Я – сын Ваш. Летопись белорусской шляхты.

По вопросам приобретения книги обращайтесь в магазин «Академическая книга»

Кацярына Караневіч

Да Года кнігі

«Роднае слова», 11/2012



ФЕНАМЕНАЛЬНАЯ ПАДЗЕЯ Ў БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ


Беларускі пісьменнік Анатоль Статкевіч-Чабаганаў на VII міжнародным конкурсе выданняў «Просвещение через книгу», які праходзіў у Маскве ў кастрычніку 2012 г., узнагароджаны дыпломам «За захаванне духоўнай і культурнай спадчыны» і спецыяльным прызам з выяваю Свяціцеля Філарэта, мітрапаліта Маскоўскага за кнігі з серыі «Летапіс беларускай шляхты».

Яшчэ раней, у лютым 2012 г., кніга «Статкевічы, Сацкевічы-Статкевічы герба «Касцеша», Карафа-Корбуты герба «Корчак» атрымала дыплом І ступені на 51-м Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі», а ў Дзень беларускага пісьменства Анатоль Васільевіч быў уганараваны «Залатым Купідонам» за лепшую кнігу 2011 г. у намінацыі «Краязнаўчая літаратура».

Набліжаецца да завяршэння 2012 год, адметны вялікай увагай да Кнігі не толькі ў нашай краіне, але і за мяжою, шматлікімі прафесійнымі і культурна-асветніцкімі мерапрыемствамі, ушанаваннем юбілеяў класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, арганізацыяй і правядзеннем рэспубліканскіх і міжнародных кніжных выстаў, сустрэч з пісьменнікамі...

Менавіта ў гэты час, пазначаны павышэннем ролі Кнігі ў грамадстве, адбылася знакавая, на нашу думку, падзея не толькі ў беларускай культуры, але і ў навуцы: выйшлі ў свет і высока ацэнены грамадскасцю кнігі-летапісы, кнігі-даследаванні пра старажытныя беларускія роды пісьменніка А. Статкевіча-Чабаганава.

У Год кнігі паважаны аўтар на дабрачыннай аснове падтрымаў фарміраванне фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, перадаўшы ў дар каля 700 экзэмпляраў сваіх кніг. З дапамогай Нацыянальнай бібліятэкі кнігі А. Статкевіча-Чабаганава распаўсюджаны ў бібліятэкі краіны і замежных дзяржаў — Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Літвы, Расіі, Украіны, Канады, Злучаных Штатаў, Англіі, Францыі і інш.

Упершыню мы пазнаёміліся з творчасцю Анатоля Статкевіча-Чабаганава на старонках часопіса «Роднае слова», прачытаўшы ў красавіку 2010 г. артыкул «Статкевічы, Сацкевічы-Статкевічы герба «Касцеша». Адразу адчулася жыццёвая праўда, інтэлігентная шчырасць, моцная энергетыка радка, добрае веданне тэмы. Яно і зразумела — аўтар распавядаў пра набалелае, перажытае ім і яго продкамі, якім як прадстаўнікам старажытнага дваранскага роду давялося спазнаць у жыцці горыч расчараванняў і трагедыю найвялікшых страт у пераломныя моманты гісторыі краіны.

Па сутнасці, пісьменнік паказаў праўдзівую гісторыю Айчыны ў асобах, раскрыў яе ў чалавека-знаўчым плане за пяць апошніх стагоддзяў. А гэта ўжо новы погляд на вывучэнне гісторыі, якую мы звычайна разглядаем праз прызму спосабу вытворчасці, ладу жыцця, значных падзей. А. Статкевіч-Чабаганаў ідзе ад аповеду пра лёсы як звычайных людзей, якія проста жылі на гэтай зямлі, сеялі хлеб, гадавалі дзяцей, марылі і спадзяваліся на лепшае, а калі трэба было абараняць сваю Айчыну, мужна змагаліся, не шкадуючы жыцця, так і вядомых, якія пакінулі адметны след у гісторыі. Як, скажам, мітрапаліт Кіеўскай і ўсяе Русі Грыгорый, архімандрыт Кіева-Пячэрскай лаўры Іван, якія служылі справе духоўнасці ў XV — XVI стст., як вядомы акадэмік і грамадскі дзеяч Сцяпан Некрашэвіч, як камандуючы ПДВ СССР генерал Казанкін... Кожны з герояў аповедаў А. Статкевіча-Чабаганава — рэальная асоба са сваім няпростым лёсам, пазначаным часам, у які давялося жыць.

Многім чытачам адразу захацелася больш даведацца пра наша мінулае. І пісьменнік не прымусіў доўга чакаць. У майскім нумары часопіса «Роднае слова» за 2010 г. быў змешчаны наступны артыкул пра старажытны род Карафа-Корбутаў. З’явіліся таксама аўтарскія публікацыі ў «Полымі», «Нёмане». І вось ужо на працягу амаль трох гадоў у «Родным слове» існуе пастаянная рубрыка «Вяртанне да вытокаў», дзе А. Статкевіч-Чабаганаў распавядае пра шматлікія дваранскія роды на Беларусі, шчодра дзеліцца ўнікальным па сваёй сутнасці матэрыялам.

Неўзабаве адна за адной выйшлі з друку чатыры кнігі з заснаванай даследчыкам серыі «Летапіс беларускай шляхты». На беларускай мове — у «Родным слове», на рускай — у выдавецтве «Беларуская Праваслаўная Царква». Такім чынам чытачы змаглі даведацца пра Сацкевічаў-Статкевічаў герба «Касцеша», Карафа-Корбутаў герба «Корчак», Некрашэвічаў герба «Любіч», Татураў герба «Данброва», Сеўрукаў герба «Курч», Кернажыцкіх герба «Юноша», Маствіловічаў герба «Даленга» і інш. Калі ўлічыць, што пісьменнік працаваў над серыяй кніг больш за дваццаць гадоў, то нічога дзіўнага тут няма. Захапляе іншае: навуковая дакладнасць, пацвярджэнне кожнага факта з біяграфіі герояў твораў шматлікімі архіўнымі дакументамі, глыбіня і маштабнасць матэрыялу. Прасочаны лёсы дзясяткаў тысяч людзей! Вызначана свая, аўтарская метадалогія даследавання, якой ужо можна навучаць паслядоўнікаў у гэтай найскладанейшай, але такой неабходнай для будучыні, для захавання гістарычнай памяці ў новых пакаленняў, справе.

Як адзначаў акадэмік Уладзімір Гніламёдаў у артыкуле «Пра мінулае — з сучасных пазіцый», ацэньваючы даследчую дзейнасць пісьменніка, нават «першыя крокі па рэалізацыі праекта А. Статкевіча-Чабаганава даюць падставы казаць пра нараджэнне новага напрамку ў сучаснай гістарычнай навуцы — родазнаўства, беларускага родазнаўства.

Па сутнасці, гэта новая гістарычная дысцыпліна, якая патрабуе сваёй методыкі і тэхнікі даследавання, бо не можа ўсё заставацца такім «як было», у век камп’ютараў і інтэрнэту».

Знаёмячыся з героямі твораў А. Статкевіча-Чабаганава, міжволі захапляешся іх высакароднасцю, шляхецкай годнасцю, мужнасцю і самапавагай, здавалася б, у самых безнадзейных жыццёвых сітуацыях. Адзін з іх — Павел Корбут, які, ратуючыся ад рэпрэсій, перабраўся з роднага Малінава ў Ленінград. Працуючы рабочым на заводзе, змог дабіцца прызнання, не раз выбіраўся дэпутатам, ніколі не забываў пра сваіх родзічаў, клапаціўся пра кожнага. І часта гэта дапамагала ім выжыць. Узгадаем хоць бы той выпадак, калі Павел Рыгоравіч праз увесь блакадны Ленінград нёс сваёй пляменніцы, якая хутка павінна была стаць маці, некалькі паленцаў дроў, каб абагрэць прамерзлы пакой. Чым не прыклад для сучаснай моладзі, як трэба шанаваць сваіх блізкіх?

Выклікае павагу асоба Генрыка Татура — вядомага беларускага археолага, гісторыка, краязнаўцу і калекцыянера, з якім, як адзначае даследчык, «наконт папаўнення калекцыі старажытнай зброі, а таксама бібліятэкі для Нясвіжскага замка раіўся князь Антон Радзівіл. З Татурам плённа супрацоўнічаў граф Чапскі».

Захапляе стойкасць духу Ганны Забэлы з роду Татураў, якая не скарылася пад націскам і не змяніла веру, што прыняла ад нараджэння. Ганна Самуілаўна памерла ў 1855 г., застаючыся каталічкай...

Сярод шматлікіх герояў кніг А. Статкевіча-Чабананава — архіепіскап Полацкі Яўфімій і ігумення Полацкая Настасія, войт горада Магілёва, сакратар каралеўскі Пётр Казановіч, князі Юхновічы-Бербашы і Глінскія-Ліхадзіеўскія, пачынальнік магутнага магнацкага роду Тышкевічаў Тышка Каленікавіч...

Сёлета, у год святкавання 200-годдзя Айчыннай вайны 1812 г., выйшла з друку чарговая кніга А. Статкевіча-Чабаганава пра старажытны магілёўскі дваранскі род Казановічаў герба «Гржымала». Яна стала значным унёскам у беларускую і расійскую культуру, своеасаблівым падарункам як да Года кнігі ў Беларусі, так і да расійскага Года гісторыі.

Многія з роду Казановічаў пакінулі яскравыя старонкі ў гісторыі. Узгадаем шасцярых сыноў Гаўрыіла Пятровіча Казановіча, якія сталі героямі Айчыннай вайны 1812 г. Цікава, што вобраз аднаго з прадстаўнікоў роду, Барыса Ільіча Казановіча, рускага генерала Белай гвардыі, Аляксей Талстой вывеў у рамане «Блуканне па пакутах» нават не змяніўшы прозвішча...

У пра дмове да кнігі «Казановічы герба «Гржымала» прафесар гісторыі Рускай Царквы і рускай філасофіі Свята-Сергіеўскага багаслоўскага інстытута ў Парыжы князь Дзмітрый Міхайлавіч Шахаўской, адзначаючы значнасць даследчай працы аўтара, гаворыць: «Без сумневу, даследаванне роду Казановічаў, многія пакаленні якога верай і праўдай служылі сваёй Айчыне, паказваючы прыклад дваранскай сама-свядомасці, мае вялікае значэнне як для сучаснай беларускай, так і для расійскай культуры».

Неабходна адзначыць, што кнігі А. Статкевіча-Чабаганава адразу прыцягнулі ўвагу крытыкаў і вядомых вучоных. З’явіўся шэраг станоўчых рэцэнзій, водгукаў, артыкулаў у часопісах «Роднае слова», «Полымя», «Архіварыус», «Минские епархиальные ведомости», «Беларусь» на беларускай, польскай, англійскай, іспанскай мовах; у газетах «СБ: Беларусь сегодня», «ЛіМ», «Звязда», «Белорусская Нива», «Настаўніцкая газета», «Комсомольская правда» і інш.

Часам за аналізам творчасці таго ці іншага пісьменніка неяк губляецца ўвага да асобы аўтара. А між тым, пэўныя, здавалася б, нязначныя дэталі ці факты з біяграфіі творцы могуць стаць ключавымі для разгадкі яго пісьменніцкага дару.

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў з дзяцінства ведаў пра ўласную прыналежнасць да старажытнага дваранскага роду, пра трагедыі, якія абрынуліся на сям’ю ў ХХ ст., і адна з іх — арышт і гібель дзеда, Міхаіла Іванавіча Сацкевіча-Статкевіча. Хлопчык адчуваў усім сэрцам той бясконцы боль, што давялося перажыць бабулі, Марыі Аляксандраўне, якую з малымі дзецьмі адправілі ў высылку ў Комі-Пярмяцкую акругу. Даведаўшыся праўду пра свой род, Анатоль Васільевіч зрабіў усё магчымае, каб данесці яе да людзей. І шчырае сыноўняе слова ператварылася ў магутны гімн свайму роду, а таксама яшчэ дзясяткам старажытных беларускіх родаў, сталася знакавай падзеяй не толькі ў Беларусі, але і за мяжою.

За высокі духоўны подзвіг Руская Праваслаўная Царква ўзнагародзіла А. Статкевіча-Чабаганава ордэнамі «Святой праведнай княгіні Сафіі Слуцкай», «Свяціцеля Кірылы Тураўскага І ступені», «Святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра ІІІ ступені», граматамі Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта, а таксама Святога Сінода Беларускай Праваслаўнай царквы ў памяць 400-годдзя скону святой праведнай Сафіі Слуцкай.

Праваслаўная Царква Чэшскіх зямель і Славакіі ўганаравала пісьменніка «Залатым медалём святых роўнаапостальных Кірылы і Мяфодзія», Акадэмія расійскай славеснасці — Пушкінскім медалём «Ревнителю просвещения», Расійская генеалагічная федэрацыя — медалямі «За вклад в развитие генеалогии и прочих исторических дисциплин» I і II ступені. Сёлета атрымана і яшчэ адна высокая ўзнагарода — імператарскі ордэн Святой Ганны ІІ ступені з Граматай Вялікай княгіні Марыі Уладзіміраўны (Главы расійскага імператарскага дома Раманавых) «...во внимание к усердным трудам во славу Русской Православной церкви, в воздаяние заслуг в деле возрождения и сохранения исторической памяти и славных традиций Отечества...»

У нашай краіне творчасць А. Статкевіча-Чабаганава таксама атрымала высокую ацэнку: аўтар уганараваны нагрудным знакам Міністэрства культуры «За ўклад у развіццё культуры Беларусі», граматай аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі «За значны ўклад у даследаванне беларускай генеалогіі і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі», Ганаровай граматай Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі «За выдатную працу па захаванні духоўных каштоўнасцей і культурнай спадчыны, бясцэнны асабісты ўклад у развіццё бібліятэчнай справы краіны».

Міжволі задумваешся, адкуль у Анатоля Васільевіча жаданне ахвяраваць, укладваць сродкі ў культурна-гістарычныя помнікі, аддаваць час на сапраўды тытанічную шматгадовую працу? Адказ просты, ён вынікае з тых самых біяграфічных фактаў — гэта генетычная памяць не дае прайсці міма разбуранага храма, прымушае на ўласныя сродкі ўладкоўваць помнікі Сафіі Слуцкай у Мінску і Слуцку, скіроўвае на пошукі і аднаўленне напаўзабытых магіл далёкіх родзічаў...

Чытаючы шматлікія архіўныя матэрыялы, даследаваныя аўтарам, бачыш, што прадстаўнікі роду Сацкевічаў-Статкевічаў заўсёды вылучаліся моцным характарам і добрымі справамі. Узгадаем дзеля прыкладу некалькі радкоў з першай кнігі «Статкевічы, Сацкевічы-Статкевічы герба «Касцеша», Карафа-Корбуты герба «Корчак»: «Якаў быў шчырым вернікам. Пры неабходнасці аказваў храму дапамогу. Як сведчаць дакументы Мінскай духоўнай кансісторыі ад 1836 г. на перабудаванне царквы ў Пясечным мой продак ахвяраваў 50 рублёў срэбрам, за што і атрымаў падзяку ад архіепіскапа Мінскага і Гродзенскага Ніканора».

Беларускія навукоўцы, думаецца, яшчэ дадуць глыбокую ацэнку даследчай дзейнасці А. Статкевіча-Чабаганава. Але і сёння ўжо відавочна, што гэта — фенаменальная падзея ў культуры і гісторыі нашай краіны. Адзін чалавек, парастак магутнага радаводнага дрэва, змог аднавіць, вывучыць, даследаваць і зберагчы для нашчадкаў гісторыі тысячаў лёсаў родзічаў. І якім абярэгам адразу паўстае духоўная энергія продкаў для сучаснікаў, і тых, хто яшчэ народзіцца на свет! Як мацуецца жыватворнымі сокамі магутнае радаводнае дрэва!

...Рыхтуецца да друку чарговая кніга А. Статкевіча-Чабаганава, якая пазнаёміць чытачоў з прадстаўнікамі старажытных беларускіх родаў Забэлаў, Сыцько, Рудзінскіх, Ждановічаў-Гурыновічаў, Тычынаў.

Віншуем пісьменніка са шматлікімі ўзнагародамі, жадаем яму цікавых адкрыццяў і плёну ў нястомных даследчых пошуках. Чакаем яго новых твораў, якія стануцца значным унёскам у развіццё і захаванне беларускай культуры.

Кацярына КАРАНЕВІЧ.
Пераклад з рускай мовы.
Аўтар ахвяруе ганарар на развіццё часопіса

Все статьи »