Я – сын Ваш. Летопись белорусской шляхты.

По вопросам приобретения книги обращайтесь в магазин «Академическая книга»

Вольга Крукоўская

Падзея



Дзень беларускага пісьменства ў Глыбокім

Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства адзначаўся ў гарадах — гістарычных цэнтрах культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Глыбокае, якое сёлета 1 — 2 верасня сустракала свята, цалкам адпавядае гэтым крытэрыям: горад мае багатую гісторыю (першыя пісьмовыя згадкі знаходзім пад 1514 г. у Метрыцы ВКЛ), знакамітых ураджэнцаў (Я. Драздовіч, В. Ластоўскі, П. Сухі, П. Мядзёлка, М. Мінскі і інш.). Гісторыка-культурная спадчына Глыбокага і Глыбоцкага раёна таксама ўражвае (больш за 60 помнікаў архітэктуры, 17 храмаў — помнікаў архітэктуры, сярод якіх 4 — помнікі рэспубліканскага значэння, курганы, дэндрарый).

Свята ладзілася пад знакам Года кнігі, а таксама юбілейных дат класікаў нацыянальнай літаратуры Якуба Коласа і Янкі Купалы. Арганізатарамі выступілі міністэрствы інфармацыі, культуры, адукацыі, спорту і турызму, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія, Віцебскі абласны выканаўчы камітэт, Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, грамадскае аб’яднанне «Саюз пісьменнікаў Беларусі».

Пачалося свята 29 жніўня ў Мінску каля Свята-Духава Кафедральнага сабора традыцыйнайнавукова-асветніцкай экспедыцыяй «Дарога дасвятыняў» і рушыла да Глыбокага з Дабрадатным агнём ад Гроба Гасподняга. Першы прыпынак быў зроблены на Святым полі каля вёскі Загор’е, дзе вясной 1983 г. была знойдзена Загор’е-Сталавіцкая цудатворная ікона Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Каля трох крыжоў памяці і каменя пакаяння адслужана ліція. Далей маршрут экспедыцыі праходзіў праз вёскі Лясная, Моўчадзь, Талачын, Багушэўск, Лёзна, Езярышча, Улу, Асвею. Па ўсім шляху кожны раён, горад, вёска ўрачыста ў вышываных мяшэчках, у капсулах перадавалі ўдзельнікам экспедыцыі зямлю як сімвал супольнай малітвы за Беларусь, за верацярпімасць і еднасць для саду Малітвы ў Глыбокім. А 1 верасня райцэнтр сустракаў гасцей: распачаўся святочны дзень адкрыццём мемарыяльнай дошкі ў гонар публіцыста Лявонція Ракоўскага, Нацыянальная бібліятэка Беларусі запрасіла на выставу «Паэтычная гасцёўня», прысвечаную творчасці народных паэтаў Я. Купалы, Я. Коласа і М. Танка, Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік падрыхтаваў выставу друкаваных рарытэтаў «Прысвячэнне Году кнігі». Падведзены вынікі і ўзнагароджаны пераможцы ХХ Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры», адбыўся міжнародны круглы стол «Пісьменнік. Кніга. Час». Сярод запрошаных — паэты, празаікі, драматургі і публіцысты Расіі, Украіны, Сербіі, Чарнагорыі, Азербайджана, Туркменістана. Удзельнікі абмяркоўвалі ролю і месца літаратуры і пісьменніка ў сучасным грамадстве, эстафету падхапіла навукова-практычная канферэнцыя «Глыбоцкія чытанні».

Юныя чытальнікі Глыбоцкага раёна ўдзельнічалі ў конкурсе «Жывая класіка». Гэты конкурс упершыню ўключаны ў праграму свята беларускага пісьменства (ініцыятарамі выступілі выдавецтва «Літаратура і Мастацтва», часопіс «Вясёлка», Міністэрства інфармацыі і Глыбоцкі райвыканкам). Мяркуецца, што спаборніцтва стане штогадовым і атрымае статус рэспубліканскага. Вячэрнюю праграму пачаў канцэрт ансамбля народнай музыкі «Бяседа», падхапілі творчыя калектывы вобласці, этнадыскатэка «Старадаўнія рытмы» завяршыла насычаную праграму першага дня свята.

Асноўныя мерапрыемствы Дня беларускага пісьменства былі запланаваны на 2 верасня і распачаліся ў Кафедральным саборы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы Божай Літургіяй. На свяце прысутнічалі намеснік прэм’ер-міністра, старшыня арганізацыйнага камітэта па правядзенні Дня беларускага пісьменства Анатоль Тозік, міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі, міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, намеснік дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Іван Бамбіза, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат, епіскап Барысаўскі, вікарый Мінскай епархіі Веніямін, прадстаўнікі дыпламатычных місій, гарадоў-партнёраў Глыбокага з Латвіі, Літвы, Расіі, Францыі і інш.

Галоўнай сцэнічнай пляцоўкай абралі цэнт-ральную плошчу горада. Ганаровыя знакі-сімвалы «Залаты Купідон» (статуэткі) былі ўручаныпераможцам Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Лепшы твор 2011 года». У намінацыі «Паэзія» найлепшым стаў зборнік вершаў «Дзве зары» віцебскага паэта Алега Салтука. Сярод празаікаў перамог аўтар гістарычных раманаў Мікалай Ільінскі. Найлепшым публіцыстам быў названы Славамір Антановіч. Мікола Маляўка, які распавёў дзецям пра Якуба Коласа, адзначаны ў намінацыі «Дзіцячая літаратура». За творчыя партрэты дзеячаў беларускай літаратуры і культуры ў намінацыі «Крытыка і літаратуразнаўства» ўзнагароду атрымаў Зіновій Прыгодзіч. Найлепшым з драматургаў прызнаны Фёдар Палачанін (кніга «Зраненае сэрца»). Сярод краязнаўцаў быў адзначаны заснавальнік серыі «Летапіс беларускай шляхты» Анатоль Статкевіч-Чабаганаў. У намінацыі «Гумар і сатыра» ўзнагароду атрымала Юлія Зарэцкая, аўтар кнігі «Шчаслівыя людзі». Найлепшым пісьменнікам-перакладчыкам быў названы Уладзімір Скарынкін, які займаўся перакладамі твораў Дантэ Аліг’еры і Франчэска Петраркі. У намінацыі «Песенны жанр» перамог Іван Юркін.

Плошча 17 верасня займала не менш значнае месца ў праграме святочных мерапрыемстваў: менавіта тут ладзіўся фестываль кнігі і прэсы — адбываліся сустрэчы з пісьменнікамі, выдаўцамі, журналістамі, прайшла прэзентацыя выдавецкіх праектаў, выстава «СМІ Віцебшчыны», працавалі павільёны «Сучасная беларуская кніга і прэса», «Паліграфічныя абсягі», «Праекты саюзнай дзяржавы». У скверы на плошчы ўрачыста адкрылі Алею знакамітых землякоў-глыбачан: бронзавымі бюстамі ўганараваны Іосіф Корсак — мецэнат, на сродкі якога ў Глыбокім пабудаваны касцёл кармелітаў, Троіцкі касцёл і іншыя, Язэп Драздовіч — пісьменнік, мастак, фалькларыст, археолаг, Ігнат Буйніцкі — заснавальнік айчыннага тэатра, Алесь Дубровіч — паэт, удзельнік вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, Пётр Казлоў — Герой Савецкага Саюза, генерал-лейтэнант, Вацлаў Ластоўскі — пісьменнік, гісторык, першы дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея, Эліэзер Бэн-Ягуда — стваральнік дзяржаўнай мовы іўрыт Рэспублікі Ізраіль, Павел Сухі — генеральны канструктар авіяцыйнай тэхнікі Галоўнага навукова-даследчага авіяцыйнага цэнтра Савецкага Саюза.

Вуліцы горада ператварыліся ў тракты турыстычны, нацыянальных культур, дзе ладзіліся выставы-прэзентацыі, кірмашы, тэатралізаваныя прадстаўленні. «Віцебшчына хлебасольная» — менавіта такую назву атрымала выстава-кірмаш па-надворкаў гарадоў і раёнаў вобласці. Кожны панадворак — тэматычна адметны: тут і «Хата паляўнічага» з сапраўднымі пудзіламі звяроў, і «Залаты карась» з не менш сапраўднай русалкай, «Сямейная пасека» частавала мёдам і знаёміла з асаблівасцямі пчалярскай працы, прапаноўвалі на тракце «чай, лекі з народнай аптэкі», бульбу, бо «бульба сёння, бульба ўчора, а без бульбы — проста гора». Літоўскі, украінскі, армянскі, яўрэйскі і іншыя панадворкі вабілі наведвальнікаў нацыянальнымі песнямі, строямі і стравамі. Госці і жыхары Глыбокага маглі загадаць жаданне, якое абавязкова спраўдзіцца, бо «Мех шчасця» спрыяў у яго здзяйсненні, «Лава прымірэння» дапамагала дараваць крыўды. Паглядзець на горад з вышыні птушынага палёту можна было ў час паветранай вандроўкі на верталёце, які прымаў на борт усіх ахвотных з раніцы да вечара.

Горад майстроў сабраў кавалёў, ткачоў, ганчароў, мастакоў, разьбяроў па дрэве. Тут можна было навучыцца вырабляць ніткі з ільнотрасты (цяжкая праца, якой займаліся выключна жанчыны), паўдзельнічаць у майстар-класах па ткацтве, каб потым паспрабаваць зрабіць ручнік або дыванок, стаць кавалём уласнага шчасця ці «проста» зляпіць гаршчок або гарлач. А той, хто не хацеў «працаваць» у святочны дзень, мог паглядзець выступленні рыцарскага клуба, навучыцца румынскім, ірландскім і беларускім сярэднявечным танцам або далучыцца да буккросінгу.

Звонка, весела адспявала, адтанчыла свята, дадалася яшчэ адна старонка гісторыі, старонка цікавая, яркая, годная... Развіталіся госці, засталіся закладзеныя-адноўленыя традыцыі. Свята Слова працягвае вандроўку па краіне. Юбілейны дваццаты Дзень беларускага пісьменства будзе сустракаць Магілёўшчына, свята завітае ў Быхаў — менавіта ён сустрэне гасцей у 2013 годзе.

Вольга Крукоўская

Все статьи »