ПАМЯТИ АНАТОЛИЯ СТЕЦКЕВИЧА-ЧЕБОГАНОВА


26 марта 2019 года после тяжелой неизлечимой болезни ушел из жизни известный исследователь, писатель, меценат, заслуженный деятель культуры Республики Беларусь Анатолий Васильевич Стецкевич-Чебоганов.

Многие годы Анатолий Васильевич занимался исследованием своего рода. И это исследование, как отмечал сам Анатолий Васильевич, со временем переросло в изучение истории Отечества. За годы самоотверженного труда изучено более 40 древних дворянских родов.


“Река моя! Родовод мой! Вы не канули в Лету! Судьбе было угодно, чтобы я стал летописцем вашим”, – отмечал Анатолий Васильевич, который своим основательным генеалогическим исследованием вернул нас, белорусов, к родовой памяти. Основным духовным делом жизни по созданию книжной энциклопедии по генеалогии не только своего рода, но и белорусского дворянства, он показал каждому из нас пример любви и уважения к собственным предкам, к собственной семье, к родным корням и истокам.


Потомок древнего дворянского рода, исследователь белорусской культуры, автор серии книг под общим названием “Я – сын Ваш: Летопись белорусской шляхты”, издание которых осуществлялось по благословению Высокопреосвященнейшего Митрополита Минского и Слуцкого, Патриаршего Экзарха всея Беларуси Филарета.


С 2011 по 2018 год книги Анатолия Стецкевича-Чебоганова выходили в издательстве “Белорусская Православная Церковь” – на русском языке, в редакции журнала “Роднае слова” – на белорусском. Всего вышло 7 фундаментальных томов, из которых читатели узнали о жизненном пути представителей древних дворянских родов Беларуси, среди которых Стецкевичи, Сацкевичы-Стецкевичи герба “Костеша”, Карафа-Корбуты герба “Корчак”, Некрашевичи герба “Любич”, Татуры герба “Донброва”, Севруки герба “Курч”, Керножицкие герба “Юноша”, Моствиловичи герба “Доленга”, Артишевские герба “Роля”, Сыцько герба “Остоя”, Казановичы герба “Гржимала”, Тычины гербов “Тучинский” и “Тржаска”, Ждановичи-Гуриновичи герба “Любич”, Забелло герба “Топор”, Глинские, Лиходеевские, Глинские-Лиходиевские гербов “Глинский”, “Ястребец”, “Ясенчик”; мещанские роды Казанкины и Чебогановы и др.


Летописью-гимном родной земле, ее многовековой истории и простым, обычным и знаменитым людям своего Отечества стали книги “Я – сын Ваш” Анатолия Стецкевича-Чебоганова, за что трудолюбивый исследователь и хранитель отечественного культурного наследия получил специальную премию Президента Республики Беларусь деятелям культуры и искусства. Исследование Анатолия Стецкевича-Чебоганова высоко оценено известными отечественными и зарубежными учеными, творческой общественностью.


Честный, интеллигентный, светлой души Человек, многое сделавший для сохранения белорусской культуры, восстановления храмов и возведения памятников, для возвращения забытых имен…

И пусть наша белорусская земля, которую он любил и почитал как родной сын будет для него пухом, а Всевышний уготовит для него Царствие Небесное.


Верится, что дело, начатое Анатолием Васильевичем, найдет достойное продолжение у последователей.



Я – сын Ваш. Летопись белорусской шляхты.

По вопросам приобретения книги обращайтесь в магазин «Академическая книга»

ЛЕТАПІСЕЦ СТАРАЖЫТНЫХ БЕЛАРУСКІХ РОДАЎ

Анатоль Васільевіч Статкевіч-Чабаганаў (нар. 8 лістапада 1946 г. у вёсцы Засмужжа Любанскага раёна) — пісьменнік, даследчык беларускай культуры.
Творчую дзейнасць Анатоль Васільевіч пачаў з 1990 г. За дваццаць гадоў бесперапыннай працы створана шматтомнае найкаштоўнейшае даследаванне-летапіс старажытных беларускіх родаў пад назвай «Я — сын Ваш».
У кнізе прасочаны лёс краіны праз прызму вядомых шляхецкіх родаў, продкаў аўтара — Статкевічаў, Карафа-Корбутаў, Рудзінскіх, Тычынаў, Ждановічаў-Гурыновічаў, Сыцько, Ліпскіх, Забэлаў, Татураў, Некрашэвічаў, Глінскіх-Ліхадзіеўскіх, Рэутаў, Карыбут-Дашкевічаў, Кернажыцкіх, Маствіловічаў, Геталтаў і Тышкевічаў з роду Каленікавічаў, што значна дапаўняе агульную эпічную карціну жыцця грамадства і вядзе чытачоў да больш глыбокага і жывога разумення гісторыі сваёй Айчыны.
Нашчадак старажытнага дваранскага роду, А. Статкевіч-Чабаганаў як фундатар аказвае дапамогу ў аднаўленні разбураных храмаў і манастыроў, з’яўляецца адным з уладкавальнікаў помніка Святой Сафіі, княгіні Слуцкай. Узнагароджаны Рускай праваслаўнай царквой ордэнам Святога Роўнаапостальнага князя Уладзіміра III ступені, медалём Свяціцеля Кірылы Тураўскага.
Па благаславенні Высокапраасвяшчэннейшага Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта ў 2011 г. А. Статкевічам-Чабаганавым заснавана кніжная серыя «Летапіс беларускай шляхты».
Кнігі даследчыка «Я — сын Ваш: Статкевічы, Сацкевічы-Статкевічы герба „Касцеша“. Карафа-Корбуты герба „Корчак“» (2011) убачылі свет у выдавецтвах «Беларуская праваслаўная царква» (на рускай мове) і «Роднае слова» (на беларускай мове). Рыхтуюцца да друку яшчэ чатыры тамы летапісу беларускай шляхты, дзе будуць змешчаны даследаванні родаў Некрашэвічаў герба «Любіч», Татураў герба «Дамброва», Ліпскіх герба «Граблі», Рудзінскіх герба «Прус ІІІ», Забэлаў герба «Тапор», Сыцько герба «Астоя», Тычынаў герба «Трэска», Сеўрукаў герба «Курч» і інш.

Таіса ЯНУЧОК

«Я — сын Ваш...»

Даследчыку беларускай культуры, аўтару летапісу беларускай шляхты «Я — сын Ваш»
Анатолю Статкевічу-Чабаганаву.

Пераклікаюцца стагоддзі
Нязгаснай зоркай на вяку.
Які святы духоўны подзвіг
Ён здзейсніў! Хто ён і адкуль?

Чытаю кнігу асцярожна
І наталяюся ізноў.
Хто ён, святы ці падарожны?
Даследчык родных каранёў.

«Я — сын Ваш» — спадчыну-надзею
Прыдбала родная зямля.
Ён поле Вечнасці засеяў,
Каб каласілася ралля!

О колькі іх, фамільных гербаў,
Меў праславуты ўласны род!
Як кліч душы яго — патрэба
Спазнаць шляхецкі радавод.

Трывожыў доўг, жыло натхненне.
Вялікай праўды векавой.
«Я — сын Ваш» — повязь пакаленняў,
Душы пяцівяковы боль!

І свой здабытак саматканы
Меў гонар перадаць як дар
Зямляк Статкевіч-Чабаганаў,
Свайго сумлення уладар.

Змог зазірнуць у глыб вытокаў
Праз шэрасць дзён, святло аблокаў.
І праз гады, і праз стагоддзі
Яго ўзгадаюць у народзе.

Нам прыклад ад жывых крыніц,
Як трэба помніць і любіць.
І каранямі ганарыцца,
Спазнаўшы існасць таямніцы.

О Вечнасць! Прашчураў спачынак...
«Я — сын Ваш» — скарб маёй Айчыны.

КАРАНІ І КРОНА РАДАВОДНАГА ДРЭВА

РАЗВАГІ З НАГОДЫ ВЫХАДУ КНІГІ
АНАТОЛЯ СТАТКЕВІЧА-ЧАБАГАНАВА «Я — СЫН ВАШ»

Статкевіч-Чабаганаў, А. Я — сын Ваш : Статкевічы, Сацкевічы-Статкевічы герба «Касцеша». Карафа-Корбуты герба «Корчак» / А. Статкевіч-Чабаганаў. — Мінск : Роднае слова, 2011. — 592 с. — (Летапіс беларускай шляхты).

Любую нацыю ці народ немагчыма ўявіць без гістарычнай памяці, якая пачынаецца з памяці асобнага чалавека. Індывідуальная памяць быццам кропля, у якой люструецца цэлы свет, бо жыццё чалавека, яго сямейнікаў, родзічаў неадлучнае ад лёсу грамадства, краіны, падзей канкрэтнай эпохі і ўсяго, што адбываецца ў пэўнай мясцовасці ці рэгіёне. Нашы продкі жылі ў сваім часе, працавалі, марылі пра будучыню, а калі трэба было, бралі ў цяжкіх сітуацыях на сябе адказнасць, ішлі праз пакуты і выпрабаванні. Вось чаму надзвычай важнымі і каштоўнымі лічацца памяць асобнага чалавека, гісторыя яго сям’і і роду.

Сямейна-родавыя сувязі — гэта вялікае дрэва, якое складаецца з каранёў, магутнага ствала, мноства галін і атожылкаў. Карані гэтага дрэва ў мінулым, мы часам проста не задумваемся, што яны сягаюць у глыб далёкіх вякоў. Меў рацыю Уладзімір Караткевіч, калі пісаў: «У падзеях мінулага — нашы карані. А дрэва без карэння не можа ні існаваць, ні тым больш прыносіць плады». Таму і трэба нам заўсёды вяртацца да сваіх вытокаў, ведаць гісторыю ўласнага роду, захоўваць памяць пра дзядоў і прадзедаў, усіх продкаў-прашчураў, абапірацца на маральны вопыт і традыцыі сваіх папярэднікаў. А калі карані будуць глыбокія і моцныя, то будзе родавае дрэва надзейна сілкавацца, будзе трывалым і ўстойлівым, што ніякія вятры яму не страшныя, і будзе яно даваць дабратворную духоўную энергію, каб няспынна зелянела і вабіла сваёй гожасцю, велічнасцю верхавіна-крона.

Выдатны прыклад, узор спасціжэння мінулага свайго роду, адраджэння і захавання родавай памяці прадэманстраваў Анатоль Статкевіч-Чабаганаў выданнем кнігі «Я — сын Ваш», якая ўбачыла свет у 2011 г. па благаславенні Высокапраасвяшчэннейшага Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта. У выдавецтвах «Беларуская Праваслаўная Царква» — на рускай мове, «Роднае слова» — на беларускай. Яна — плён шматгадовых архіўных росшукаў і даследавання аўтарам гісторыі ўласнага роду. Гэта сапраўдны фаліянт на амаль шэсцьсот старонак, гэта кніга-дакумент, кніга-летапіс і кніга-помнік. Яна першая па ліку і пачынае шматтомнае выданне пра беларускія шляхетныя роды, да якіх мае непасрэднае дачыненне сам аўтар, яго сям’я, блізкія і больш далёкія сваякі. Па сутнасці, аўтар стварае своеасаблівы гісторыка-літаратурны мемарыял у гонар сваіх бацькоў, дзядоў і прашчураў.

Зрэшты, часопісны варыянт некаторых раздзелаў кнігі чытачы ўбачылі ў «Полымі», а на старонках часопіса «Роднае слова» А. Статкевіч-Чабаганаў з нумара ў нумар друкуе цыкл артыкулаў пра ўласны радавод, сваіх продкаў. Напэўна, хтосьці з настаўнікаў можа ўсумніцца: а навошта нам гэтыя матэрыялы? Маўляў, гаворка як быццам ідзе не па тэме школьнай праграмы. Аднак не ўсё так, як здаецца на першы погляд. Давайце больш пільна ўчытаемся ў тлумачальную запіску і саму праграму па беларускай літаратуры. Гаворка тут ідзе пра «выхаванне асобы з... высокакультурным пачуццём нацыянальнай і асабістай самапавагі», пра ўрок літаратуры як «працэс усведамлення сябе асобай», «працэс жыццепазнання». Вельмі слушна: хіба можна ўявіць паўнавартасную асобу без пачуцця роднасці са сваёй сям’ёй, з усім тым, што акружае змалку, без адчування крэўнай прыналежнасці да зямлі продкаў, бацькаўшчыны. Ці вось зацвярджаецца ў школьнай праграме як найвышэйшая каштоўнасць асобы «адданасць агульначалавечым ідэалам». А сцяжынка да гэтага высокага ідэалу пачынаецца найперш з сям’і, ад выспявання пачуцця духоўнай еднасці з іншымі людзьмі, усведамлення, што «ўсе мы — радня».

Вось тут дарэчы і прыгадаліся словы Уладзіміра Ліпскага. Менавіта з ягонага тэксту з кнігі «Я: праўдзівы аповед пра твой і мой радавод» пачынаецца вывучэнне беларускай літаратуры ў 6 м класе. Красамоўная назва гэтага ўрыўка: «Ад роду — да народу». У аснову пабудовы літаратурнага курса пакладзены ўніверсальны прынцып уладкавання свету: я — мой род — народ — радзіма — чалавецтва. Гаворка тут вядзецца і пра сямейны радавод, і гістарычны радавод нашага народа, гэта значыць пра яго выдатных сыноў і дачок (Рагнеда, Ефрасіння Полацкая, ваяры пад Грунвальдам, героі Вялікай Айчыннай...). Вучні маюць цудоўную магчымасць распытаць у бацькоў пра сваіх бабуль і дзядуляў, блізкіх і далёкіх продкаў, занатаваць самае істотнае і важнае, ім прапануецца ўпершыню зрабіць спробу скласці радаводны спіс (або намаляваць радаводнае дрэва) на ўзор радаводу Янкі Купалы. Ідэя родных вытокаў, радаводу адмыслова развіваецца ў падручніку па беларускай літаратуры для 6 га класа з кожнай новай тэмай. Але хацелася б, каб гэтая праца мела плённы працяг у наступных класах і настаўнік падчас вывучэння мастацкіх твораў пастаянна паварочваў вучняў да гісторыі сваёй сям’і, лёсу сваіх продкаў. Гэта аксіёма: агульнае лепш засвойваецца праз канкрэтнае, тое, што мае асобасны сэнс і асобасную каштоўнасць.

Праз спазнанне і асэнсаванне роду больш блізкім і зразумелым стане блізкая і далёкая гісторыя, праблемы мінулага часу і пэўнай эпохі. Такія гутаркі, экскурсы асабліва неабходныя і важныя ў старшых класах, калі адбываецца светапогляднае сталенне асобы, завяршаецца актыўны працэс фарміравання яе грамадзянскай, патрыятычнай і маральнай культуры. Вось тут і да месца такія прыклады, як кніга «Я — сын Ваш». Трэба дайсці да сэрца і свядомасці кожнага вучня: нельга нам быць на зямлі Іванамі бязроднымі, неабходна памятаць пра «роднае карэнне» (М. Гарэцкі), шчыра любіць радзіму, мову, гісторыю, імкнуцца не схібіць у жыцці, берагчы ўласны гонар і годнасць, а значыць, трымацца запаветаў, маральных прынцыпаў найлепшых прадстаўнікоў свайго роду — тых людзей, якія варты павагі, пашаны і нашых стваральных пачынанняў, добрых спраў і сумленных учынкаў.

Аўтар назвай кнігі як бы падказвае сваім нашчадкам, сучасным юнакам і дзяўчатам маральны выбар на карысць добрапрыстойнага і сумленнага жыцця, каб пасля, прайшоўшы дарогамі свайго веку, можна было з годнасцю сказаць бацькам і ўсім крэўнікам: «Я — сын Ваш». Гэта значыць: я з удзячнасцю схіляю галаву перад Вамі, звяртаюся да Вас і ведаю, адкуль я і хто я на гэтай зямлі, а таму шаную Вас, хто даў мне жыццё і надзею на будучае, хто ахвяраваў многім дзеля мяне, дзякую, што меў магчымасць нарадзіцца і прайсці па жыцці, спазнаць радасныя і шчаслівыя імгненні. «Я — сын Ваш», — прамаўляе аўтар кнігі, і ўсім багатым зместам, ашчадным стаўленнем да кожнага дакумента і факта з гісторыі сям’і і свайго роду даводзіць: я не страціў пачуцця крэўнасці з Вамі, мае продкі, і пачуцця адказнасці за свой род, імкнуўся быць вартым памяці дзядоў і прадзедаў, не зрабіў нічога, што прынесла б сорам і ганьбу. «Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы» — з такімі словамі звяртаецца А. Статкевіч-Чабаганаў да чытача. Думаецца, гэты заклік-просьба адрасуецца найперш моладзі, тым, хто яшчэ толькі выйшаў на жыццёвы прасцяг. І на такі зварот аўтар мае поўнае права: ён пражыў адносна немалы па сучасных мерках век, лёс яго прыводзіў у іншыя краіны, ён працаваў на розных пасадах у галіне вытворчасці, займаўся бізнесам, ён выгадаваў дзяцей, убачыў жыццё і свой край здалёк ды зблізку. Раз і назаўсёды прыйшло ўсведамленне часовага і вечнага, сапраўднага і ўяўнага, з’явілася глыбокае перакананне, што сям’я і твой род — гэта трывалы грунт пад нагамі, надзейнае апірышча ў любой жыццёвай сітуацыі, штодзённым віры спраў і клопатаў, гэта мацярык-планета ў стыхіі часу.

Кніга Анатоля Статкевіча-Чабаганава — прызнанне ў вялікай любові да сваіх бацькоў, бабулі Марыі, родзічаў, прашчураў, роднай Любаншчыны і ўсяго беларускага краю. Менавіта з гэтай любові пачынаецца яго цікавасць да родных вытокаў, ці не галоўная духоўная справа яго жыцця — стварыць кніжную энцыклапедыю па генеалогіі свайго роду, а шырэй — шматтомны летапіс беларускай шляхты. «Рака мая! Радавод мой! Вы не канулі ў Лету! Лёсу было неабходна, каб я стаў летапісцам вашым», — прызнаецца аўтар, які сваёй фундаментальнай генеалагічнай працай стварае высокі культ родавай памяці.

Першая кніга з запланаванай серыі А. Статкевіча-Чабаганава акурат і выводзіць нас у сусвет чалавечага «Я», багацця яго родавых сувязей і дачыненняў. Ён выступае як даследчык, які грунтоўна вывучыў матэрыялы архіваў Беларусі, Літвы, Расіі і іншых краін. У гэтым сэнсе ён працуе ў найлепшых традыцыях беларускай генеалогіі, якая прадстаўлена імёнамі Георгія Галенчанкі, Сяргея Рыбчонка, Змітра Яцкевіча, Уладзіслава Вяроўкіна-Шэлюты, Вячаслава Насевіча, Сяргея Амелькі і інш. А. Статкевіч-Чабаганаў склаў падрабязныя, разгорнутыя радаводныя спісы, што сведчыць пра здзейсненую ім вялікую, скрупулёзную даследча-пошукавую працу, і ўжо адно гэта заслугоўвае належнай ацэнкі зробленага, прызнання аўтара як чалавека глыбока дасведчанага ў галіне генеалагічнай дзейнасці. Гісторыка-дакументальны летапіс А. Статкевіча-Чабаганава ўяўляе несумненна каштоўны комплекс фармалізаваных звестак па генеалогіі шляхецкіх родаў Беларусі. Яго кніга-даследаванне займае адметнае месца поруч з такімі выданнямі, як «Малы гербоўнік наваградскай шляхты», «Малы гербоўнік халопеніцкай шляхты», «Гербоўнік беларускай шляхты». Усе гэтыя працы разам могуць яскрава засведчыць, што мы, беларусы, не толькі выключна сялян-ская нацыя (тое, як вядома, нам даводзілася ў савецкі час), але і шляхецкая нацыя. Аўтар цудоўна паказаў ролю гістарычных крыніц у пошуку генеалагічных фактаў і звестак.

Радаводная кніга А. Статкевіча-Чабаганава — гэта не сухая фактаграфія і храналогія, а яшчэ і літаратурна-мастацкі здабытак. Напісана яна сэрцам чалавека, надзвычай зацікаўленага сваёй тэмай, неабыякавага да кожнага факта і кожнай драбніцы з гісторыі ўласнага роду, і да гэтай спадчыны ён дакрануўся душою. З першых старонак аўтар запрашае нас у захапляльнае падарожжа ў асмужаную далеч мінулага, дзеліцца радасцю сваіх знаходак і адкрыццяў. У гэтым плане ён працягвае традыцыю сямейна-родавага летапісання ў беларускай літаратуры, якая асабліва плённа распрацавана пісьменнікам У. Ліпскім, аўтарам кніг «Я», «Мама: малітва сына», «Бацька: пісьмы сына», «Мы», «Усе мы — радня».

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў распавёў, як абудзілася ў ім імкненне больш даведацца пра сваю сям’ю, блізкую радню, з’явілася прага адкрыць браму мінулага і адшукаць звесткі пра сваіх продкаў. Так і пачалі — факт да факта — складацца радаводныя спісы па лініі Статкевічаў, Сацкевічаў-Статкевічаў герба «Касцеша» і Карафа-Корбутаў герба «Корчак». Сваё паходжанне аўтар выводзіць ад пачынальнікаў аж да ХVІІІ калена. Вось якая глыбіня родавай памяці! У выніку два шляхетныя роды Статкевічаў і Карафа-Корбутаў утвараюць вялікае адзінства — разгалінаванае, магутнае генеалагічнае дрэва. Вось яно, Дрэва Роду, Дрэва Памяці, калі ласка, глядзіце, дзівіцеся і захапляйцеся. І гэта самая дарагая, неацэнная спадчына для дзяцей, унукаў, праўнукаў і ўсіх будучых нашчадкаў. Яе ўзняў праз напластаванні часу, з нетраў мінулага адзін чалавек, і гэтая «тытанічная праца, — на думку У. Ліпскага, — стала сапраўдным духоўным подзвігам». А. Статкевіч-Чабаганаў імкнуўся даведацца як мага больш пра кожнага з прадстаўнікоў свайго роду, вывучыць усе акалічнасці іх біяграфій. І гэтым звесткам — зноў жа — няма цаны, яны маюць вялікую каштоўнасць для будучых спадчыннікаў. Кожны з іх, як толькі пажадае, зможа па гэтай генеалагічнай кнізе, быццам па падручніку, вывучыць гісторыю роду, даведацца з яе, хто ён і адкуль, хто ягоныя продкі, дзе і як яны жылі, чым займаліся, чаго дасягнулі, якія жыццёвыя цяжкасці і выпрабаванні выпалі на іх долю. Наш сучасны летапісец апавядае, кажучы словамі М. Багдановіча, «аб прадзедах сваіх, — аб горы, радасцях і аб прыгодах іх, каму маліліся, чаго яны шукалі». Аўтар не проста выводзіць радавод цягам стагоддзяў, а стварае краязнаўча-біяграфічны, гісторыка-літаратурны нарыс (сямейна-родавую хроніку) на аснове сабраных архіўных дакументаў, матэрыялаў і ўспамінаў.

Бясспрэчна, кніга А. Статкевіча-Чабаганава — грунтоўнае, арыгінальнае і ўнікальнае даследаванне. Спадзяюся, што яму яшчэ дадуць належную ацэнку знаўцы беларускай генеалогіі, гісторыкі, архівісты, краязнаўцы. Мая ацэнка — гэта найперш погляд чалавека, які знаходзіцца на шляху рэканструкцыі свайго радаводу і толькі набліжаецца да старадаўніх вытокаў, думка аўтара канцэптуальнай пабудовы курса беларускай літаратуры на аснове ідэі радаводу, меркаванне гісторыка літаратуры і пісьменніка, які ведае цану факта і дакладнага слова.

Кніга А. Статкевіча-Чабаганава — выданне аб’ёмнае, цудоўна ілюстраванае (тут змешчаны фотаздымкі, гербы, копіі ўнікальных дакументаў). Прызнаюся: з рук аўтара ўзяў яе як самы каштоўны, найвялікшы дар. Несправядліва было б абмінуць той факт, што гэта першае кніжнае выданне часопіса «Роднае слова». Кніга падрыхтавана з вялікай стараннасцю і адказнасцю не толькі самім аўтарам, але і тымі неабыякавымі людзьмі, хто меў дачыненне да яе выхаду. Што ж, пакладзены добры пачатак. У рэдакцыі з’явілася магчымасць узбагачаць кніжны свет Беларусі новымі выданнямі. У добры шлях, шаноўныя роднасловаўцы! Будзем у першую чаргу чакаць працяг шматкніжжа Анатоля Чабаганава-Статкевіча.

Алесь БЕЛЬСКІ,
доктар філалагічных навук,
прафесар кафедры беларускай літаратуры і культуры
Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Все статьи »