Наталля Ведрыч
СЫН ЗЯМЛІ БЕЛАРУСКАЙ
ДУХОЎНЫ ПОДЗВІГ АНАТОЛЯ СТАТКЕВІЧА-ЧАБАГАНАВА
Радкамі класіка рускай літаратуры Аляксандра Пушкіна — «исполнен труд, завещанный от Бога, мне грешному»— можна сказаць і пра кнігу «Я — сын Ваш» — сапраўдны духоўны подзвіг Анатоля Васільевіча Статкевіча-Чабаганава, беларускага даследчыка, фундатара, прадстаўніка старажытнага шляхецкага роду, узнагароджанага Рускай праваслаўнай царквой ордэнам Святога Роўна-апостальнага князя Уладзіміра і Беларускай праваслаўнай царквой медалём Свяціцеля Кірылы Тураўскага. Подзвіг чалавека, які на працягу не аднаго дзесяцігоддзя па крупінках збірае гісторыю свайго радаводу, знаходзіць паўзабытыя магілы, аднаўляе магільныя камяні продкаў, зберагаючы і вывучаючы мінулае, дбае пра будучыню.
Шмат гадоў жыцця А. Статкевіча-Чабаганава аддадзена працы ў архівах Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы. Генеалагічныя дрэвы, дакументы, фотаздымкі, месцы пражывання і пахаванняў, легенды, жыццёвыя гісторыі прадстаўнікоў роду склалі рэдкі па сваёй сістэмнасці матэрыял даследавання. Прасочана геаграфія рассялення, купля-продаж зямлі, уласнасці, шматлікія пераезды... Прапушчаны праз уласнае сэрца жыццёвыя поспехі і трагічнасць лёсаў, духоўная моц і высакароднасць знакамітых продкаў.
Дакументы кожнага роду пачынаюцца звычайна справай пра дваранскае паходжанне. Да яе дадаюцца запісы з метрычных кніг, прашэнні, рапарты аб зацвярджэнні ў дваранстве, дакументы пра аб’яўленне падзякі за ахвяраванні, артыкулы з энцыклапедый і многае іншае.
Дакументальна пацверджанай, як і кожны матэрыял у кнізе, з’яўляецца інфармацыя пра герб роду Статкевічаў, што, як вядома, прысвойваўся за сапраўдную адвагу, меў розныя сэнсы, але заўсёды пацвярджаў «чалавечую годнасць». Анатоль Васільевіч, які ад маці атрымаў у спадчыну прыналежнасць да гэтага роду, змог даследаваць больш за трыццаць вядомых шляхецкіх родаў Беларусі — сваіх прамых продкаў.
Статкевічы, Карафа-Корбуты, Рудзінскія, Тычыны, Ждановічы-Гурыновічы, Сыцько, Ліпскія, Забэлы, Татуры, Некрашэвічы, Глінскія-Ліхадзіеўскія, Рэуты і шэраг іншых прозвішчаў складаюць ядро радаводу.
Магчыма, А. Статкевічу-Чабаганаву адзінаму з беларусаў удалося даследаваць лёс свайго роду за пяць апошніх стагоддзяў. Зроблены важкі крок чалавека, сына беларускай зямлі, да свайго першароднага пачатку, сваіх каранёў. Па сутнасці, кніга, рэцензентам якой з’яўляецца вядомы беларускі гісторык, доктар гістарычных навук Г. Галенчанка, сталася летапісам беларускай шляхты на матэрыяле даследаванняў радаводу аўтара. Такое вяртанне да вытокаў пад сілу далёка не кожнаму. Думаецца, прыклад дбайнага рупліўца, захавальніка і зберагальніка духоўных каштоўнасцей свайго роду — магутны доказ сыноўняй любові да продкаў, роднай зямлі і яе народа.
Разумеючы неардынарнасць асобы, мы ўсё ж не стрымаліся, каб не спытаць госця нашага часопіса, адкуль у яго патрэба па меры сіл і магчымасцей аказваць матэрыяльную дапамогу ў аднаўленні разбураных храмаў, рэстаўрацыі старажытных ікон. Ён адказаў годна і сціпла: «Я думаю, гэта ад маіх продкаў».
...Канец 1960-х. Студэнцкія гады, горад Ленінград. Пасля хрушчоўскай адлігі студэнцкая моладзь была сур’ёзна заклапочана новымі ганеннямі на культуру. Амаль не выдаваліся паэты сярэбранага веку. З вялікімі цяжкасцямі прабіваліся ў выдавецтвах кнігі па іканапісе, гісторыі праваслаўнай культуры. Пачалася новая кампанія супраць хрысціянскай веры. Усё гэта зноў і зноў вяртала памяць да трагедыі ўласнай сям’і і яе народа.
Вось у такой атмасферы і з’явілася мэта ў Анатоля Васільевіча — вярнуць з забыцця гісторыю свайго роду як часцінку нашай культуры.
На светаўспрыманне дапытлівага юнака паўплывалі захаваныя сямейныя гісторыі. Вось адна з іх. Яго бабуля Еўдакія Фёдараўна Казанкіна вянчалася 9 лістапада 1901 г. з Аляксандрам Мітрафанавічам Чабаганавым. Вянчанне адбылося ў Троіцкім саборы г. Буінска Сімбірскай губерні. Першыя гады маладой сям’і не шчасціла: некалькі дзяцей памерлі маленькімі. І тады Еўдакія пайшла ў пасёлак Прамзіна, дзе знаходзіўся вядомы на той час манастыр. Дарога доўгая — 150 кіламетраў трэба было прайсці пехатой. Так сталася, што пасля гэтага паломніцтва ў сям’і нарадзіўся здаровы сын. Гэта быў бацька Анатоля Васільевіча. А пасля нарадзілася яшчэ пяць хлопчыкаў...
Успамінае А. Статкевіч-Чабаганаў: «Часта гляджу на фотаздымак свайго дзеда Міхаіла Іванавіча Сацкевіча-Статкевіча, з якім лёс не дазволіў сустрэцца, і мне ўсё ярчэй бачыцца несправядлівасць тых гадоў. Нішчылася хрысціянская вера, тысячагадовая культура, векавыя традыцыі грамадства, права на ўласнасць і свабоду думкі. Аказаліся няўгоднымі мільёны людзей... І ўсё гэта ў імя „сусветнага шчасця“. А ці можа яно быць для адных, калі пабудавана на горы і няшчасці іншых? Няўгодным стаўся і мой дзед Міхаіл Сацкевіч-Статкевіч. Уся яго віна была ў тым, што паходзіў з „чужога“ — дваранскага — класа...
Мая бабуля Еўдакія Казанкіна была набожнай і адукаванай жанчынай. Закончыла гімназію. У яе доме зберагалася 24 іконы — цэлы іканастас. Кожны вечар і ў святы ўся сям’я малілася перад імі. У бабулі, яе сястры Пелагеі і цёці Нюры, маёй хроснай маці, былі добрыя галасы. Яны спявалі на „крыльце“, як раней называлася месца, дзе размяшчаўся царкоўны хор. Праваслаўная культура, духоўныя спевы ўмацоўвалі сям’ю. Да спеваў дома ставіліся шчыра, з любоўю. Так выхавала бабулю яе мама Марыя Аляксееўна.
Мой прапрадзед Якаў Сямёнавіч Сацкевіч-Статкевіч быў шчырым вернікам. Ён ішоў у царкву каб не толькі памаліцца, але і дапамагчы храму, калі была неабходнасць і патрэба ў падтрымцы. Пра гэта сведчаць некаторыя дакументы Мінскай духоўнай кансісторыі аб выдзяленні прадзедам грошай на рамонт царквы, ёсць падзяка 1836 г. ад архіепіскапа Мінскага і Гродзенскага Ніканора за перабудаванне царквы ў Пясочным. Якаў ахвяраваў на гэтую справу 50 рублёў срэбрам...»
Вяртаючыся да кнігі «Я — сын Ваш» А. Статкевіча-Чабаганава, хочацца зазначыць, што далучэнне аўтара да духоўнай культуры роду атрымала змястоўны вынік у напоўненым дакументальным матэрыялам, унікальным выданні.
Падзяляючы думку рэцэнзентаў кнігі пра тое, што яна адкрывае нам незвычайны феномен даследчыка, калекцыянера, «рэстаўратара» духоўных каштоўнасцей, прапаведніка гармоніі і прыгажосці — Анатоля Васільевіча Статкевіча-Чабаганава, — упэўнена, што гэта тытанічная праца вернага сына сваёй зямлі неўзабаве прыцягне ўвагу аматараў беларускай культуры і стане магутным стымулам для іншых у пошуку рэальных шляхоў вывучэння гісторыі сваіх радаводаў.
Наталля Ведрыч