і ў радаводных роспісах А.Статкевіча-Чабаганава, скажам, у скарзе (гэта ажно 1730 г.) Пятра Юр’евіча Сацкевіча-Статкевіча, пададзенай у Навагрудскі гродскі суд на братоў і пляменнікаў за захоп зямель маёнтка Валожыцы і агрэсіўныя паводзіны.
У ХІХ стагоддзі пасля падпарадкавання польскіх, беларускіх і ўкраінскіх зямель расійскай кароне шляхта імкнулася абараняць свае саслоўныя інтарэсы, змагацца за шляхецкія правы, але ўжо ранейшага поспеху не мела. Надыходзіла новая эпоха з новымі правіламі жыцця. Гэта таксама ў пэўнай ступені знайшло адбітак у радаводных роспісах.
1917 год, Кастрычніцкая рэвалюцыя сталі вялікай драмай і трагедыяй для саслоўя шляхты. Шляхце абразалі землі, яе раскулачвалі, арыштоўвалі, адпраўлялі ў высылку, расстрэльвалі. Праз гэта давялося прайсці дзеду нашага аўтара ўладальніку маёнтка Засмужжа Міхаілу Іванавічу Сацкевічу-Статкевічу. І не аднаму яму — многім.
Беларусь, як вядома, у сваёй гісторыі перажыла многае, у тым ліку перыяды стрэсаў і перанапружанасці ў нацыянальных маштабах, што падточвала яе сілы. Гэта мела месца асабліва ў XVII — XVIIІ стагоддзях, калі працэс паланізацыі прывёў, паводле выразу М.Багдановіча, да «летаргіі беларускага нацыянальнага жыцця», да застою. Адбылося трагічнае раз’яднанне, з аднаго боку, паміж культурай вышэйшых класаў, шляхты, і, з другога боку — культурай сялянства. Гэтая раз’яднанасць з цягам часу не толькі не знікала, а наадварот, паглыблялася і спадарожнічае беларускай гісторыі ў трансфармаваным выглядзе і дагэтуль.

Кастрычніцкая рэвалюцыя таксама спарадзіла стрэсы і перанапружанасць у жыцці людзей. А.Статкевіч-Чабаганаў красамоўна расказвае пра гэта на прыкладзе сваіх герояў. Не пакіне раўнадушным яго аповед пра дзядзькаў — Івана Сацкевіча-Статкевіча, Мікалая, Васіля і Віктара Карафа-Корбутаў, якіх таксама напаткаў вельмі нялёгкі лёс, цярністы жыццёвы шлях. Прачула, кранальна напісаны нарыс пра жонку Міхаіла Іванавіча бабулю аўтара даследавання Марыю Аляксандраўну Карафа-Корбут. Тэкст папярэджваецца эмацыянальным эпіграфам: «Калі толькі на хвіліну ўяўляю, што выпала на долю маёй шматпакутнай бабулі, слёзы набягаюць на вочы, перахоплівае дыханне. Хочацца кінуцца праз гады, абараніць і сагрэць яе». Марыю Аляксандраўну ў 1930 годзе раскулачылі і выслалі з трыма малымі дзецьмі (малодшанькаму было ўсяго восем месяцаў) на поўнач, у Комі-Пярмяцкую акругу на пасяленне. Аднак праз год яна нелегальна вяртаецца ў Беларусь, праўда, не ў Засмужжа, а ў вёску пад Слуцкам, дзе жылі сёстры. Нядрэмныя органы праяўляюць «пільнасць» і зноў этапам накіроўваюць яе ў тую самую Комі-Пярмяцкую акругу. Марыя Аляксандраўна зноў, і кожны раз разам з дзецьмі, рашаецца на пабег. Прыязджае ў роднае Засмужжа, нейкі час жыве там, а ў 1937 годзе яе ў чарговы раз арыштоўваюць, адпраўляюць у Ніжні Ноўгарад, адкуль яна вяртаецца на радзіму ў пачатку 1941 года.
Марыя Аляксандраўна належала да роду Карафа-Корбутаў герба «Корчак». Гэты род, які вядзе свой пачатак з Неапалітанскага Каралеўства ад прозвішча Карафа, таксама мае працяглую гісторыю, грунтоўна выкладзеную дапытлівым даследчыкам. Род Карафа Корбутаў даў свету шмат годных людзей — руплівых працаўнікоў, смелых воінаў-абаронцаў радзімы, таленавітых навукоўцаў, артыстаў...
Пасля 1917 года для Карафа-Корбутаў наступілі такія ж цяжкія часы рэпрэсій, як і для блізкіх ім Сацкевічаў-Статкевічаў, Татураў, Ліхадзіеўскіх, Тычынаў і інш. У аўтарскім тэксце прыводзяцца шматлікія сведчанні ўдзельнікаў тых падзей. Глыток шляхты з чашы агульнародных пакут у першай палове ХХ стагоддзя стаў ці не самы глыбокі. Пра ўсё гэта А.Статкевіч-Чабаганаў згадвае даволі падрабязна і з вялікай павагай і пашанай да сваіх герояў, якія мужна вытрымлівалі суровае выпрабаванне на чалавечую годнасць і высакароднасць.
Адным з недахопаў сучаснай гістарычнай навукі пры ўсіх яе відавочных поспехах з’яўляецца тое, што гісторыя наша вывучаецца не столькі ў чалавеказнаўчым плане, колькі як хроніка па дзей, палітычных змен, змен спосабу вытворчасці і ладу жыцця. У даследаванні А.Статкевіча-Чабаганава больш выразны чалавеказнаўчы пачатак, ён у сувязі, зразумела, з гістарычнымі калізіямі імкнецца паказаць чалавечую постаць. Яго героі ажываюць у сваіх духоўных сутнасцях і набліжаюцца да нас, нібы кажучы: «Гэта мы! Мы жылі, мы былі!..».
Што яшчэ можна сказаць пра гэтую незвычайную кнігу? Яна прыгожа выдадзена, багаты ілюстрацыйны матэрыял — копіі старажытных і навачасных дакументаў, партрэты, фатаграфіі, групавыя здымкі і інш., што арганічна спалучаецца з агульным пафасам даследавання.
«Не судзіце гісторыю, але судзіце гісторыяй сябе», — мудра раіў стары навуковец. А.Статкевіч-Чабаганаў гэтак і робіць, праўдзіва, аб’ектыўна ўзнаўляючы летапіс беларускай шляхты, даючы магчымасць чытачу самому меркаваць пра тое, хто ёсць хто.
Чакаем наступных тамоў і спадзяёмся, што названае выданне адыграе адпаведную ролю ў спасціжэнні гісторыі Айчыны праз лёсы асобных яе прадстаўнікоў, у справе выхавання асобы, якая памятае, шануе і зберагае свае карані.
Уладзімір ГНІЛАМЁДАЎ,
доктар філалагічных навук,
акадэмік Нацыянальнай
акадэміі навук Беларусі.