Васіль ШЫРКО
Літаратура і Мастацтва № 28 13 ліпеня 2012 г.
На Барадзінскім ратным полі
Да 200-годдзя Барадзінскай бітвы
Рассякаючы начную цемень, наш джып, быццам касмічны карабель, спушчаны з паднябесся на асфальт, мчаў на ўсход. Да Мажайска, дзе раніцай чакалі нас пісьменнікі Расіі, шэсць соцень вёрст. Там павінен адбыцца сумесны пленум Саюзаў пісьменнікаў Расіі і Беларусі; наперадзе Барадзінскае поле; незвычайныя сустрэчы са знаёмымі расійскімі калегамі і незнаёмымі; а яшчэ экскурсіі; мажліва, песні ля кастра; абмен набалелым і мроямі-думамі, аднолькава хвалюючымі душы расіян і беларусаў.
Не лірычнае адступленне
Палі славянскай славы: Кулікоўскае, Грунвальдскае, Прохараўскае, Барадзінскае, Буйніцкае. А яшчэ — поле Брэсцкай крэпасці. Гонар за сваіх продкаў, іх праведны наказ нашчадкам: лепш памерці стоячы, чым жыць на каленях. Як не згадаць наўздзіў простыя і ў той жа час глыбокія радкі з песні: «Там, дзе ты стаіш, салдат, там і поле Кулікова...». Пасля Грунвальда, навучаныя горкім досведам, тэўтонцы і іх нашчадкі больш як пяць стагоддзяў не ступалі з мячом на славянскія землі.
Два гады таму мы з Генадзем Пашковым былі на славутым Прохараўскім полі, адпрасаваным, перавораным сотнямі гусеніц, пасля на нашым крывавым Буйніцкім полі пад Магілёвам. І вось Барадзіно. Два стагоддзі таму тут калацілася зямля ад грому соцень гармат, ржалі коні, кідаліся ў штыкавыя атакі рускія на французаў, французы на рускіх.
Дзясяткі тысяч людзей (дзяды, бабулі, бацькі з дзецьмі) захапляюцца сёняя тэатралізаваным прадстаўленнем. Вусатыя казакі, кірасіры, коннікі. Наступленне. Адход. Грымяць стрэлы, б’юць трывогу барабаны.
Сурова ўглядаецца ўдаль старшыня Саюза пісьменнікаў Расіі Валерый Ганічаў; засланяючы рукой твар ад сонца, сочыць за воямі адказны сакратар СПР, празаік Сяргей Кацькала, не знікае светлая ўсмешка з твару цудоўнага паэта-песенніка, народнага артыста Расіі Міхаіла Ножкіна. І мы, беларусы, званыя госці, не зводзім воч з поля. Мне здаецца, што вось-вось з’явіцца перад намі Міхаіл Іларыёнавіч Кутузаў, кінецца ў атаку пры ўсіх рэгаліях, падстаўляючы грудзі кулям і асколкам, адважны Барклай дэ Толі, якога беспадстаўна і цар, і генералы, і нават малодшыя афіцэры з салдатамі лічылі баязліўцам. Героя, мудрага палкаводца апраўдала гісторыя, падняў на высокі п’едэстал Аляксандр Сяргеевич Пушкін.
Смерць абышла шатландца Барклая дэ Толі, а вось бессмяротная слава знайшла.
Тысячы кніг напісаны пра вялікую Барадзінскую бітву. Напалеон лічыў, што перамаглі французы, а Кутузаў — рускія. І да сённяшняга дня гісторыкі спрачаюцца, хто меў рацыю, хто сапраўды дабіўся вікторыі на Барадзінскім полі.
І тут, на гэтай святой зямлі, як ніколі разумееш геніяльную правату мудрага Льва Талстога: «Не та победа, которая определяется подхваченными кусками материи на палках, и тем пространством, на котором стояли и стоят войска, — а победа нравственная, та, которая побеждает противника в нравственном превосходстве своего врага и своём бессилии, была одержана русскими под Бородиным. Французское нашествие, как разьярённый зверь, получивший в своём разбеге смертельную рану, чувствовало свою погибель... Прямым следствием Бородинского сражения было беспричинное бегство Наполеона из Москвы».
Мы пакідалі Барадзіно, калі неба слязілася дажджом, усё роўна як аплакваючы герояў 1812 года. На душы было светла, быццам пасля нядаўняга прычасця ў праваслаўным храме, непадалёк ад якога мы сабраліся на Пленум.
Пад чыстым небам
Пленум праходзіў пад адкрытым небам. У Прэзідыуме — Валерый Ганічаў, Генадзь Пашкоў, Сяргей Кацькала, Міхаіл Ножкін... Абмяркоўваліся пытанні патрыятызму, духоўнасці, намячаліся планы на будучае супольнае творчае жыццё.
У глыбокім, узважаным дакладзе Валерый Ганічаў звяртаў ўвагу на векапомныя традыцыі рускай літаратуры, згадваў Пушкіна, Тургенева, Ахматаву, многіх іншых паэтаў, празаікаў, публіцыстаў, для якіх патрятызм не пусты гук.
— Ідзе ў наступ амаральная, так званая масавая, разбэшчаная, «рублёвая» культура, гэткі літаратурны балаганчык, — гаварыў Валерый Мікалаевіч. — Мэта яе пазбавіць народ Памяці. І ў нас ёсць прэтэнзіі да ўлады. Практычна не працуе камісія па барацьбе з фальсіфікацыяй гісторыі. У Вялікую Айчынную вайну супраць СССР ваявала амаль уся Еўропа. Напрыклад, тысячы французскіх легіянераў ваявалі з беларускімі партызанамі, палілі вёскі з людзьмі, расстрэльвалі мірных жыхароў, а мы ўсё пішам пра сорак лётчыкаў з «Нармандыі „Нёман“». Хвала ім. Часта паўпраўда горшая за няпраўду.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў Пленума, Ганічаў пытаў: «Дзе ў нас помнікі „певцу в русском стане“ Жуковскому, адміралу Шышкову, у рэшце рэшт, граданачальніку Масквы Растопчыну?» І сам жа адказваў: "Гэтыя людзі не ўпісваюцца ў шэраг масавай, абязлічанай культуры.
Прасякнутымі духам патрыятызму, сяброўства і духоўнага адзінства славянскіх народаў былі выступленні Генадзя Пашкова, Міхаіла Ножкіна. Сваё важкае слова сказаў Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
Сустрэчы на славутай Барадзінскай зямлі, шчырыя гутаркі, песні, наведванні цэркваў, манастыроў, экскурсія па Мажайску і яго ваколіцах запомняцца назаўсёды.
А вечарам у Мажайску, у Палацы культуры, для жыхароў горада быў арганізаваны выдатны літаратурна-музычны канцэрт. Выступленні паэтаў, літаратараў з Расіі і Беларусі перамяжоўваліся з выдатнымі выступленнямі дзеячаў музычнай культуры, а таксама самадзейных калектываў Падмаскоўя.
Гэта было ўражлівае сугучча роднасных душ і галасоў.
Васіль ШЫРКО,
галоўны рэдактар часопіса «Белая вежа», лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь
Мінск — Смаленск — Мажайск — Барадзіно — Мінск